997-мы дзень вайны. Зяленскі назваў умовы для дыялогу з Крамлём
Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыма Лукашэнкі.
Расійскія захопнікі акупавалі сяло Максімаўка Валнавахскага раёна Данецкай вобласці, а таксама прасунуліся каля Бераставога, Кляшчыеўкі, Андрэеўкі, Навааляксееўкі, Наваселідаўкі, Елізаветаўкі, Раўнаполя, у Сотніцкай Казачцы і Новай Ільінцы. Пра гэта паведамляе маніторынгавы праект DeepState.
Паводле даных Генштаба УСУ, усяго з пачатку мінулых сутак адбылося 157 баявых сутыкненняў. Найбольшая колькасць баёў адбылася на Пакроўскім і Курахоўскім напрамках.
Расійскія захопнікі нанеслі адзін ракетны (1 ракета), 42 авіяцыйныя (69 КАБ) удары па тэрыторыі Украіны. Акрамя гэтага, было задзейнічана 689 дронаў-камікадзэ і ажыццёўлена больш за 3800 абстрэлаў па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
На Харкаўскім кірунку праціўнік спрабаваў штурмаваць пазіцыі УСУ каля Ваўчанска і Высокай Яругі і сем нападаў былі адбітыя сіламі абароны.
На Купянскім кірунку расійцы праводзілі наступальныя дзеянні ля Калеснікоўкі, Капанак і Надзежды: чатырнаццаць баёў завершаны.
На Ліманскім кірунку расійскія захопнікі 16 разоў штурмавалі пазіцыі сіл абароны паблізу Наваягораўкі, Макееўкі, Цернаў і Торскага.
На Тарэцкім кірунку пры падтрымцы бамбардзіровачнай авіяцыі агрэсары здзейснілі дзевяць штурмавых дзеянняў. Захопнікі штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх падраздзяленняў каля Тарэцка, Дыліеўкі і Шчарбінаўкі. Восем нападаў адбітыя.
Пакроўскі кірунак з пачатку сутак расійцы 35 разоў атакавалі ў раёнах Міралюбаўкі, Луча, Лісоўкі, Пятроўкі і Пустынкі. УСУ адбілі 34 атакі.
На Курахоўскім кірунку захопнікі атакавалі 34 разы паблізу Берасткоў, Наваселідаўкі, Вазнясенкі, Навадзмітроўкі, Максімільянаўкі, Далёкага і Антонаўкі. 14 нападаў акупантаў ужо адбіта.
На Урэмаўскім кірунку баі працягваліся паблізу Трудавога, Раўнаполя і Навадараўкі.
На Прыдняпроўскім кірунку сіламі абароны Украіны спынена пяць спробаў акупантаў атакаваць.
У Курскай вобласці РФ украінскія вайскоўцы адбілі 21 атаку.
Пад раніцу расійцы атакавалі Запарожжа і Запарожскі раён беспілотнікамі, пашкодзілі аб'ект крытычнай інфраструктуры. Як паведаміў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Іван Фёдараў, паводле папярэдніх звестак, абышлося без пацярпелых. Ён адзначыў, што выбуховай хваляй знявечаныя гандлёвыя памяшканні і дарожнае пакрыццё.
У ноч на 16 лістапада ў Кіеве пашкоджанням падвергнулася жылая інфраструктура з-за атакі расійскіх дронаў. «У выніку паветранай атакі дронаў Узброеных сіл РФ у Абалонскім раёне сталіцы зафіксавана пашкоджанне жылой інфраструктуры», — гаворыцца ў паведамленні гарадской адміністрацыі.
У мэрыі адзначаюць, што праз падзенне абломкаў у шматпавярховым жылым доме адбылося пашкоджанне балконаў і вокнаў: «Інфармацыі аб верагодным пажары не паступала. Звестак аб пацярпелых няма. Аператыўная зводка абнаўляецца і ўдакладняецца».
Перамовы з Расіяй магчымыя пры ўмове, што Украіна будзе моцнай, заявіў у інтэрв'ю «Украінскаму радыё» прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Таксама ён даў зразумець, што не пойдзе на перамовы з Масквой сам-насам. Паводле яго слоў, яны магчымыя, але не сам-насам «з забойцам».
Як заявіў Зяленскі, Пуцін хоча цяпер дамаўляцца на капітуляцыйных умовах па Украіне, але «гэтага не будзе», яму не дадуць: «Перамовы з РФ магчымыя пры ўмове, што Украіна будзе моцнай. Калі мы гаворым з Пуціным, і мы ў тых умовах, у якіх мы цяпер, не ўзмоцненыя, — гэта пройгрышны статус для Украіны. Гэта не пра справядлівы мір. Безумоўна, у слабой сітуацыі няма чаго рабіць на гэтых перамовах».
Паводле слоў Зяленскага, вельмі важная пазіцыя пераабранага прэзідэнтам ЗША Дональда Трампа: «Вельмі важны настрой Амерыкі да Украіны. Яны на баку Украіны сёння. Важна гэта. Амерыка павінна захаваць пазіцыю падтрымкі Украіны ў тым, што Расія — агрэсар. Гэты статус павінен застацца».
Каментуючы заявы дарадцаў Трампа аб неабходнасці замарозкі вайны, Зяленскі заявіў: «Я сур'ёзна буду ставіцца да размовы толькі з прэзідэнтам ЗША (Трампам). Пры ўсёй павазе да любога акружэння. Гэта наш узровень, узровень прэзідэнтаў. Усё павінна быць згодна з заканадаўствам. Пакуль ён не прайшоў інаўгурацыю, яны не могуць удзельнічаць ва ўсіх працэсах і ставіць на чымсьці кропку. У іх няма такіх паўнамоцтваў».
Нагадаем, напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што пры адміністрацыі Дональда Трампа вайна ва Украіне завершыцца хутчэй: «Безумоўна, з палітыкай гэтай каманды, якая цяпер узначаліць Белы дом, вайна скончыцца хутчэй. Гэта іх падыход, іх абяцанне свайму грамадству, і для іх гэта таксама вельмі важна».
Сам жа Трамп заяўляў, што вайну ва Украіне «трэба спыніць» як мага хутчэй. Паводле слоў палітыка, яго адміністрацыя засяродзіцца на расійска-ўкраінскай вайне і пошуку шляхоў яе хуткага завяршэння.