963-ці дзень вайны: войска РФ тэхналагічна даганяе УСУ дзякуючы Starlink — ISW

Украіна хоча аслабіць перавагі РФ у жывой сіле і матэрыяльнай частцы за кошт тэхналогій, але РФ дзякуючы Starlink можа дамагчыся тэхналагічнага парытэту. Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

 Starlink на фронце. Ілюстрацыйная выява, Wondering-coder

 Starlink на фронце. Ілюстрацыйная выява, Wondering-coder

Расейскія акупанты ўсё часцей на поле бою спадзяюцца на незаконна атрыманыя тэрміналы Starlink, спрабуючы дасягнуць тэхналагічнага парытэту з украінскімі вайскоўцамі. З дапамогай такіх тэрміналаў захопнікі спрабуюць палепшыць баявую каардынацыю і эфектыўнасць свайго тактычнага разведвальна-ўдарнага комплексу ва Украіне.

Гэта адзначаюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW). Яны лічаць, што тэрміналы Starlink ужо дапамаглі акупантам атрымаць некаторыя баявыя поспехі на фронце, піша glavred.info.

Украінскія вайскоўцы, якія ваююць у Данецкай вобласці, распавялі выданню The Washington Post, што Starlink усё часцей з'яўляюцца на расейскіх перадавых пазіцыях. Незаконна атрыманыя тэхналогіі дапамагаюць захопнікам вырашаць праблемы, якія захоўваюцца з баявой каардынацыяй і сувяззю, адначасова павялічваючы дакладнасць тактычнага агню.

Са слоў камандзіра ўкраінскага ўзвода БПЛА, які дзейнічае недалёка ад Наваградаўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска), украінскія выведвальныя беспілотнікі пачалі шырока фіксаваць тэрміналы Starlink на расейскіх пазіцыях у гэтым раёне ў верасні 2024 года.

У выданні адзначаюць, што ўкраінскія ваяры часткова прыпісваюць выкарыстанню захопнікамі тэрміналаў Starlink нядаўнія расейскія баявыя поспехі, улічваючы захоп Расеяй Вугледара ў канцы верасня.

У той жа час аналітыкі ISW нагадалі, што Украіна раней дзякуючы доступу ўкраінскіх вайскоўцаў да Starlink мела тэхналагічную перавагу для правядзення эфектыўнай баявой каардынацыі і ўкаранення новых распрацовак у сістэму кіравання боем. Цяпер, калі краіна-агрэсар Расея пашырае ўласнае выкарыстанне такіх тэрміналаў, гэта можа аслабіць перавагі Украіны на фронце.

Расійскія вайскоўцы расстралялі ўкраінскіх ваеннапалонных

Расейскія вайскоўцы расстралялі дзевяць украінцаў, якія здаліся ў палон у Курскай вобласці, сцвярджае ўкраінскі OSINT-праект DeepState са спасылкай на крыніцы ва УСУ. У пацвярджэнне праект апублікаваў фатаграфію, на якой меркавана расстраляныя вайскоўцы ляжаць у адных трусах тварам у зямлю.

photo_2024_10_13_12_35_09.jpg

Як распавялі DeepState ў 1-й асобнай танкавай брыгадзе Сухапутных войскаў УСУ, палонныя былі аператарамі беспілотнікаў, іх расстралялі 10 кастрычніка ў раёне населенага пункта Зялёны Шлях. У іх скончыліся боепрыпасы і яны вымушаныя былі здацца, піша праект.

Амбудсмен Дзмітрый Лубінец звярнуўся да ААН і МКЧК наконт выпадку расстрэлу ваеннапалонных у Курскай вобласці.

“Такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі. Гэтыя дзеянні не павінны застацца беспакаранымі, і вораг павінен панесці ўсю адказнасць. Расея — гэта краіна-тэрарыст, якая парушае ўсе правілы і звычаі вайны. Міжнародная супольнасць не павінна заплюшчваць вочы на такія злачынствы”, — сказаў ён.

Шольц не хоча перадаваць Украіне цяжкую тэхніку, — Bild

Выданне піша, што ў краіны засталося яшчэ амаль 300 танкаў Leopard 2, БМП, а таксама нявызначаная колькасць гаўбіц, аднак у Мінабароны Германіі сумняюцца, што Украіна ў бліжэйшы час зможа пачаць контрнаступленне для вызвалення тэрыторый. 

Акрамя гэтага ў матэрыяле гаворыцца, што канцлер таксама не даў станоўчага адказу на просьбу аб дазволе ўдараў углыб РФ і пастаўках дальнабойных ракет Taurus, аднак і не адмовіў катэгарычна.

УСУ маглі збіць расейскі Су-34 са знішчальніка F-16, а акупанты наракаюць на зношанасць самалётаў, — ISW

photo_2024_10_13_12_40_48.jpg

У Інстытуце вывучэння вайны адзначаюць, што ўчора расейскія ваенкары заяўлялі пра тое, што Су-34 мог быць збіты са знішчальніка F-16, калі спрабаваў запусціць ФАБ за 50 км ад лініі фронту. 

У той жа час крамлёўскія прапагандысты ў сацсетках сцвярджалі, што самалёт мог пацярпець крушэнне з-за тэхнічнай няспраўнасці або чалавечай памылкі. Пазней акупанты пісалі, што калі ўлічыць такі сцэнар, то гэта ўсё роўна падкрэслівае зношаны стан самалётаў, а таксама ператамленне пілотаў і іх непрафесіяналізм. 

Разам з гэтым пракрамлёўскіх ваенкараў абвінавацілі ў хлусні і заявілі, што яны перашкаджаюць распрацоўцы планаў процідзеяння F-16.

Калі інфармацыя аб збіцці Су-34 пры дапамозе F-16 пацвердзіцца, то гэта стане першым выпадкам збіцця расейскага самалёта пададзеным заходнімі партнёрамі знішчальнікам.

*****

РФ ноччу запусціла па Украіне 68 дронаў з іх быў збіты 31 дрон у Кіеўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Сумскай і Чаркаскай абласцях. 36 расейскіх беспілотнікаў лакацыйна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, як мяркуецца, у выніку актыўнага процідзеяння РЭБ.

Таксама акупанты ўдарылі па Палтаўскай вобласці і Адэшчыне двума балістычнымі ракетамі Іскандэр-М, а па Чарнігаўшчыне і Сумшчыне – двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59.

*****

За мінулыя суткі войска РФ страціла 1300 чалавек асабовага складу, паведамляе Генштаб Украіны.

Страты ў тэхніцы склалі:

  • 9 танкаў;
  • 49 бронемашын;
  • 29 артылерыйскіх сістэм;
  • 1 РСЗА і 2 СПА;
  • 45 БПЛА;
  • 71 транспартны сродак;
  • 1 адзінку спецтэхнікі.