765-ты дзень вайны: збіты самалёт у Севастопалі, расійскія атакі ракетамі па Украіне
Расіяне атакавалі Львоўскую, Днепрапятроўскую, Чаркаскую і іншыя вобласці Украіны, у акупаваным Крыме збілі ваенны самалёт, Германія і Чэхія перадалі ваенную дапамогу Украіне.
***
Супрацьпаветраная абарона Украіны ў ноч на 29 сакавіка знішчыла 84 з 99 паветраных цэляў Расіі.
Да адбіцця ракетна-авіяцыйнага ўдару прыцягнутыя зенітныя ракетныя падраздзяленні паветраных сіл і сухапутных войскаў, мабільныя агнявыя групы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы сіл абароны Украіны.
У выніку супрацьпаветранага бою знішчаныя 84 паветраныя цэлі:
— 58 ударных БПЛА тыпу «Shahed-136/131»;
— 17 крылатых ракет Х-101/х-555;
— 5 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59;
— 4 крылатыя ракеты «Іскандэр-К».
***
Уначы 29 сакавіка расійскія захопнікі падчас масіраванай камбінаванай атакі чарговым разам ударылі па энергетычных аб'ектах. Пацярпелі цеплавыя і гідраэлектрастанцыі ў Цэнтральным і Заходнім рэгіёнах. Цяпер на Днепрапятроўшчыне ўжытыя аварыйныя адключэнні, на Харкаўшчыне запланаваны графік пагадзінных адключэнняў.
У Мінэнерга ўдакладнілі, што вораг біў па аб'ектах у Днепрапятроўскай, Палтаўскай, Чаркаскай абласцях. Мэтай атакі дронамі і ракетамі былі аб'екты генерацыі электраэнергіі.
***
Паблізу Севастопаля ў акупаваным Крыме ўпаў расійскі баявы самалёт.
У мясцовых Telegram-каналах апублікавана відэа самалёта, які гарыць і падае. «У Севастопалі расіяне збілі ўласны самалёт — ён узлятаў з аэрадрома Бельбек», — сказана ў адным з іх.
Перад гэтым у рэгіёне прагрымеў выбух. Паводле непацверджанай інфармацыі, над Севастопалем расіяне збілі ўласны знішчальнік Су-27, а пілот катапультаваўся.
***
Расіяне ўначы 29 сакавіка накіравалі дзве ракеты тыпу «кінжал» на Львоўшчыну.
Ноччу Львоўшчыну атакавалі 11 расійскіх беспілотнікаў і дзве ракеты тыпу «кінжал». Усе 11 беспілотнікаў былі знішчаныя. Ракеты збіць не ўдалося. Абломкі варожай зброі пашкодзілі аб'ект крытычнай інфраструктуры вобласці, абышлося без загінулых і траўмаваных.
***
6 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу пасля масіраванага ракетнага абстрэлу РФ.
Больш за 150 ратавальнікаў і 35 спецыялізаваных аўтамабіляў ДСНС працуюць над ліквідацыяй наступстваў начных і ранішніх удараў Расіі па Украіне.
Разбурана каля 10 прыватных дамоў, яшчэ дзясяткі — пашкоджаныя. Следчыя фіксуюць злачынствы РФ, з пацярпелымі працуюць псіхолагі ДСНС і Нацыянальнай паліцыі.
***
Падчас масіраванай атакі расійскіх войскаў у ноч на 29 сакавіка над Днепрапятроўскай вобласцю сілы СПА збілі 12 беспілотнікаў і 12 ракет, ёсць пацярпелыя і пашкоджанні энергетычнай інфраструктуры.
На адным з іх пацярпеў мужчына. Яму аказалі неабходную медыцынскую дапамогу.
У Каменскім, дзе вораг разбіў дачны кааператыў, яшчэ пяцёра параненых. Сярод іх — 5-гадовая дзяўчынка. Дзіцяці аказалі меддапамогу. Пацярпелі жанчыны 19 і 47 гадоў. Двое мужчын, 36 і 47 гадоў, шпіталізаваныя. Адзін з іх у цяжкім стане.
Разбураныя 3 дачныя дамы, яшчэ 4 — пашкоджаныя. Былі знішчаны аўтамабілі.
З-за атакі на Нікапаль, якая адбылася пад вечар чацвярга, пашкоджаны санаторый, 3 прыватныя дамы, гаспадарчыя пабудовы.
Ноччу вораг ударыў па Марганецкай суполцы і Нікапалю. Знішчана крама. Пашкоджаны павільён па рамонце адзення. Пяцерпелых няма.
***
За мінулыя суткі страты расійскіх акупантаў на фронце склалі яшчэ 820 ваенных забітымі і параненымі, усяго з пачатку вайны УСУ абясшкодзілі 440 790 захопнікаў, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 29.03.24 арыентыровачна склалі:
- асабовага складу — каля 440 790 (+820) чалавек,
- танкаў — 6922 (+8) адз.,
- баявых браніраваных машын — 13 264 (+27) адз.,
- артылерыйскіх сістэм — 10 991 (+28) адз.,
- РСЗА — 1023 (+2) адз.,
- сродкаў СПА — 735 (+6) адз.,
- самалётаў — 347 (+0) адз.,
- верталётаў — 325 (+0) адз.,
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8656 (+56) адз.,
- крылатых ракет — 2022 (+5) адз.,
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.,
- падводных лодак — 1 (+0) адз.,
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 645 (+50) адз.,
- спецыяльнай тэхнікі — 1807 (+7) адз.
***
Германія дала Украіне вялікі пакет зброі.
Нямеччына перадала Украіне чарговы пакет вайсковай дапамогі. У прыватнасці, УСУ атрымалі пяць гусенічных машын павышанай праходнасці Warthog у якасці рамонтна-эвакуацыйнай тэхнікі, а таксама яшчэ дзевяць — у ролі камандных машын. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы атрымалі снарады для танкаў Leopard 2 A6 і артылерыі, новыя дроны і іншы рыштунак.
***
Удзельнікі ініцыятывы Чэхіі па закупцы артылерыйскіх снарадаў для Украіны за межамі Еўропы падпісалі пагадненне, у рамках якога Кіеў атрымае мільён боепрыпасаў — больш, чым планавалася.
Першапачаткова меркавалася, што будзе закуплена 800 тысяч снарадаў: 500 тысяч для калібра 155 мм і яшчэ 300 тысяч для 122 мм, але чэшскія чыноўнікі знайшлі яшчэ 200 тысяч снарадаў.
Акрамя таго Украіна можа атрымаць першыя партыі боепрыпасаў не ў чэрвені, як раней публічна заяўлялі ў чэшскім урадзе, а ўжо ў красавіку.
***
У ноч на 29 сакавіка аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы падняло ў паветра сваю авіяцыю і авіяцыю саюзнікаў з-за ракетнага ўдару Расіі па тэрыторыі Украіны.
Польскія вайскоўцы папярэдзілі сваіх грамадзян, што польскія самалёты і самалёты саюзнікаў лятаюць у паветранай прасторы Польшчы, што можа выклікаць шум у паўднёва-ўсходняй частцы краіны.
Пачатыя ўсе неабходныя працэдуры для бяспекі паветранай прасторы Польшчы.