736-ты дзень вайны: УСУ збілі ўжо тры Су-34 з пачатку дня

Раніцай 29 лютага ўкраінскія вайскоўцы збілі яшчэ два самалёты Су-34, якія належалі арміі РФ. Яшчэ адзін быў збіты ўначы. 

usu_1.jpg

Ад пачатку гэтага дня расіяне страцілі ўжо тры самалёты

Пра гэта паведамляе са спасылкай на Фэйсбук галоўнакамандуючы УС Украіны Аляксандр Сырскі.

«Пасля паспяховай баявой аперацыі супраць варожай авіяцыі ў ноч на 29 лютага былі знішчаны яшчэ два расійскія самалёты: знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-34 на Аўдзееўскім і Марыупальскім кірунках!» — сказаў Сырскі і падзякаваў вайскоўцам за баявую працу.

«Адзін Су-34 быў падбіты каля 01:00, яшчэ два, на Марыупальскім і Аўдзееўскім кірунках — а 9:00», — адзначыў камандуючы Сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Украіны Аляксандр Паўлюк.

Агулам з 17 лютага ўкраінскія вайскоўцы збілі 13 расійскіх самалётаў. Сярод знішчаных расійскіх самалётаў дзесяць Су-34, два Су-35 і адзін А-50. Прычым большасць з іх былі збітыя на Усходнім фронце.

Па словах прэс-сакратара ВПС Узброеных сіл Украіны Юрыя Ігната, масавы абстрэл расійскіх самалётаў у лютым 2024 года з'яўляецца адказам Сіл абароны Украіны на павелічэнне прысутнасці варожай авіяцыі на ўсходзе Украіны.

Акрамя таго, з-за пастаяннай небяспекі з боку расійскіх самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 не знаходзіцца ў небе ўжо чацвёртыя суткі.

Кітай прапанаваў найбуйнейшым ядзерным дзяржавам заключыць пагадненне 

Кітай заклікаў дзяржавы, якія валодаюць найбуйнейшымі ядзернымі арсеналамі, дамовіцца аб пагадненні «аб непрымяненні ядзернай зброі спачатку адзін супраць аднаго».

Генеральны дырэктар дэпартамента кантролю над узбраеннямі МЗС Кітая Сунь Сяабо заклікаў ядзерныя дзяржавы выканаць свае «асаблівыя і прыярытэтныя абавязацельствы» па ядзерным раззбраенні ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН у рамках Канферэнцыі па раззбраенні у Жэневе.

Ён адзначыў, што Канферэнцыя па раззбраенні павінна вызначыць дарожную карту або графік міжнародна-прававога дакумента, які абараняў бы бяз'ядзерныя дзяржавы ад пагрозы ядзернай зброі.

«Дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, павінны правесці перамовы і заключыць дамову аб бяз'ядзернай зброі спачатку адна супраць адной або зрабіць палітычную заяву па гэтым пытанні», — сказаў Сунь.

Як вядома, Расія і ЗША валодаюць самымі вялікімі ядзернымі арсеналамі ў свеце. А Кітай і Індыя на дадзены момант з'яўляюцца адзінымі ядзернымі дзяржавамі, якія афіцыйна прытрымліваюцца палітыкі «без першага ўдару».

Сунь таксама заклікаў да ўніверсальнай, недыскрымінацыйнай дамовы наконт нераспаўсюджання і кантролю за экспартам для вырашэння праблем глабальнай бяспекі і садзейнічання большай адпаведнасці ў біяхімічнай прамысловасці для падтрымання аўтарытэту сістэмы дагавораў аб кантролі над узбраеннямі.

Акрамя таго, кітайскі дыпламат лічыць, што неабходна звярнуць увагу на развіццё міжнародных норм і супрацьстаяць новым навукова-тэхнічным выклікам у такіх галінах, як штучны інтэлект, космас і кіберпрастора.

Ён ахарактарызаваў сітуацыю ў міжнароднай стратэгічнай бяспецы як тую, што сутыкнулася з новымі выклікамі, і адзначыў, што краіны з самай вялікай ваеннай моцай неаднаразова «парушалі дамовы», каб «дамагацца ўласнай абсалютнай перавагі».

Расіяне вярбуюць на вайну нарказлачынцаў?

Шэрагі расійскай арміі папаўняюцца яшчэ і за кошт нарказлачынстваў. РФ вярбуе фактычна будучых зняволеных на дасудовым этапе, спадзеючыся пазбегнуць сацыяльнай напружанасці праз мабілізацыю ў краіне.

У РФ паліцыя атрымала ўказанне не заводзіць справу на нарказлачынстваў, а замест гэтага вербаваць іх на кантрактную службу для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Пра гэта ў чацвер, 29 лютага, паведаміў украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву.

«Паводле нашых крыніцаў, пры затрыманні асоб, якія падазраюцца ў збыце і распаўсюдзе наркатычных сродкаў, дастаўляюць у пастарунак, але не ўзбуджаюць справы. Прыбываюць пракурор і прадстаўнік ваенкамата, якія схіляюць затрыманага да падпісання кантракту з ВС РФ. Такім чынам РФ вярбуе фактычна будучых зняволеных на дасудовым этапе, спадзеючыся пазбегнуць сацыяльнай напружанасці праз мабілізацыю ў краіне. Гэта значыць, у Крамлі не клапоцяцца пра лёс гэтых злачынцаў і адпраўляюць іх на мясныя штурмы», — гаворыцца ў паведамленні.

Навіны вайны

  • Галоўнакамандуючы УС Украіны Сырскі паведаміў, што працягвае працу ў воінскіх часцях, якія трымаюць абарону на Аўдзееўскім і Курахоўскім кірунках.

«Галоўная мая задача ؙ— эфектыўна выкарыстоўваць баявыя магчымасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі нашых падраздзяленняў для нанясення максімальных страт суперніку і знішчэння значнай часткі яго артылерыі і бронетэхнікі; утрымаць займаныя пазіцыі і аднавіць становішча там, дзе мы адышлі».

Па словах украінскага галоўнакамандуючага, падчас працы з камандзірамі брыгад асноўную ўвагу ён звяртае на тое, як арганізаваная работа на пунктах кіравання па агнявой паразе праціўніка, на своечасовасць і адэкватнасць прынятых рашэнняў у адпаведнасці з тым, якая абстаноўка склалася на пэўны момант, і на падтрыманне пастаяннага ўзаемадзеяння паміж часткамі і падраздзяленнямі.

  • Асабліва напружаная сітуацыя склалася на Аўдзееўскім і Запарожскім напрамках, адзначыў Сырскі.

Расійскія штурмавыя падраздзяленні спрабуюць прарваць абарону ўкраінскіх войскаў і захапіць Тоненькае, Арлоўку, Сямёнаўку, Бердзічы, Краснагораўку. Працягваюцца жорсткія баі ў раёнах Вербавага і Рабоцінага, над якімі РФ спрабуе вярнуць кантроль. Таксама Сырскі паведаміў, што УСУ выбілі праціўніка, які прарваўся на ўскраіну Арлоўкі.

  • З моманту захопу Аўдзееўкі 17 лютага расіяне прасунуліся прыкладна на 6 кіламетраў ад цэнтра горада, паведаміла брытанская выведка.

 Тэрыторыя на захад ад Аўдзееўкі застаецца цэнтрам наступлення арміі РФ. Расія «амаль напэўна» ўзяла пад свой кантроль некалькі вёсак у гэтым раёне — Ластаўчына, Стэпавае і Паўночнае, адзначае выведка. Гэтыя тактычныя дасягненні, на думку аналітыкаў, служаць перш за ўсё кансалідацыі расійскіх пазіцый вакол Аўдзееўкі.

  • Вясновае надвор'е можа змяніць сітуацыю на фронце — запаволіць рух цяжкай тэхнікі.

Пра гэта паведаміў спікер украінскай Усходняй групоўкі войскаў Ілля Еўлаш: «Гэты час можна выйграць і выкарыстоўваць на нашу карысць, паколькі суперніку досыць складана пэўны час будзе весці наступальныя дзеянні менавіта з ужываннем цяжкай тэхнікі, танкаў, баявых браніраваных машын». 

Ён дадаў, што гэты час украінскія войскі могуць выкарыстоўваць, каб даадбудаваць свае ўмацаванні, паколькі цяпер УСУ знаходзяцца ў стратэгічнай абароне.

Расіяне раніцай абстралялі Дар'еўскую суполку Херсонскага раёна, адзін чалавек загінуў у вёсцы Панятоўка. Акрамя таго, увечары расійскія войскі ўдарылі па Дняпроўскім раёне Херсона. Снарад трапіў у шматкватэрны дом, адзін чалавек паранены. За папярэднія суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці адзін чалавек загінуў, двое атрымалі раненні, паведаміла АВА.

  • Буданаў у інтэрв'ю канадскаму выданню CBC пацвердзіў уцечку звестак аб украінскім контрнаступленні летам 2023 года: «У нас была інфармацыя, доказы таго, што аб планах стала вядома Расійскай Федэрацыі. Гэта сур'ёзная праблема, і мы прымаем пэўныя меры».
straty_rf_29_02_2024.jpg

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 29 лютага: асабовага складу — каля 413 760 (+1150) чалавек, танкаў — 6593 (+23), баявых браніраваных машын — 12 552 (+44), артылерыйскіх сістэм —10 070 (+41).

  • За мінулыя суткі на фронце адбылося 99 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

У прыватнасці, на Новапаўлаўскім кірунку армія РФ 38 разоў спрабавала прарваць абарону ўкраінскіх войскаў у раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Наваміхайлаўкі і Ураджайнага Данецкай вобласці. Яшчэ 25 атак адбітыя на Аўдзееўскім кірунку — у раёнах Бярдзічаў, Арлоўкі, Тоненькага, Першамайскага, Невельскага Данецкай вобласці.

На Купянскім кірунку УСУ адбілі дзве атакі РФ у раёнах Сінькоўкі і Табаеўкі Харкаўскай вобласці; на Ліманскім — 12 атак у раёнах Цернаў, Ямполаўкі Данецкай вобласці і Белагораўкі Луганскай вобласці; на Бахмуцкім — дзевяць атак у раёнах Іванаўскага і Кляшчэеўкі Данецкай вобласці; на Арэхаўскім — адну атаку ў раёне на ўсход ад Рабоцінага Запарожскай вобласці. На Херсонскім кірунку сілы абароны Украіны ўтрымліваюць пазіцыі, адбілі чатыры штурмы войскаў РФ на левабярэжжы Дняпра.

Ва ўкраінскім Генштабе пацвердзілі, што УСУ нанеслі ракетны ўдар па скапленні расійскіх войскаў у Аленаўцы Данецкай вобласці з дапамогай украінскіх рэактыўных сістэм залпавага агню. Паводле папярэдніх звестак, у выніку ўдару загінулі 19 расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку намеснік камандзіра вайсковага падраздзялення, яшчэ 12 чалавек параненыя, сярод іх камандзір гэтага падраздзялення.

  • Новая Зеландыя абвясціла аб новым пакеце санкцый супраць Расіі.

Абмежаванні прадугледжваюць увядзенне гранічных цэн G7 + на нафту расійскага паходжання, забарону экспарту некаторых тавараў у Расію і Беларусь праз трэція краіны. Таксама санкцыі ўводзяцца супраць яшчэ 61 расійскай фізічнай і юрыдычнай асобы, уключаючы тых, хто мае дачыненне да ўхілення ад санкцый. Гэта арганізацыі, якія закупляюць тэхналогіі для расійскай абароннай прамысловасці, і высокапастаўленыя кіраўнікі некаторых расійскіх банкаў. Пад санкцыямі таксама трапілі асобы, датычныя да закупкі зброі ў Паўночнай Карэі.