Прыйшоў час «турэцкай вясны»?

Пратэсты супраць высечкі парка Гезі ў турэцкай сталіцы, якія скончыліся брутальным разгонам, падобна на тое, могуць перарасці ў агульнанацыянальны пратэст супраць урада Рэджэпа Эрдагана. І высеяць насенне «турэцкай вясны».



turkey_police.jpg

Фота telegraph.co.uk

Усё пачалося з таго, што гарадскія ўлады турэцкай сталіцы прынялі рашэнне пабудаваць на месцы парка Гезі (Taksim Gezi park) — «зялёнай выспы пасярод царства бетону», «лёгкіх Стамбула», як называюць яго СМІ — гандлёвы цэнтр і рэканструяваць будынкі асманскіх вайсковых казармаў XIX стагоддзя.

«Проста розумам не дастаць! Яны што, смяюцца над намі? Што яны хочуць ад гэтага прыгожага парка? Вакол плошчы Таксім і так ужо процьма гандлёвых цэнтраў. Навошта яны хочуць прыватызаваць яшчэ і парк? І так ужо ўсю краіну прыватызавалі. Я асуджаю дзеянні ўрада», — цытуе Euronews аднаго з дэманстрантаў.


Праціўнікі высечкі ўпершыню сабраліся ў парку 27 траўня, дзе яны зладзілі акцыю ў стылі «occupy» («займай»). На досвітку наступнага дня паліцыя пачала разгон імправізаванага лагера, падпальваючы намёты, паліваючы дэманстрантаў пярцовым і слезацечным газам. Але гэта прывяло толькі да росту групы пратэстоўцаў, да іх далучылася нямала вядомых у Турцыі людзей, і пашырэння іх патрабаванняў. Пасля найбольш брутальнага разгона ў пятніцу, 31 траўня, ад якога пацярпелі сотні пратэстоўцаў, некаторыя вельмі сур'ёзна, акцыі пратэсту могуць перакінуцца ўжо на ўсю краіну.  Дэманстранты выйшлі на вуліцы Анкары, Ізміра і Бодрума. Натуральна, гаворка ідзе ўжо не пра абарону сталічнага парка. 


«Праблема не ў асобным парку, а ў адсутнасці любой формы дэмакратычнага працэса прыняцця рашэнняў. Наш прэм'ер робіць тое, што хоча», — патлумачыў Guardian удзельнік пратэстаў.


Цяпер у іх бяруць удзел маладыя і старыя, левыя і правыя, турэцкія і курдскія нацыяналісты, выступаючы з лозунгамі супраць прэм'ер-міністра РэджэпаЭрдагана і кіроўнай Партыі справядлівасці і развіцця.

Першапачатковая мэта пратэсту дасягнута — Адміністратыўны суд Стамбула прыняў рашэнне прыпыніць будаўніцтва гандлёвага цэнтра на месцы парка Гезі. Аднак гэта саступка можа аказацца запозненай.

«Дарагі прэм'ер-міністр, вы не ўяўляеце як я вам сёння ўдзячны. Вы нават не ведаеце, якую добрую справу зрабілі для краіны сёння. Сёння я ўпершыню бачыў як фанат Фенербахче дапамог устаць з зямлі галатасарайцу пасля загаду паліцыі "забіваць". Сёння туркі і курды дзяліліся вадой і хлебам. Сёння кабеты, якіх вы завяце прастытуткамі, выйшлі з публічных дамоў, каб прамыць раны пацярпелых і напаіць іх лімонавай вадой. Сёння нялюбыя вамі трансвестыты ратавалі людзей у сваіх пакоях танных гатэляў тарлабашы. Адвакаты і лекары раздавалі свае тэлефоны для аказання дапамогі. Сёння эснафы (крамы, кавярні, усё што на першых паверхах) адключылі паролі на вайфай, а гатэльеры пускалі стомленых ці збітых. Сёння нашы вочы поўныя слёз не ад вашага перачнага газу, а ад гонару за нашу Турцыю», — цытуе тыповы запіс гэтых дзён у турэцкіх сацыяльных сетках Пряма Дзія.