671-шы дзень вайны. УСУ знішчылі ў Крыме вялікі дэсантны карабель РФ

Сёння ноччу Узброеныя сілы Украіны знішчылі вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск», ён знаходзіўся на ўзбраенні Чарнаморскага флоту ВМФ Расіі.

Калаж unian.net

Калаж unian.net

Пра гэта паведаміў камандуючы Паветраных сіл УСУ генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук у сваім тэлеграм-канале: «А флоту на Расіі становіцца ўсё менш! Гэтым разам услед за флагманам ЧФ РФ крэйсерам «Масква», накіроўваецца вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск».

Ён падзякаваў пілотам паветраных сіл і ўсім, хто мае дачыненне, за філігранную працу. «Апранайце штаны і «па-хатняму» з нашага Крыма, пакуль яшчэ не позна!» — дадаў Аляшчук. У паветраных сілах дадалі, што БДК «Новачаркаск» перавозіў беспілотныя лятальныя апараты тыпу Shahed.

Інфармацыя пра моцны выбух і пажар у порце Феадосіі з’явілася таксама ў мясцовых чатах. Адразу быў перакрыты рух па Крымскім мосце. Расійскі тэлеграм-канал SHOT напісаў, што жыхары Феадосіі чулі некалькі выбухаў у раёне порта, затым у небе з'явіліся сляды дыму. У горадзе працавала супрацьпаветраная абарона.

Як вядома, гэты карабель прызначаны для высадкі марскога дэсанту на неабсталяваных узбярэжжах і перакідання морам войскаў і грузаў. Ён здольны транспартаваць розныя віды бронетэхнікі, уключаючы танкі. 24 сакавіка 2022 года, у пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, «Новачаркаск» ужо быў пашкоджаны падчас удару па порце Бярдзянска.

Пазней у Паветраных сілах УСУ удакладнілі: «Каля 02:30 26 снежня тактычная авіяцыя паветраных сіл атакавала крылатымі ракетамі вялікі дэсантны карабель Чарнаморскага флоту РФ «Новачаркаск» у раёне Феадосіі. Вынік — на далоні!», — падзяліліся ў паветраных сілах.


Крыніца: telegram

За мінулыя суткі УСУ знішчылі 13 ударных БПЛА РФ. Прагэта гаворка ідзе ў паведамленні Паветраных сіл. Усяго былі зафіксаваныя пускі 19 дронаў з раёнаў Балаклава – Крым і Прыморска-Ахтарск – РФ.

«У выніку супрацьпаветранага бою сіламі і сродкамі паветраных сіл і сіл абароны Украіны знішчана 13 ударных БПЛА Shahed-136/131 у межах Адэскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Хмяльніцкай абласцей», — гаворыцца ў паведамленні.

Увечары ў панядзелак, 25 снежня, Украіна аказалася пад атакай расійскіх беспілотных лятальных апаратаў. У 23:58 стала вядома, што ў Мікалаеве чулі гукі выбухаў. Ужо праз некалькі хвілін паветраныя сілы напісалі, што ў раёне Мікалаева фіксуюць расійскі беспілотны лятальны апарат.

Ноччу акупанты атакавалі поўдзень краіны дронамі-камікадзэ. Як паведамілі ў Сілах абароны поўдня Украіны, расійскія акупацыйныя войскі атакавалі з часова акупаванага Крыма і ўсходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора.

«За дзве хвалі нападаў працягласцю дзве і чатыры гадзіны нашым падраздзяленням супрацьпаветранай абароны ўдалося знішчыць 9 ударных БпЛА тыпу Shahed-131/136: па чатыры ў Адэскай і Мікалаеўскай абласцях і адзін на Херсоншчыне. У Адэскай і Мікалаеўскай абласцях у знясільваючай баявой працы не ўдалося пазбегнуць трапленняў», — канстатавалі вайскоўцы.

У прыватнасці, у Адэскім раёне дрон трапіў па адкрытай тэрыторыі аднаго з інфраструктурных аб'ектаў. Успыхнуў пажар, які ўжо ліквідаваны. Паводле звестак Сіл абароны, людзі не пацярпелі.

На Мікалаеўшчыне трапленне адбылося ў прамысловы аб'ект, дзе пашкоджаны складскія будынкі.

Як удакладніў кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім, чатыры беспілотнікі ў Мікалаеўскай вобласці былі знішчаныя ў ноч на 26 снежня, трапленне адбылося ў абласным цэнтры. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль не паступала. Паводле слоў чыноўніка, таксама расійская армія абстраляла ўчора артылерыяй Мікалаеўскі раён — атакавана было сяло Саланчакі.


Фота reuters

Фота reuters

За суткі на лініі фронту адбылося 98 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ.

На Купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі шэсць нападаў ворага каля населенага пункта Сінькоўка, дзе акупанты беспаспяхова спрабавалі прарваць абарону.

На Ліманскім напрамку адбітыя 29 атак у раёне Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці і Данецкай вобласці.

На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі чатыры атакі паблізу населенага пункта Багданаўка.

На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. «Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы захопнікам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 27 нападаў акупантаў на ўсход ад Навабахмутоўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 13 — непадалёк Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — гаворыцца ў зводцы.

На Мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёне Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта шэсць нападаў.

На Шахцёрскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі тры атакі расійскіх войскаў у раёне Старамаёрскага Данецкай вобласці.

На Запарожскім кірунку адбіта сем нападаў ў раёне Рабоціна і Вербавага.

На Херсонскім напрамку Сілы абароны Украіны працягваюць меры па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, паведамляе Генштаб, расійцы не пакідаюць спробаў выбіць УСУ з займаных пазіцый. Так, за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 12 беспаспяховых штурмавых дзеянняў, атрымаў годны адпор і адступіў.

У той жа час, Сілы абароны Украіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту. У прыватнасці, на працягу сутак украінская авіяцыя нанесла ўдары па чатырох раёнах засяроджання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі РФ. Падраздзяленні ракетных войскаў УСУ падбілі чатыры раёны засяроджання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, два склады боепрыпасаў і тры зенітна-ракетныя комплексы акупантаў.

Нагадаем, што ўчора таксама паведамлялася аб узяцці расійцамі горада Мар’інка Данецкай вобласці. Пра гэта расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу далажыў Уладзіміру Пуціну. Пазней украінскі бок абвергнуў гэтую інфармацыю, заявіўшы, што баі ў горадзе, ператвораным у руіны, працягваюцца.