657-мы дзень вайны. Расія ўдарыла па Херсоншчыне, ёсць ахвяры
За мінулыя суткі расійцы працягнулі атакаваць пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў. Найбольш гарачымі баі былі на Аўдзееўскім, Бахмуцкім і Мар'інскім кірунках.
Як паведаміў Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны, усяго за суткі на фронце адбылося 89 баявых сутыкненняў.
Адзначаецца, што на Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць акупантаў. Расійцы і далей робяць спробы акружыць Аўдзееўку, але УСУ трымаюць абарону, наносячы праціўніку значныя страты. «Сілы абароны паспяхова адбілі 42 атакі праціўніка ў раёнах на ўсход ад Навабахмутаўкі, Аўдзееўкі, на поўдзень ад Севернага, на поўдзень ад Тоненькага, Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — сказана ў паведамленні.
У Генштабе таксама паведамілі, што на Мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць расійцаў у раёнах Мар'інкі, Краснагораўкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта 14 нападаў.
Такая ж колькасць нападаў адбітая на Бахмуцкім кірунку ў раёнах Багданаўкі, Кляшчыеўкі, Андрэеўкі і Севернага Данецкай вобласці. Украінскія вайскоўцы працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць праціўніку страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Паводле звестак Генштаба, на Купянскім кірунку адбіта 4 атакі ў раёнах Сінькоўкі і на паўночны захад ад Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці.
На Ліманскім адбіта 8 нападаў у раёнах Спорнага і Вясёлага Данецкай вобласці.
На Запарожскім напрамку ішлі баі ў раёнах на поўнач ад Прытульнага і на захад ад Навапакроўкі Запарожскай вобласці.
У Генштабе адзначаюць, што на Мелітопальскім кірунку сілы абароны Украіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту.
Таксама на Херсонскім кірунку УСУ па-ранейшаму ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра, працягваюць весці контрбатарейную барацьбу, наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка.
У Генштабе паведамілі, што за мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны і падраздзяленні ракетных войскаў нанеслі 5 удараў па раёнах засяроджання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка. Таксама знішчаныя два склады боепрыпасаў, пункт кіравання і адзін артылерыйскі сродак праціўніка.
У той жа час акупанты ўчора нанеслі, у тым ліку па мірных населеных пунктах, 10 ракетных і 18 авіяцыйных удараў, здзейснілі 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
Расійцы маюць нязначнае прасоўванне на рубяжы Купянск — Сватава — Крэменная і ў раёне Аўдзееўкі. Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), учора войскі РФ працягвалі наступальныя дзеянні на рубяжы, геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 снежня, сведчаць аб тым, што акупанты нязначна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Дзібровы (7 км на паўднёвы захад ад Крэменнай).
Камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што расійскія войскі вядуць наступальныя дзеянні на Купянскім кірунку ў раёне Лімана першага (12 км на паўночны ўсход ад Купянска), Навасёлаўскага (14 км на паўночны захад ад Сватава), Стэльмахоўкі (15 км на паўночны захад ад Сватава) і ў Лімане.
Акрамя таго, Сырскі паведаміў, што акупанты перакідваюць паблізу Сінькоўкі штурмавыя падраздзяленні, якія раней былі ў рэзерве.
11 снежня расійцы працягвалі наступ у раёне Аўдзееўкі і апошнім часам нязначна прасунуліся. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 9 снежня, паказваюць, што акупанты нязначна прасунуліся на ўсход ад Стэпавага (3 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Расійскія вайсковыя блогеры заявілі, што войскі РФ здзейснілі тактычны наступ у раёне чыгункі каля Стэпавага і на поўначы Стэпавага.
11 снежня расійскія войскі таксама працягнулі наступ на захад і паўднёвы захад ад горада Данецк і, як паведамляецца, прасунуліся наперад. Расійскія ваенкары сцвярджалі 10 і 11 снежня, што захопнікі прасунуліся ў паўночна-заходняй Мар'інцы (непасрэдна на захад ад Данецка), але ўкраінскія войскі ўсё яшчэ ўтрымліваюць пазіцыі ў населеным пункце.
Украінскія сілы працягвалі праводзіць наземныя аперацыі паблізу Крынак (30 км на паўночны ўсход ад горада Херсона і 2 км ад ракі Днепр) на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці. Расійскія вайсковыя блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія сілы ўмацавалі пазіцыі ў раёне на поўдзень ад Крынак і скарысталіся дрэнным надвор'ем, каб транспартаваць 30-50 чалавек асабістага складу на ўсходні бераг.
У ноч на 12 снежня расійскія акупанты атакавалі Украіну ўдарнымі дронамі, якія запусцілі з акупаванага Крыма, з раёна Балаклавы. Усяго зафіксаваныя пускі 15 ударных беспілотнікаў Shahed-136/131, дзевяць з якіх знішчаныя ў розных абласцях Украіны падраздзяленнямі мабільных агнявых груп Сіл абароны. Акрамя таго, увечары 11 снежня, зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі паветранага камандавання «Усход» знішчаныя дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 у Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях.
Пры гэтым у Херсонскай вобласці з-за варожых абстрэлаў загінуў чалавек, чатыры чалавекі параненыя.
Як паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін, з 06:00 панядзелка 11 снежня па 06:00 сёння Расія здзейсніла 125 абстрэлаў, выпусціўшы па рэгіёне 597 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», танкаў, БПЛА і авіяцыі. Толькі па Херсоне выпушчана 43 снарады.
«Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, інтэрнат і адмінбудынак у Херсоне. Праз расійскую агрэсію 1 чалавек загінуў, яшчэ 4-атрымалі раненні», — распавёў чыноўнік.
Паводле слоў начальніка Херсонскай МВА Рамана Мрочкі, усе пяцёра-жыхары Херсонскай гарадской тэрытарыяльнай абшчыны. Пашкоджаны адмінбудынак, школа, аўтамабілі і дамы.
«Херсонскую гарадскую тэрытарыяльную суполку за мінулыя суткі абстралялі 32 разы, вораг выкарыстаў для гэтага 128 снарадаў. Паражэнні зафіксаваныя ў Херсоне, Садовым, Антонаўцы, Прыдняпроўскім і Зеленаўцы», — удакладніў чыноўнік.
«У прыгарадзе Херсона адзін чалавек загінуў і адзін атрымаў раненні. Загінулы — мужчына 69 гадоў. На момант варожай атакі знаходзіўся ў памяшканні. Паранены-мужчына 59 гадоў. Ён шпіталізаваны. Таксама ў бальніцу дастаўлены 34-гадовы мужчына. Раненне ён атрымаў каля 12.30 у Дняпроўскім раёне Херсона», — распавёў Мрочка.
Ужо сёння, каля 7:00, расійцы з часова акупаванага левабярэжжа Дняпра абстралялі цэнтральную частку Херсона. У выніку гэтай атакі атрымаў раненне 29-гадовы мужчына. Цяпер ён шпіталізаваны.
Больш за сто высокапастаўленых еўрапейскіх дэпутатаў падрыхтавалі сумесны ліст у Кангрэс ЗША, у якім заклікаюць разблакаваць далейшую ваенную дапамогу Украіне, піша Reuters.
Гэты ліст падпісалі заканадаўцы не менш за 17 краін, уключаючы Францыю, Германію, Італію, Польшчу і Ірландыю. Адзначаецца, што гэта з'яўляецца прыкметай «росту турботы ў Еўропе адносна бесперапыннасці падтрымкі Украіны з боку ЗША».
«Мы чуем неспакой, выказаны нашымі амерыканскімі сябрамі. На працягу многіх гадоў амерыканскія лідары, дэмакраты і рэспубліканцы прасілі еўрапейцаў узяць на сябе больш адказнасці за сваю бяспеку. Мы пагаджаемся з гэтай законнай просьбай», — гаворыцца ў лісце заканадаўцаў на чале з Бенжамінам Хаддадам, французскім дэпутатам ад партыі прэзідэнта Эмануэля Макрона.
Еўрапейскія заканадаўцы, сярод якіх таксама старшыня Камітэта па замежных справах Бундэстага Міхаэль Рот з Германіі, а таксама яго італьянскі калега Джуліа Трэманці заявілі, што ЕС выдзелілі Украіне столькі ж сродкаў, як і ЗША, з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
Акрамя таго, ваенныя выдаткі выраслі па ўсёй Еўропе. Аднак амерыканская вайсковая дапамога з'яўляецца крытычна важнай і тэрміновай, гаворыцца ў лісце.
«Перамога Пуціна падбадзёрыла б нашых ворагаў ва ўсім свеце: яны назіраюць і спадзяюцца, што мы стамляемся. Украінцы ваююць, каб нам не прыйшлося», — заявілі еўрапейскія заканадаўцы.
Адзначаецца, што ў канцы тыдня лідары ЕС збяруцца на саміт у Бруселі, каб прыняць рашэнне аб прадстаўленні Кіеву 50 мільярдаў еўра эканамічнай падтрымкі, выдзяленні яшчэ 20 мільярдаў еўра вайскоўцам Украіны і пачатку перамоваў аб уступленні. Аднак ім для гэтага трэба пераканаць прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, які выхваляецца сваімі сувязямі з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным і пагражае накласці вета на перамовы аб дапамозе і пашырэнні ЕС.
Нагадаем, што 12 снежня ЗША наведвае прэзідэнт Украіны
Уладзімір Зяленскі.