574-ты дзень вайны. У Расіі не хапае сіл, каб закрыць усе прарывы ва Украіне — разведка

Украінскі Генштаб, пасля ўзяцця Андрэеўкі і Кляшчэеўкі, не кажа пра новыя поспехі на франтах — маўляў, УСУ «ўмацоўваюцца на занятых рубяжах». Затое пра гэтыя поспехі кажуць назіральнікі і расійскія ваенныя блогеры.

12865233_hzt.jpg

На франтах ва Украіне

Згодна ранішняй зводцы Генштаба УСУ, сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне абароны на ўсходзе і поўдні Украіны, наступальную аперацыю на мелітопальскім кірунку і наступальныя дзеянні на бахмуцкім кірунку. За мінулыя суткі адбылося 24 баявыя сутыкненні.

У той жа час за мінулыя суткі акупанты спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў раёне Андрэеўкі Данецкай вобласці, аднак поспехаў не мелі. Пра гэта паведаміў спікер Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў у эфіры тэлемарафону.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што УСУ прасунуліся паблізу Вербавай у Запарожскай вобласці, а таксама зноў высадзіліся на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці.

Расійскія ваенныя блогеры пісалі, што баі працягваліся паблізу Кляшчэеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута), Андрэеўкі (10 км на паўднёвы захад ад Бахмута) і Курдзюмаўкі (13 км на паўднёвы захад ад Бахмута). Яны ўказвалі, што тэрыторыі Андрэеўкі і Клішчэеўкі, за якія ідуць баі, застаюцца «шэрымі зонамі». Таксама расійскі ваенны блогер сцвярджаў, што самыя жорсткія баі ў гэтым раёне ідуць ля чыгуначнага шляху на ўсход ад Кляшчэеўкі.

Таксама расійскія блогеры заявілі, што некалькі ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных груп высадзіліся на левым (усходнім) беразе Дняпра. Нібыта ўкраінскія сілы высадзіліся на поўнач ад Падстэпавага (прыблізна 12 км на ўсход ад Антонаўскага моста) і на Казацкай выспе (на паўночны захад ад Новай Кахоўкі) і ўкраінскія сілы кантралююць паўночную частку Казацкай выспы.

На валынскім і палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка застаецца без істотных змен.

2882945.jpg

Атака на нафтаперапрацоўчы завод і грамадзянскую інфраструктуру

Уначы Расія атакавала Украіну 24 дронамі-камікадзэ тыпу «Shahed-136/131». З іх 17 былі знішчаны сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны. Беспілотнікі рухаліся з паўднёва-ўсходняга і паўночнага напрамкаў, у межах Сумскай, Палтаўскай, Кіраваградскай і Днепрапятроўскай абласцей.

Пад атакай трапіў нафтаперапрацоўчы завод у Крамянчугу. Адбыўся пажар, праца завода часова прыпынена. Пра ахвяры не паведамляецца.

У выніку агрэсіі Расіі за суткі ва Украіне загінулі 8 грамадзянскіх асоб, яшчэ 11 атрымалі раненні. Кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін паведаміў, што за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 118 абстрэлаў, выпусціўшы 589 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», ПТРК, АГС, БПЛА, танкаў і авіяцыі. Па Херсоне вораг выпусціў 23 снарады. Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, будынкі медыцынскіх устаноў у Берыслаўскім і Херсонскім раёнах, будынак навучальнай установы ў Херсоне, на тэрыторыю заводаў і аўтамабільнай базы. У выніку гэтых нападаў 2 чалавекі загінулі, яшчэ 4 атрымалі раненні.

Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў паведаміў, што за мінулыя суткі расійскія акупанты абстрэльвалі населеныя пункты Купянскага, Багадухаўскага і Ізюмскага раёнаў вобласці. У выніку ўдару кіраванай авіябомбай па Купянску знішчана 3 аўтамабілі, у якіх былі грамадзянскія людзі. Загінулі 6 чалавек — 4 мужчыны і 2 жанчыны.

Расія не можа закрыць усе прарывы на франтах

Інстытут вывучэння вайны (ISW)піша, што страты расійскіх войскаў істотна ўзраслі ў Запарожскай вобласці на фоне контрнаступальных дзеянняў украінскіх вайскоўцаў. Таксама РФ, мяркуючы па ўсім, сутыкаецца з недахопам баяздольных падраздзяленняў, якія камандаванне УС РФ магло б перакінуць на гэты ўчастак фронту.

Раней эксперты ISW назіралі, як элементы расійскіх 7-й гвардзейскай горнастралковай дывізіі і 76-й гвардзейскай дывізіі ПДВ праводзілі контратакі супраць УСУ ў раёне Рабоціна, і аналітыкі ацэньвалі, што гэтыя аперацыі, верагодна, моцна аслабілі гэтыя сілы ПДВ.

«Атрады «Шторм-Z» часцяком неэфектыўныя ў баі і, хутчэй за ўсё, забяспечаць расійскую абарону на захадзе Запарожскай вобласці нязначнай баявой моцай», — гаворыцца ў справаздачы.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі тлумачыць поспехі Украіны пад Бахмутам тым, што праз вымушаную перакідку дэсантнікаў на мелітопальскі кірунак расійская абарона пад Бахмутам аслабла.

Як адзначаецца ў зводцы, з 15 верасня ўзброеныя сілы Украіны ўзялі пад кантроль вёскі Кляшчэеўка і Андрэеўка. Паводле звестак брытанскай выведкі, гэты тактычны поспех набліжае ўкраінскія войскі да дарогі Т05-13, аднаго з асноўных маршрутаў забеспячэння Бахмута з поўдня. Аднак Расія працягвае ўтрымліваць чыгуначную лінію, якая ідзе ўздоўж насыпу паміж Кляшчэеўкай і Т05-13.

«Нядаўняя перадыслакацыя расійскіх паветрана-дэсантных войскаў з Бахмута ў Запарожскую вобласць на поўдзень Украіны, імаверна, аслабіла абарону Расіі вакол Бахмута», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

Раней брытанская выведка паведамляла, што Расія ў верасні ўзмацніла часткамі ПДВ 58-ю агульнавайсковую армію, якая знаходзіцца ў цяжкім становішчы на арэхаўскім кірунку ў Запарожскай вобласці. У поўным складзе такія сілы павінны мець каля 10 тысяч элітных дэсантнікаў. Аднак амаль усе падраздзяленні, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў крытычным стане, бо іх выкарыстоўваюць як звычайную пяхоту.