Сабаленка: «Я разумею, чаму ўкраінскія спартоўцы не паціскаюць нам рукі»
Украінская тэнісістка Марта Касцюк адмовілася паціснуць руку беларусцы Арыне Сабаленка пасля матча на «Ралан Гарос». Гледачы асвісталі ўкраінку. Сабаленка пракаментавала інцыдэнт.
Арына Сабаленка пракаментавала сітуацыю, якая адбылася пасля матча з Мартай Касцюк, піша выданне Sports.ru.
Трыбуны асвісталі ўкраінку Касцюк за тое, што яна не паціснула руку Арыны Сабаленка. Беларуска падумала, што свішчуць у яе адрас, і саркастычна пакланілася. У пасляматчавым інтэрв'ю Сабаленка папрасіла прабачэння.
— Я не магла зразумець, што адбываецца. Таму што мы ўсе ведаем, што ўкраінскія дзяўчаты не паціскаюць нам рукі, таму нас гэта нібыта не здзіўляе, але, напэўна, сёння для гледачоў гэта стала нечаканасцю. Яны ўбачылі ў гэтым непавагу да мяне як да гульца, таму яе асвісталі.
Але спачатку я вырашыла, што асвістваюць мяне. Я крыху разгубілася і падумала: «Добра, што мне рабіць?». Я паразмаўляла з камандай, каб пераканацца, што ўсё правільна зразумела. Потым я разабралася, што адбываецца, і тады падзякавала гледачам, папрасіўшы прабачэння за тое, што зрабіла спачатку (усміхаецца).
— Я разумею, чаму яны не паціскаюць нам рукі. Я магу ўявіць рэакцыю з украінскага боку, калі яны будуць паціскаць нам рукі. Так што я разумею гэта. І разумею, што гэта не адносіцца да мяне асабіста. Вось і ўсё. Яна не заслужыла, каб яе так праводзілі з корта, — дадала беларуска.