Футбольныя заўзятары: Разам і назаўжды

Сёння, здавалася б, увесь цывілізаваны свет аб’яднаўся ў падтрымцы Украіны ў яе барацьбе за свабоду ды незалежнасць. Адны робяць гэта больш заўважна, іншыя менш. Але ёсць людзі, не заўважыць якіх немагчыма. Гэта футбольныя ўльтрас.

Банэр заўзятараў зборнай Беларусі. Крыніца: apostrophe.ua

Банэр заўзятараў зборнай Беларусі. Крыніца: apostrophe.ua


Польская салідарнасць

З самых першых дзён расійскага ўварвання Польшча і яе народ выявіліся аднымі з найбольш дзейных сяброў Украіны. Мільёны ўкраінскіх уцекачоў знайшлі прытулак у гэтай краіне. Не засталася ўбаку і польская футбольная грамадскасць. Пакуль футбольныя клубы з Польшчы праводзілі дабрачынныя матчы супраць «Дынама Кіеў», польскія кібіцы (так клічуць там заўзятараў футболу) адзначыліся вось такім недвухсэнсоўным банэрам:

Банэр Легіі Варшава з выявай У. Пуціна з пятлёй на шыі. Крыніца: nv.ua

Банэр Легіі Варшава з выявай У. Пуціна з пятлёй на шыі. Крыніца: nv.ua


Менавіта кіраўнікі і гульцы зборнай Польшчы актыўна патрабавалі выкінуць расійскія каманды з міжнародных спаборніцтваў. Цяпер унеслі свой уклад фанаты. На матчы фіналу плей-оф кваліфікацыі да Чэмпіянату свету 2022 супраць зборнай Швецыі яны праспявалі новы хіт пра акупантаў з цалкам зразумелым тэкстам нават без перакладу: «Ruska kurwa!».

Заўзятары польскай зборнай са сцягамі Украіны

Заўзятары польскай зборнай са сцягамі Украіны


Гісторыю ўзаемаадносін дзвюх суседніх нацый цяжка назваць лёгкай, але небяспека з Усходу адрынула ўсе ранейшыя спрэчкі, зблізіўшы два народа.


Балканская супярэчлівасць

Моцную падтрымку атрымала Украіна і на Балканскім паўвостраве. Аднымі з першых сваю пазіцыю выказалі фанаты аднаго з галоўных грандаў балгарскага футболу «Леўскі» з Сафіі. Яны арганізоўвалі шматлюдныя маршы ў сталіцы краіны і не раз выказвалі сваю праўкраінскую пазіцыю наўпрост падчас матчаў.

Сцяг Украіны на трыбуне сафійскага «Леўскі». Крыніца: ua-football.com

Сцяг Украіны на трыбуне сафійскага «Леўскі». Крыніца: ua-football.com


Не адсталі ад суседзяў і фанаты харвацкіх клубаў. Асабліва адметнымі ў гэтым плане сталі фаны са сталіцы Харватыі. Добрыя адносіны паміж заўзятарамі «Дынама Кіеў» і «Дынама Загрэб» узніклі пасля 2014 года на хвалі антырасійскіх настрояў ва ўкраінскім грамадстве. Харваты таксама яшчэ не забыліся на сербска-харвацкую вайну і добра разумелі, што такое мець агрэсіўнага суседа побач. Шмат хто лічыць, што менавіта футбольны матч паміж «Дынама» і белградскай «Црвенай Звездай», які адбыўся 13 траўня 1990 года, стаў адпраўной кропкай Югаслаўскага канфлікту.

Сцягі Украіны на трыбуне стадыёна «Максімір» у Загрэбе. Крыніца: 24tv.ua

Сцягі Украіны на трыбуне стадыёна «Максімір» у Загрэбе. Крыніца: 24tv.ua


Зусім адваротнае стаўленне да расійска-ўкраінскага канфлікту пануе сярод футбольных ультрас у Сербіі. Расійска-сербскія стасункі маюць даўнюю гісторыю. Буйныя фанацкія рухі Расіі ўсе як адзін маюць блізкія кантакты са сваімі сербскімі калегамі.

Настроі гэтыя не ўзніклі раптоўна. Вось фота з матча моладзевых каманд «Црвены Звезды» і «Зеніта» ў далёкім цяпер 2011 годзе. Тады ў Бялград прыбыў з візітам Уладзімір Пуцін, у той дзень ён сустрэўся з байкерамі з Македоніі і Сербіі, а ўвечары прыйшоў на гульню. Людзі на стадыёне апладзіравалі, скандавалі «Русія!», былі нават заўзятары, якія прынеслі з сабой партрэты Пуціна. На трыбунах з'явіўся банэр, звернуты непасрэдна да расійскага прэзідэнта.

Трэба зазначыць, што прэзідэнт Расіі да гэтага часу карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод сербаў.

Фанат зборнай Сербіі ў цішотцы з выявай Пуціна

Фанат зборнай Сербіі ў цішотцы з выявай Пуціна


Што стала галоўным чыннікам такой любові, сказаць цяжка. Ці было гэта нейкае абстрактнае «праваслаўнае братэрства» ці агульная крыўда ў дачыненні да Захаду і НАТА, але фактам з’яўляецца тое, што гэтая балканская краіна, магчыма, застаецца адзінай у Еўропе, дзе на стадыёнах дамінуюць прарасійскія настроі.


«Разам і назаўжды»

Іншая сітуацыя склалася ў Беларусі. Пасля падзей 2020 года, калі пераважная большасць беларускіх футбалістаў вырашылі прамаўчаць, зрабіўшы выгляд, што ў краіне нічога не адбылося, беларускія ўльтрас амаль у поўным складзе пакінулі трыбуны. Ці з’явяцца яны ў бліжэйшы час, невядома. Але ў апошнія гады паміж беларускімі і ўкраінскімі заўзятарамі склаліся вельмі прыязныя адносіны. Напрыклад, фанаты мінскага «Дынама» яшчэ да вайны з Украінай выступілі з заявай, у якой абвясцілі, што больш не лічаць «ворагамі» прыхільнікаў «Дынама Кіеў» і іх хаўруснікаў.

Найбольш яскрава стаўленне да Украіны з боку беларусаў выявіліся падчас гульні зборных у Львове ў верасні 2015 года. Да старажытнага ўкраінскага места прыехала каля 2000 беларускіх фанатаў. Спачатку разам з украінцамі яны прайшлі агульным маршам вуліцамі Львову, дзе хорам выканалі вядомы хіт пра расійскага прэзідэнта.

Пасля адбыўся сам матч, які пазней назвалі «матчам братэрства». На трыбунах віселі банэры «Братство Сумління» і «Трымайцеся, браты». Украінскія заўзятары прамаўлялі крычалкі ў падтрымку Беларусі («Жыве Беларусь» і іншыя) а ў адказ чулі «Слава Украіне». Усе разам фаны крычалі «Разам і назаўжды».

Банэр заўзятараў зборнай Украіны. Крыніца: apostrophe.ua

Банэр заўзятараў зборнай Украіны. Крыніца: apostrophe.ua


Цяпер шмат хто з наведвальнікаў таго матчу зноў ва Украіне, змагаецца за свабоду. І якія б палітычныя абставіны не склаліся, мы заўжды будзем памятаць аб глыбокім братэрстве нашых народаў. І мусім не забываць сапраўдны сэнс фразы «Разам і назаўжды».