Мінск, масоны, Паскуалі

Што яднае Беларусь і масонаў? Пра што кажуць масонскія рукапісы, што захоўваюцца ў нас?

Патэнт МдП «Les quatres Portes du Temple étant ouvertes par le Pouvoire du G. A.», 1763

Патэнт МдП «Les quatres Portes du Temple étant ouvertes par le Pouvoire du G. A.», 1763

Масонскія арганізацыі ў XVIII — XIX стагоддзях адыгрывалі значную ролю ў грамадска-палітычным і культурным жыцці Еўропы і Новага Свету. Ахутаныя таямніцай і міфамі, масонскія ложы часцей
за ўсё выконвалі функцыі дваранскіх клубаў, месцаў, дзе абмяркоўваліся і выспявалі палітычныя ідэі.

У Беларусі франкмасоны мелі шэраг аб’яднанняў, падтрымлівалі актыўныя кантакты з паплечнікамі з Польшчы, Расіі, краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. (Падрабязней з мясцовымі вольнымі мулярамі можна пазнаёміцца ў кнізе прафесара В. В. Шведа «Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.)».)

Вялікі ўплыў на станаўленне сусветнанага масонства ў той час мелі ложы Англіі і Францыі.

У Беларусі захоўваецца калекцыя масонскіх рукапісаў, якія дазваляюць зазірнуць у таямніцы масонскага жыцця Францыі XVIII — першай трэці XX стагоддзяў. Адметна, што сярод дакументаў сустракаюцца сапраўдныя рэліквіі, значэнне якіх для еўрапейскай гісторыі масонства цяжка пераацаніць. Пакуль яны мала вядомыя зацікаўленым колам. Дадзены артыкул мусіць прыўзняць заслону і акрэсліць змест і характар «беларускага» комплексу заходнееўрапейскіх масонскіх рукапісаў.

Пытанне аб акалічнасцях з’яўлення масонскіх архіваў у Беларусі застаецца адкрытым. У час акупацыі Еўропы Гітлерам архівы франкмасонаў падлягалі канфіскацыі. Яны вывозіліся ў Нямеччыну, адкуль у 1945 г. трапілі ў СССР. У апошнія дзесяцігоддзі ў Расіі актывізаваліся працэсы рэстытуцыі, у выніку чаго ў Францыю была вернутая значная частка масонскіх архіваў. Аднак «беларускія» рукапісы вольных муляроў засталіся не закрануты гэтымі працэсамі. Прыйшоў час зрабіць крок наперад і, прынамсі, абвясціць былым гаспадарам архіваў аб тым, што іх дакументы не загінулі і знахо­дзяцца ў нашай краіне.

Найбуйнейшы комплекс масонскіх дакументаў знаходзіцца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ). Пэўная колькасць рукапісаў ёсць і ў аддзеле рэдкай кнігі акадэмічнай бібліятэкі (ЦНБ НАН), а асобныя выданні з масонскімі экслібрысамі сустракаюцца нават у Прэзідэнцкай бібліятэцы РБ.


Памер калекцыі НББ дастаткова значны: 30 асобных рукапісаў і каля 600 архіўных дакументаў, аб’яднаных у справы па храналагічнай прыкмеце. Вывучэнне рукапісаў дазволіла вызначыць іх прыналежнасць да канкрэтных ложаў і месца паходжання (у каталогу такой інфармацыі няма). Абсалютная большасць дакументаў адносіцца да архіваў трох французскіх масонскіх лож з Бардо.

Больш за ўсё дакументаў звязана з адной са старэйшых лож Францыі — «Ангельская № 204» (Loge de Saint-Jean de Jйrusalem sous le titre distinctif de Anglaise 204 а l’Orient de Bordeaux). Яна была заснавана яшчэ ў 1732 г. ангельцам Марцінам Келі і працягвае дзейнічаць да сённяшняга дня. У нашым распараджэнні ёсць некалькі кніг, якія ўтрымліваюць пратаколы пасяджэнняў ложы. Пры чым захавалася першая (!) кніга за 1732-1755 гг. У гэтым фаліянце, аздобленым вокладкай з белага пергамена, змешчаны статут ложы, спісы ўдзельнікаў, змест абмеркаванняў і сустрэч масонаў.

Да 1743 г. запісы вяліся на ангельскай, а пасля на французскай мове. Сярод архіўных матэрыялаў ложы пераважаюць дакументы за 1811–1813, 1817–1822, 1823–1826 гг. Гэта перш за ўсё карэспандэнцыя, спісы ўдзельнікаў масонскіх лож Францыі (пераважна Аквітаніі), фінансавыя дакументы, выпіскі са статутаў, скаргі, абвесткі.

Пячатка «Французскай ложы Аквітаніі»

Пячатка «Французскай ложы Аквітаніі»

Біяграфічная даведка

«Французская ложа Аквітаніі» (Loge Francaise d’Aquitaine а l’Orient de Bordeaux). Адна з масонскіх арганізацый Бардо, заснаваная яшчэ ў сярэдзіне XVIII ст. У НББ ёсць шэраг асобных фаліянтаў з запісамі пратаколаў пасяджэнняў ложы за 1770-1786, 1786-1796, 1793-1798, 1849-1857 гады.

Самы цікавы перыяд яе існавання абумоўлены дзейнасцю славутага Марцінэса дэ Паскуалі. Гэта легендарная асоба ў 1761 г. была прынята ў гэту ложу, а пазней заснавала ў горадзе храм Коэнаў.

Да архіва гэтай ложы належыць унікальны пергамен, звязаны з асобай Паскуалі. Па меркаванні мадам Мішэль Нахон, прэзідэнта «Цэнтра Марцінэса дэ Паскуалі», гэта копія «масонскага патэнта», які быў складзены Марцінэсам разам з афіцэрамі яго храма ва ўрачыстых абставінах 3 лютага 1763 г. Размова ў ім ідзе аб духоўнай ула­дзе, якую мае Паскуалі. Арыгінал на ангельскай мове быў накіраваны ў Вялікую Ложу ў Парыжы ў якасці доказу яго правоў, а копія на французскай мове засталася ў Бардо. Гэты дакумент быў вядомы раней і ў 1880 г. часткова апублікаваны, але з 1940-ых гг. лічыўся згубленым. Цяпер мы ведаем беларускае месца знаходжання гэтага дакумента і маем магчымасць вярнуць яго з нябыту!

Марцінэс дэ Паскуалі(1727? — 1774) — вядомы тэург і тэосаф, які стаў адным з заснавальнікаў асобнага накірунку ў масонстве. У дактрыне Марцінэса спалучыліся элементы містычнай габрэйскай кабалістыкі і еўрапейскага містыцызму. Менавіта ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў марцінізму.

У 1760-я гады Марцінэс дзейнічае ў Францыі, дзе засноўвае ўласны Ордэн рыцараў-масонаў Абраных Коэнаў Сусвету. Яго вучні-паплечнікі Сэн-Мартэн і Вілермоз развілі дактрыну і далі пачатак асобным плыням, якія існуюць і сёння.

Паходжане Марцінэса да гэтага часу да канца не высветлена, што прымушае працягваць даследаванне біяграфіі. Сёння аспрэчваецца яго габрэйскае паходжанне, выказваюцца і розныя версіі наконт радзімы: Гішпанія, Партугалія ці Францыя.

Адпаведна, любыя новыя матэрыялы, звязаныя з асобай Паскуалі, маюць вялікае значэнне. Вывучэннем яго біяграфіі актыўна займаюцца і сёння — як адэпты яго вучэння, так і не ангажаваныя ў масонства гісторыкі. Так, у 2011 годзе ў Бардо выйшла аб’ёмная манаграфія французскай даследчыцы Мішэль Нахон «Марцінэс дэ Паскуалі, загадкавы франкмасон тэург XVIII ст.».

Марцінізм — адна з праяваў містычнага эзатэрычнага хрысціянства. Дактрына абапіраецца на ўяўленне аб магчымасці вяртання чалавека да Бога праз Рэінтэграцыю. Яна прадугледжвала шлях унутранага самаўдасканалення, тэургічныя дзеянні і зносіны з ангелічнымі існасцямі.

«АбранаяШатландскаяложа» (Loge franзaise Elue Ecossaise а l’Orient de Bordeaux). Дзейнічала ў Бардо з 1740-х гг. Да яе архіва належаць сотні разнастайных дакументаў, якія ахопліваюць перыяд за 1807–1814, 1822 гг.

Акрамя пералічаных масонскіх лож, чые дакументы складаюць абсалютную большасць «беларускай калекцыі», сустракаюцца і асобныя рукапісы іншага паходжання. Гэта рукапісныя масонскія слоўнікі, зборнікі тэалагічнага зместу, патэнты. Стан масонскіх рукапісаў надзвычай добры, фактычна няма ніякіх пашкоджанняў. У некаторых папках нават захаваліся ўнутраныя вопісы, зробленыя яшчэ французскімі архівістамі. На большасці дакументаў захаваліся пячаткі з чырвонага сургучу, арыгінальныя подпісы.

Перспектыўным для вывучэння падаецца масонскі рукапіс бельгійскага паходжання 1767 г. («L’Ordre de la Parfaite Union а Verviers»). У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, у калекцыі фалерыстыкі, захоўваецца больш за сто масонскіх знакаў рытуальнага прызначэння. Шмат з якіх паходзяць з гораду Вэрв’е. У музеі прадстаўлены нямецкія, бельгійскія, французскія масонскія знакі і элементы рытуальнай вопраткі. У прыватнасці, масонскі фартух, які, верагодна, паходзіць з ложы «Ангельская №204». Высветлілася, што да 1970 г. гэтыя рэчы знаходзіліся ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, а пасля па вопісе (які захаваўся) былі перададзены ў музей.

Адпаведна, мы можам сцвярджаць, што ў НББ, ЦНБ НАН і Гістарычным музеі знайшлі прытулак «трафейныя» масонскія архівы і атрыбутыка. Безумоўна, далейшы лёс гэтых каштоўнасцяў мае вялікае значэнне для Беларусі і зацікаўленых краін Еўропы. У прыватнасці, «Цэнтр Марцінэса дэ Паскуалі» у Бардо выказаў зацікаўленасць у вывучэнні беларускіх масонскіх рукапісаў. У штогадовым бюлетэні Цэнтра мусіць у бліжэйшы час выйсці матэрыял аб беларускім масонскім архіве.

Далёка не ўсё зразумела з механізмам падзелу масонскіх архіваў паміж музеямі і бібліятэкамі ў БССР. Верагодна, у пэўных архівах існуюць адпаведныя справы, якія могуць праліць святло на дэталі перамяшчэння французскіх трафеяў…

Неафіцыйна супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі распавялі аб тым, што ў 1960-я гады частка масонскіх рукапісаў і атрыбутыкі, якая захоўвалася ў аўтэнтычных куфрах, была забраная асобамі ў штацкім і быццам бы далей была накіравана ў Рыгу. Гэты след пакуль праверыць не атрымалася.

Мяркую, што першая задача, якая павінна быць рэалізавана ў найбліжэйшы час, гэта ўсебаковае вывучэнне і апісанне калекцый і ўвядзенне іх у навуковы ўжытак. Амаль праз 70 гадоў пасля заканчэння вайны мы павінны вярнуць з нябыту «страчаныя» масонскія скарбы.