«Загадае начальства — паедуць і ў Курскую вобласць». Ці абыдуцца ў Расіі бяз войскаў Лукашэнкі?

Яшчэ нядаўна Лукашэнка пагражаў, што кожнаму, хто ўчыніць замах хоць на пядзю тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, «мала не падасца». Сёньня ўкраінская армія займае ўжо каля тысячы квадратных кілямэтраў расейскіх земляў. А што Лукашэнка?

_belarus_vajna_vaenny_ljudzi_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Можна толькі здагадвацца, што хавалася за вонкавымі спакоем і стрыманасьцю Пуціна, калі ён, выклікаўшы на тэрміновую нараду сваіх военачальнікаў, патрабаваў неадкладна даць «дастойны адпор», «нанесьці паразу», «разграміць праціўніка» і «перанесьці баявыя дзеяньні на тэрыторыю Ўкраіны». Для Пуціна прынцыпова важна не дараваць такога прыніжэньня, выціснуць сілы ўварваньня назад за ўкраінскую мяжу як мага хутчэй. Інакш на вачах разбураецца ягоны імідж моцнага лідэра, зьбіральніка страчанай імпэрыі, заўсёднага пераможцы ворагаў. Стаўкі ў гэтай гульні сталі надзвычай высокімі, піша на Свабодзе гісторык Віктар Багдзевіч.

Але чым адказаць на дзёрзкі выпад украінцаў, якія ўжо больш як тыдзень гаспадараць у дзесятках расейскіх гарадоў і вёсак? Уражаны сьвет зь немалым зьдзіўленьнем назірае, што расейская ваенная машына, якая ня так даўно лічылася магутнай і непераможнай, у гэтай сытуацыі дзейнічае і ня хутка, і не эфэктыўна. І чым даўжэй працягнецца прысутнасьць украінскіх войскаў на расейскай тэрыторыі — тым мацнейшы будзе ўдар і па Пуціну, і па створаных ім мітах.

Ня трэба быць вялікім ваенным стратэгам, каб разумець: залатаць вялізную дзіру ў абарончых парадках Курскай вобласьці немагчыма, калі не сьцягнуць туды дадатковыя вайсковыя рэсурсы, найперш людзкія. Між тым зусім не падобна, што расейская армія ня мае вострай патрэбы ў дадатковай жывой сіле. Усё сьведчыць хутчэй пра адваротнае. Фронт на Данбасе і на поўдні на працягу месяцаў, нягледзячы на ўсе высілкі, застаецца амаль нерухомы — ізноў жа з прычыны няздольнасьці стварыць вялікую перавагу над праціўнікам. Калі Пуцін раз за разам вымушана падвышае заробкі кантрактнікам, калі на вайну рознымі спосабамі завабліваюць зьняволеных злачынцаў, калі ўсё больш паведамленьняў пра тое, што ў памежных узброеных сутыкненьнях задзейнічаныя расейскія салдаты тэрміновай службы, у тым ліку пераведзеныя зь іншых рэгіёнаў РФ, — то дзе ж тут прыкметы таго, што ў расейскай арміі ўсё ў парадку з укамплектаванасьцю?

Гэтая выснова пацьвярджаецца і незалежнымі крыніцамі. Паводле Bloomberg, расейскія рэгіёны, нягледзячы на рэзкі рост выплат для кантрактнікаў, па-ранейшаму не выконваюць даведзеныя ім квоты на прызыў у войска — у сярэднім больш як на траціну. Крэмль яўна ня хоча абвяшчаць новую вымушаную мабілізацыю. Але дзе інакш можна знайсьці неабходныя рэсурсы жывой сілы?

У пошуку адказу на гэта пытаньне позіркі расейскіх генэралаў міжволі паварочваюцца ў бок адзінага саюзьніка, які на словах нязьменна дэкляруе гатовасьць дапамагаць чым толькі можна. Асабліва з улікам таго, што запісана ў новай «Ваеннай дактрыне», з такой помпай прынятай сёлета ў красавіку на так званым «Усебеларускім народным сходзе». Паводле гэтай дактрыны напад на любую зь дзяржаў-удзельніц Саюзнай дзяржавы — гэта замах на аб’яднаньне ў цэлым. У такім выпадку беларускія ўлады абавязваюцца «прымаць адпаведныя меры з выкарыстаньнем усіх сіл і сродкаў». Дык чаму б не прымусіць Лукашэнку выконваць ягоную ж уласную дактрыну?

Глядзіце таксама

Аргумэнты, якія раней спрацоўвалі

На працягу мінулых двух з паловай гадоў Лукашэнку ўдавалася больш-менш пасьпяхова адбівацца ад празрыстых і ня вельмі празрыстых намёкаў на тое, што выкананьне саюзьніцкіх абавязаньняў зь ягонага боку магло б быць больш дзейсным. Аргумэнты, якія найчасьцей гучалі зь Менску ў адказ на папрокі і нараканьні з боку Масквы, зводзіліся і зводзяцца галоўным чынам да наступнага. У Расеі дастаткова сваіх войскаў, 50-тысячная беларуская групоўка ніякай вырашальнай ролі выканаць ня здольная. Апроч таго, беларуская армія не абстраляная, ня мае рэальнага баявога досьведу. І апошняе: беларускія салдаты ня хочуць ваяваць з украінцамі. У іх няма ніякай матывацыі. Калі іх пашлюць ва Ўкраіну — яны нібыта адразу ж пачнуць здавацца ў палон альбо стануць дэзэртэрамі, паўцякаюць з поля бою. Дарэчы, прыблізна такая ж аргумэнтацыя звыкла гучыць і з боку многіх украінскіх і беларускіх палітолягаў і палітыкаў з дэмакратычнага лягеру, якія спрабуюць аргумэнтаваць нязначную верагоднасьць таго, што Лукашэнка наважыцца паслаць на вайну свае войскі.

Беларуская армія, сапраўды, ня мае баявога досьведу: у сваёй незалежнай гісторыі ваяваць ёй, на шчасьце, пакуль не спатрэбілася. Ці азначае гэта, што яна абсалютна небаяздольная? Варта нагадаць: украінская армія да 2014 году таксама ня мела баявога досьведу. Крым здалі ўвогуле без усялякай спробы супраціву. А потым жа аднекуль усё зьявілася. Пачынаецца ўдзел у баявых дзеяньнях — зьяўляецца досьвед. Па-іншаму ў вайскоўцаў не бывае.

Спрэчным выглядае сьцьвярджэньне, што беларусы не захочуць страляць ва ўкраінцаў, а таму пачнуць масава ўцякаць з фронту і здавацца ў палон. Няўжо ў салдат нехта будзе пытацца, ці хочуць яны страляць? Размаўляў на гэтую тэму зь некалькімі сваімі знаёмымі беларускімі афіцэрамі. Ну, так, вялікага жаданьня, каб уцягнулі ў гэтую бойку, ні ў іх, ні ў іхных падначаленых няма. Але хто калі пытаўся пра жаданьні вайскоўцаў? Існуе вайсковая прысяга. Калі будзе загад — то які выбар у чалавека ў пагонах? Салдаты-беларусы, як правіла, дысцыплінаваныя і паслухмяныя. У савецкі пэрыяд гісторыі гэта было ня раз спраўджана на практыцы. Фактычна ва ўсіх рэгіянальных канфліктах у розных канцах сьвету, куды Савецкі Саюз пасылаў свае «абмежаваныя кантынгенты», было нямала беларусаў. Гінулі яны ў другой палове мінулага стагодзьдзя і ў Афганістане, і ў Карэі, і ў Віетнаме, і ў Эгіпце, і ў Анголе… Загадае начальства — паедуць і ў Курскую вобласьць.

Глядзіце таксама

Ці такая ўжо бездапаможная беларуская армія?

У не такія ўжо далёкія часы позьняга СССР Беларуская вайсковая акруга лічылася адной з самых баяздольных і найлепш тэхнічна аснашчаных у Савецкай арміі. У той пэрыяд у вайсковых частках, якія разьмяшчаліся ледзь ня ў кожным беларускім райцэнтры, налічвалася каля 200 000 вайскоўцаў. Гэта былі дзьве танкавыя, адна агульнавайсковая і і адна паветраная арміі, а таксама шматлікія сухапутныя дывізіі, уключна з артылерыйскімі і ракетнымі часткамі і брыгадамі дэсантнікаў і спэцназу.

Зразумела, што тая эпоха звышмілітарызаванай Беларусі засталася ў мінулым і нагадвае пра сябе хіба што занядбанымі будынкамі старых савецкіх казармаў ды ракетных шахтаў, якія і сёньня сустрэнеш шмат у якіх рэгіёнах, часам у самых нечаканых мясьцінах, сярод глухіх лясоў і балот.

Тым ня менш сваю даволі значную (як для 9-мільённай краіны) армію Беларусь мае. Калі верыць Лукашэнку, узброеныя сілы Беларусі налічваюць 75 тысяч чалавек, але ва ўмовах вайны могуць быць хутка даведзеныя да паўмільёна (такія лічбы былі агучаныя ім на адной з прэсавых канфэрэнцый у 2023 годзе.) Заходнія адмыслоўцы падаюць значна больш сьціплыя лічбы. Брытанскі Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў у 2022 годзе ацэньваў колькасьць вайскоўцаў у баявых падразьдзяленьнях Беларусі ў 48 000 чалавек. Прычым кантрактнікаў сярод іх — каля 60 працэнтаў. Рэшта — маладыя салдаты тэрміновай службы, баявая эфэктыўнасьць якіх многімі ставіцца пад сумнеў.

Тэхнічная магутнасьць беларускай арміі — гэта таксама ў асноўным спадчына СССР. Маскоўскі «Цэнтар аналізу стратэгій і тэхналёгій» у 2020 годзе так апісваў бранявую аснашчанасьць беларускай арміі: «Фармальна краіна мае на ўзбраеньні 1276 танкаў, але пераважная большасьць іх знаходзіцца ў рэзэрве (на кансэрвацыі). У страі толькі 446 танкаў Т-72Б і Т-72БЗ, якія і складаюць аснову парку дзейных частак. Але нават гэтая лічба выглядае завышанай».

Вядома таксама, што пасьля 24 лютага 2022 году эшалёны, гружаныя беларускімі танкамі, ня раз былі заўважаныя па дарозе ў паўднёва-заходнія рэгіёны Расеі, на расейска-ўкраінскую мяжу. Паводле некаторых зьвестак, Беларусь тады перадала расейскай арміі больш за сотню старых савецкіх Т-72А (відавочна, пераважна тых, якія былі закансэрваваныя з часоў СССР).

Вядома, гэтыя сілы не настолькі значныя, каб адкрываць «другі фронт» на поўначы Ўкраіны. На гэтым ня раз акцэнтаваў увагу і Лукашэнка, завочна палемізуючы з прыхільнікамі такой ідэі. Вось што ён казаў з гэтай нагоды сёлета 12 красавіка:

«Калі б мы сёньня ўступілі ў вайну супраць Украіны, гэта б нічога не дало, таму што ў іх мяжа зь Беларусьсю забарыкадаваная так, што туды не падысьці. Яна замінаваная цалкам, забэтанаваная, і 120 тысяч украінскіх вайскоўцаў на гэтай мяжы»

Так, уварваньне ва Ўкраіну з поўначы такімі сіламі, якія мае Лукашэнка, яўна немагчымае. Але чаму нельга ўявіць, што беларускія вайсковыя часткі адпраўляюцца адваёўваць кананічную тэрыторыю саюзьніка пад Курск?

Глядзіце таксама

Чаму гэта трывожыць Лукашэнку

Пакуль што Лукашэнка адрэагаваў на ўкраінскую апэрацыю на курскім напрамку гэтак жа, як рэагаваў на працягу ўсіх апошніх двух з паловай гадоў: імітацыяй бурнай падтрымкі Крамля і гучнай асуджальнай рыторыкай на адрас Украіны і Захаду. Маўляў, мы абараняем Расею на заходнім напрамку, адбіваемся ад украінскіх бесьпілётнікаў, якія нібыта атакуюць беларускае неба, паўторна ўмацоўваем мяжу з Украінай, пагражаем канчаткова закрыць украінскую амбасаду. Ну, і адначасова гатовыя на дадатковыя пастаўкі бэнзіну і дызэльнага паліва, вайсковага рыштунку, абмундзіраваньня для саюзьнікаў: бізнэс на расейскіх вайсковых замовах квітнее… Пытаньне ў тым, ці дастаткова гэтага звыклага лукашэнкаўскага набору аргумэнтаў, каб залагодзіць Маскву? Такое ўражаньне, што гэтым разам можа і не хапіць. І ў любы момант можа прагучаць настойлівая просьба, ад якой немагчыма адмовіцца.

Насамрэч было б драмай ня толькі для Лукашэнкі, але і для Беларусі і беларусаў, калі б на гэтым, хутчэй за ўсё, заключным этапе вайны, калі спыненьне агню выглядае даволі блізкім і верагодным, давялося запэцкацца яшчэ і такім удзелам у ёй.

Лукашэнка назірае, наколькі абмежаванымі аказаліся ваенныя магчымасьці Пуціна, і, напэўна ж, задае сабе пытаньне: як Пуцін у выпадку неабходнасьці абароніць беларускую тэрыторыю, калі так лёгка дазволіў захапіць сваю?

У сёньняшніх умовах нават закулісныя сэпаратныя перамовы і дамоўленасьці Лукашэнкі зь Зяленскім ці з кім-небудзь з высокага ўкраінскага кіраўніцтва не выглядаюць чымсьці неверагодным і немагчымым.

Чым бліжэйшы канец вайны, тым больш саўдзельнік агрэсіі вымушаны задумвацца пра ўласную будучыню ў той няпэўнай пасьляваеннай рэчаіснасьці, якая ўжо цьмяна праглядваецца праз імглу вайны. Адна справа, калі б Пуцін трыюмфальна перамагаў; зусім іншая — калі Пуцін паўстане ў ролі няўдачніка і лузэра. Тут інтарэсы двух дыктатараў могуць разысьціся ў супрацьлеглыя бакі.

Пуцін дзеля ўласнага выратаваньня, канечне ж, ня будзе шкадаваць салдат — ні сваіх, ні тым болей чужых. І наўрад ці яго будуць клапаціць і трывожыць амбіцыі і асьцярогі Лукашэнкі ў сытуацыі, калі даводзіцца ратаваць уласны рэжым. А вось што азначала б для самога Лукашэнкі застацца напрыканцы вайны без уласнай арміі, з ваяўнічымі ўкраінцамі на паўднёвай мяжы і з апанаванай пачуцьцём помсты апазыцыяй, якая ніколі не забудзе і не даруе яму 2020 год?

Друкуецца са скарачэннямі. Захаваны правапіс арыгіналу