Класкоўскі: Калі Пуцін паставіць рубам пытанне аб удзеле беларускіх войскаў у вайне, Лукашэнка наўрад ці зможа адмовіцца
Наступ украінскіх войскаў у Курскай вобласці Расіі стаў непрыемным сюрпрызам для Крамля. Лукашэнка, яго галоўны саюзнік, які заўсёды горача дэкларуе сваю вернасць, трымае паўзу. Асцярожнасць кіраўніка Беларусі можна зразумець, піша ў «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
Лукашэнка 8 жніўня быў у Мінску на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Савета міністраў унутраных спраў СНД. Ён папракнуў тых, хто хоча дыстанцыявацца ад Масквы: «Некаторыя [думаюць]: “далей ад Расіі будзем трымацца, яна пад санкцыямі. Мы неяк баімся трапіць пад іх і гэтак далей ... шукаем сваю выгаду”. Не рабіце гэтага».
Ён заклікаў да адзінства, інакш «з намі разбяруцца паасобку. Але калі абрынецца Расія — мы ў гэтую варонку ўсе будзем уцягнутыя».
Пры гэтым прамоўца ні словам не абмовіўся пра канкрэтны сюжэт, калі ўкраінцы б'юць расійцаў на іх тэрыторыі.
Не стаў ён закранаць гэтую тэму і днём пазней, калі праводзіў нараду па вёсцы ў Шклове. Хоць звычайна выкарыстоўвае падобныя мерапрыемствы для каментароў на гарачыя тэмы, у тым ліку расійскія. Але гэта — калі ёсць магчымасць выгадна замалявацца (мяцеж Прыгожына, тэракт у «Крокусе»). Аднак тут — пікантная сітуацыя.
Z-каналы абвінавачваюць у здрадзе
Асцярожнасць кіраўніка Беларусі можна зразумець. Адна справа — біць сябе ў грудзі, запэўніваючы ў абстрактнай вернасці, і зусім іншая — казаць пра гатоўнасць грудзьмі стаць на абарону межаў Саюзнай дзяржавы ў рэальнай сітуацыі.
Між тым менавіта да такіх паводзін падштурхоўваюць абавязацельствы Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ.
Лукашэнка ў свой час спрабаваў сагітаваць лідараў краін АДКБ адзіным фронтам выступіць на баку Расіі ў кантэксце яе вайны супраць Украіны. Але ў выніку стала ясна, што ў адзін акоп з Масквой і Мінскам ніхто лезці не хоча.
Цяпер жа становіцца асабліва відавочна, што і беларускі кіраўнік не гарыць жаданнем рэальна залазіць у крывавае супрацьстаянне паміж Расіяй і Украінай.
Між тым у Ваеннай дактрыне, зацверджанай у красавіку Усебеларускім народным сходам, гаворыцца: «Рэспубліка Беларусь разглядае любыя дзеянні з прымяненнем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы, як замах на саюзную дзяржаву ў цэлым і будзе прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні».
Як вядома, у Саюзнай дзяржаве — толькі дзве краіны. Расію б'юць у Курскай вобласці. Але прапаноўваць «меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў» Мінск не спяшаецца.
Больш за тое, расійскія Z-каналы абвінавачваюць хаўрусніка ў здрадзе. Маўляў, менавіта яго рашэнне адвесці войскі ад мяжы з Украінай дазволіла Кіеву перакінуць сілы на Курскі кірунак.
Прапаганда беларускіх уладаў спрабуе адбіць гэты накат. У калонцы на сайце sb.by адзначаецца: «праўда, фактамі, гэта значыць нумарамі і найменнямі падраздзяленняў УСУ, якія нібыта змянілі лакацыю, пацвердзіць свае выдумкі “эксперты” не могуць, што кажа пра мэтанакіраваныя ўкіды з мэтай убіць клін у брацкія стасункі Мінска і Масквы».
Але сам Лукашэнка пакуль не каментуе гэтую няважную для яго ў піяраўскім сэнсе сітуацыю.
Бумеранг прылятае назад
Паводле звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, украінцы змаглі прасунуцца на 35 кіламетраў углыб расійскай тэрыторыі. Цяжка меркаваць, наколькі паспяховым апынецца гэты прарыў, ці ўдасца падраздзяленням УСУ замацавацца. Але так ці інакш гэты нечаканы ход стварае вялікі галаўны боль Крамлю з яго канцэпцыяй «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Уладзімір Пуцін і яго асяроддзе імкнуліся адлюстраваць справу так, што ў рамках «дэнацыфікацыі» Украіны ўсё вырашаецца на чужой тэрыторыі і што камфортнаму мірнаму жыццю расійцаў нішто не пагражае. Крэмль пазбягае новай мабілізацыі, імкнецца прыцягнуць на фронт кантрактнікаў вялікімі грашыма.
Кіеў жа паказвае, што бумеранг абавязкова прылятае назад, што за ўсё трэба плаціць.
Гэта тычыцца і рэжыму Лукашэнкі. Той ужо заплаціў вялікую цану за тое, што Пуцін падтрымаў яго ў момант хістання ўлады ў жніўні 2020 года. Кіраўнік Беларусі быў вымушаны даць сваю тэрыторыю для атакі расійскіх войскаў на Кіеў у лютым 2022 года. У выніку трапіў на сур'ёзныя санкцыі, стаў у вачах Захаду марыянеткай, страціў магчымасці знешнепалітычнага манеўравання.
Але беларускае войска дагэтуль прамога ўдзелу ў агрэсіі не прымае. Больш за тое, прапаганда змагла пераканаць некаторую частку насельніцтва, што менавіта мудрая і цвёрдая пазіцыя правадыра рэжыму дазваляе захаваць мірнае неба над краінай.
Сапраўды, Кіеў даволі выразна дае зразумець, што пакуль Лукашэнка не ўвязаўся ў вайну па поўнай праграме, удараў па беларускай тэрыторыі не будзе.
Аднак гэта вельмі далікатная сітуацыя. Відавочна, дагэтуль Лукашэнку ўдавалася пераканаць Пуціна, што беларускаму войску лепш прыкрываць расійскіх братоў са спіны, ад верагоднага ўдару падступных натаўцаў. А ну як цяпер «старэйшы брат» скажа: давай-ка дакажы саюзніцкую вернасць у баі!
Хутчэй за ўсё, Пуцін з такім заклікам не выступіць. Яму сорамна паказаць, што не можа справіцца з украінскім контрударам сваімі сіламі.
Але на ўсялякі выпадак Лукашэнка не спяшаецца з заявамі аб гатоўнасці накіраваць свае войскі на абарону святых меж Саюзнай дзяржавы. Як бы не злавілі на слове.
На парахавой бочцы
У чым задума ўкраінскага наступу? Шэраг экспертаў лічыць, што Кіеў хоча ўзмацніць свае пазіцыі перад мірнымі перамовамі, якія рана ці позна адбудуцца. Груба кажучы, абмяняць занятыя расійскія тэрыторыі на занятыя Масквой украінскія.
Лукашэнка трымае ў галаве перспектыву такога замірэння. Таму завярнуў самых заўзятых прапагандыстаў, каб не перагіналі з накатам на Кіеў, стаў больш паважліва казаць пра Уладзіміра Зяленскага, скамандаваў адвесці войскі ад паўднёвай мяжы.
Некаторыя яго жэсты апошняга часу — напрыклад, вызваленне групы палітвязняў — можна трактаваць і як сігналы Захаду.
Аднак сігналы занадта слабыя. Нават вызваліць Анджэя Пачобута, што магло б аслабіць канфрантацыю з Варшавай, Мінск пакуль не вырашаецца.
Лукашэнка занадта далёка зайшоў. І ў плане ўнутраных рэпрэсій, і ў плане залежнасці ад Масквы.
У адрозненне ад Пуціна, кіраўнік Беларусі не апантаны імперскімі ідэямі. Але ён апантаны прагай улады і дзеля яе захавання прывязаў Беларусь да імперыі. Размясціў яе ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі, што робіць яе мішэнню для ўдару ў адказ. І саўдзел у агрэсіі супраць Украіны ў любы момант можа балюча адгукнуцца, пра што сведчаць падзеі ў Курскай вобласці.
Залежнасць ад Масквы такая, што калі Пуцін паставіць рубам пытанне аб удзеле беларускіх войскаў у вайне, Лукашэнка наўрад ці зможа адмовіцца. Роўна як і ад прадастаўлення зноў плацдарма для ўварвання ва Украіну з поўначы, калі Крэмль палічыць гэта неабходным.
Так што саюз з агрэсіўнай імперыяй — гэта ў прынцыпе сядзенне на парахавой бочцы, як бы ні намагалася прапаганда пераканаць у адваротным.
І ніякага братэрства насамрэч няма, кіраўнік Беларусі толькі і думае, як бы адпячаць ад непрыемных наступстваў саюзніцтва.