Каб быць далей ад Курскай вобласці, Лукашэнка паехаў «слухаць, як у полі рапс расце»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра паводзіны лукашэнкаўскага рэжыму падчас наступу УСУ на тэрыторыі Расіі.
Учора сёй-той з'ехаў у Аршанскі раён слухаць як у полі расце рапс, піша тэлеграм-канал. Хачу сказаць, што гэта вельмі правільнае і разважлівае рашэнне. Усё ж такі калі ты хочаш паслухаць як у поле расце рапс, то лепш трымацца [падалей] ад Курскай вобласці. А то калі трымацца бліжэй, то за гукамі выбухаў можна і не пачуць.
Хоць сёй-той вельмі стараецца ніякіх гукаў выбухаў не пачуць. Ты заўважыла, што прайшло ўжо чатыры дні з таго часу, як УСУ перайшлі ў Курскай вобласці чырвоную лінію былой дзяржаўнай мяжы РФ, а сёй-той гэтага нават не заўважыў. І не ён адзін, што характэрна.
Прэм'ер Галоўчанка не прапанаваў жыхарам Курскай вобласці ніякай гуманітарнай дапамогі і аздараўлення ў беларускіх санаторыях. Мінсельгасхарч не сказаў, што ў яго ёсць лішнія камбайны і ён можа прыбраць сабе кінуты ў Курскай вобласці ўраджай, раз ён усё роўна нікому не патрэбны.
Нават Міністэрства як бы замежных спраў не паскардзілася ў ААН і касмічную прастору пра грубае парушэнне суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і міжнароднага права. Вось паскардзіцца ў космас на тое, што ЕС зноў не разумее тонкую душу суверэннай дэмакратыі ў міністэрства як бы замежных спраў час быў. А разбамбіць бязлітаснымі вербальнымі інтэрвенцыямі агрэсара, які агрэсуе па тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, часу не знайшлося.
І я ўжо маўчу пра беларускіх генералаў. Я чаму маўчу пра беларускіх генералаў? Таму што беларускія генералы маўчаць. Куды падзеліся ўсе гэтыя пераможцы віртуальнага НАТО? Чаму генерал Церцель не сказаў, што папярэджваў расійскіх калегаў сваімі аператыўнымі звесткамі? Дзе цагліны, разбітыя галовамі спецназа генерала Карпянкова? Чаму генерал Хрэнін яшчэ не адправіў сувораўцаў абараняць Курган славы ад нападу неверагоднага праціўніка?
Няма адказу. Маўчаць беларускія генералы.
І заўваж. Я не кажу пра тое, каб «прымаць меры ў адказ» з «выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў», як гэта запісана ў саюзнай дамове. Я цябе малю, якія там сілы і сродкі?
Я кажу пра меры выключна віртуальнага характару. Вось беларускія генералы, у прыватнасці, і беларускія ўлады наогул ніколі не разважалі, каб кінуцца ў бой з любым умоўным праціўнікам. І, што характэрна, нанесці яму несумяшчальную з віртуальным існаваннем паразу.
І куды, хачу цябе спытаць, дзеўся ўвесь гэты баявы запал? Не адказвай, гэта было рытарычнае пытанне.
Наносіць у тэлевізары несумяшчальныя віртуальны страты добра ўмоўнаму суперніку. А з безумоўным лепш нават у тэлевізары не звязвацца. Таму што звяжашся адзін раз у тэлевізары, а потым стабільнасць кудысьці неспадзявана знікае.
Таму цішыня. Маўчаць адказныя дзяржаўныя асобы. І толькі адзін тэлевізар мармыча, пра нанесеныя яму сардэчныя раны. Што есці, разумееш, яны ў сябе ў тэлевізары не могуць, так перажываюць як там у куран. Хоць на ўсялякі выпадак тэлевізару лепш бы таксама памаўчаць. Стабільнасць — штука далікатная.