«Барані сябе сам»: урокі Курскай вобласці для ўладаў Беларусі
Будзем шчырыя: большасць беларусаў увесь тыдзень сачылі за падзеямі ў Курскай вобласці Расіі. І сачылі, як кажуць, «назапасіўшыся папкорнам». Летась прыкладна ў гэты ж час прыкладна гэтак жа мы сачылі за бунтам Прыгожына, і за тым, як «Вагнер», практычна не сустракаючы супраціву, ішоў па Растоўскай вобласці Расіі.
Толькі, у адрозненне ад Прыгожына, Пуцін з УСУ дамовіцца не можа. І не можа папрасіць Лукашэнку выступіць пасярэднікам, папрасіць УСУ не атакаваць Расію, не праходзіць далей і вярнуцца ў месцы дыслакацыі. А было б цікава, пагадзіцеся… Уявіце, як Лукашэнка дамаўляецца пра тое, каб УСУ перайшлі з Расіі ў былы лагер «вагнераўцаў» у вёсцы Цэль. Маўляў, мы дамовіліся, што яны «бяспечна пакінуць Расію».
Але гэта так, у парадку жартаў. На самай справе прарыў УСУ ў Курскую вобласць паказаў многае і ў адносінах і лідараў Беларусі і Расіі, і ў дагаворах аб «Саюзнай дзяржаве», і ў міжнародных дагаворах. І, як мы неаднаразова казалі раней, калі ў краіне не да законаў, то не да законаў для ўсіх.
Памятаеце, з якой помпай у Беларусі прымалі новую ваенную дактрыну? Зусім нядаўна ж гэта было. Беларускія генералы вельмі пышыліся, што, маўляў, мы за хаўрусніка гарой. Цэлы артыкул 90 уключылі ў гэтую дактрыну: «Рэспубліка Беларусь разглядае любыя дзеянні з прымяненнем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаў-удзельніц Саюзнай дзяржавы як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым, і будзе прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні».
Усяго чатыры месяцы таму гэта было. А на ваенную дактрыну няўжо ўжо забыліся?
Вось украінскія войскі ўрываюцца на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка і ягоныя генералы спачатку маўчаць, потым паказваюць нейкія аскепкі, кажучы што гэта часткі збітых украінскіх дронаў, якія ляцелі з Украіны ў Беларусь, заяўляюць пра чарговую «перадыслакацыю войскаў» бліжэй да ўкраінскай мяжы... А дзе ж ваенная дактрына? Дзе артыкул 90? Дзе тыя самыя «адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў, якія знаходзяцца ў яе распараджэнні»?
Аматары казуістыкі кажуць: сама Расія не лічыць напад Украіны вайной, гэта, маўляў, «СВА», «надзвычайнае становішча», «антытэрарыстычная аперацыя» ў Курскай вобласці… Але ж у тым жа артыкуле 90 гаворыцца не пра вайну, а пра «любыя дзеянні з ужываннем ваеннай сілы» — незалежна ад таго, вайна гэта ці «СВА». І пытанне «Лукашэнка, дзе снарады?» усё роўна актуальнае.
Выснова простая — ваенная дактрына, якой так ганарыліся беларускія генералы і ўлада, не працуе. Можна казаць, што «ў краіне не да ваеннай дактрыны» і павесіць яе на цвік у вясковым сарціры.
Туды ж можна павесіць і ўсе пагадненні ў рамках АДКБ, дый наконт той жа самай «Саюзнай дзяржавы» ўзнікаюць пытанні. Бо сотні і тысячы разоў падкрэслівалася, што ваеннае супрацоўніцтва — гэта самае эфектыўнае супрацоўніцтва ў «Саюзнай дзяржаве». Гэта па нафце мы можам спрачацца кожны год, а вось адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны як стварылі, так яна і ёсць…
А цяпер узнікае пытанне, ці ёсць тая СПА на самай справе? Ці можна верыць нашаму Мінабароны, якая распавядае пра дзясяткі збітых украінскіх дронаў у той час, калі над Беларуссю свабодна лётаюць расійскія «Шахеды». І ў той час, калі маніторынгавыя каналы не заўважылі нібыта паднятых на перахоп украінскіх дронаў знішчальнікаў беларускай арміі.
Можа быць, і тэхніку да ўкраінскай мяжы і назад Лукашэнка ганяе таму, што гэтая тэхніка ўмее толькі ездзіць, і больш нічога? Калі наша армія такая ж, як расійская ў Курскай вобласці ці яшчэ горш? Бо ў Курскай вобласці быў хоць бы Цік-Ток батальён «Ахмат», а ў нас і таго няма…
Так, пытанні гэтыя непрыемныя для беларускага войска і беларускіх памежнікаў. Але яны не могуць не ўзнікаць, улічваючы цесную ваенную інтэграцыю Беларусі і Расіі, ці не так?
І, вядома ж, узнікаюць пытанні да «брацкай рыторыкі» Лукашэнкі. Колькі разоў ён казаў пра тое, што гатовы «пад танкі легчы, абараняючы Расію», што «ў адным акопе будзем сядзець». І дзе ж той акоп?
Зноў паўторымся: калі ў краіне не да законаў, то гэта не да законаў — для ўсіх. Калі ваенная дактрына, пагадненні ў рамках АДКБ і «Саюзнай дзяржавы» не працуюць, значыць, яны не працуюць у абодва бакі. І калі раптам украінскае камандаванне «Поўнач» вырашыць, што яму сумна і нецікава ўвесь час сядзець без справы, і пяройдзе ўкраінска-беларускую мяжу, то…
Баюся, што прасоўванне УСУ ў Беларусі будзе значна больш хуткім, чым прасоўванне ў Курскай вобласці. Наш «саюзнік» не прыйдзе да нас на дапамогу сапраўды гэтак жа, як не прыходзім да яго мы. А ўсе размовы пра тое, што ў нас «Саюзная дзяржава», што нас затуляе расійскі «парасон» пасля Курскай вобласці ператвараюцца ў «размовы для бедных». Войска ў нас — такое ж, як расійскае, а таго самага «расійскага парасону», як высветлілася, не існуе. Не існуе нават для сваіх, для Курска.
На гэтым тыдні за суткі, 13 жніўня чарга легкавых аўто ў ЕС на беларускіх межах вырасла больш чым на 20%. На расійска-грузінскім пераходзе «Верхні Ларс» чарга аўто зноў расцягнулася на дзясяткі кіламетраў, і тэрмін даезду да пераходу — больш за суткі. Гэта ўжо становіцца нацыянальнай расійскай забавай — калі што здараецца, трэба ехаць у Грузію праз Верхні Ларс. І, мяркуючы па кадрах у Інтэрнэце, едуць з Расіі грамадзяне прызыўнога ўзросту.
Бо яны справядліва асцерагаюцца, што выбіваць добра навучаныя і экіпіяваныя ўкраінскія войскі з Курскай вобласці пашлюць іх — не экіпіяваных і зусім не навучаных.
Агенцтва Bloomberg са спасылкай на тры крыніцы, блізкія да Крамля і Мінабароны РФ, напісала, што новая мабілізацыя ў Расіі можа быць абвешчаная ўжо ў канцы года (а да канца года засталося чатыры з паловай месяцы). А між тым, «старая» мабілізацыя таксама яшчэ не абвешчаная скончанай.
І вось нешта я моцна сумняваюся, што, раптам калі УСУ зойдуць у Гомельскую вобласць, і будзе абвешчаная мабілізацыя, рэакцыя беларусаў будзе прынцыпова адрознівацца ад рэакцыі расійцаў. Хутчэй, на зразумелай для ўкраінцаў беларускай мове загучыць «Героям слава!»
Людзі бароняць радзіму, калі ёсць што бараніць. Ва Украіне ім было што бараніць, бо яны абіралі сваё кіраўніцтва, яны былі гаспадарамі на сваёй зямлі. У Расіі людзі не баранілі Курскую вобласць, бо не адчувалі, што яны бароняць сваю зямлю, а не ўладу Пуціна. І Лукашэнку будуць бараніць толькі АМАП і ГУБАЗіК, і тое толькі таму, што яны — саўдзельнікі злачынстваў. Але АМАП і ГУБАЗіК умеюць змагацца толькі супраць мірных і няўзброеных грамадзян, а супраць рэгулярных вайсковых частак ім не выстаяць.
Людзі ўжо не блытаюць радзіму і ўладу, як бы не імкнуліся цяперашнія прапагандысты атаясамліваць гэтыя два паняцці.
Карацей, як сказаў Юрый Шаўчук, Радзіма — гэта не дупа прэзідэнта. І шмат хто лічыць гэтак жа. Што не дадае ўпэўненасці ўладам — асабліва пасля Курска.