Вызначанае месца для размяшчэння НВЦ — найбольш аптымальнае?
Месца паміж Курапатамі і «Экспабелам», вызначанае ўладамі для
размяшчэння Нацыянальнага выставачнага цэнтру, старшыня камітэту па
архітэктуры і будаўніцтву Мінскага аблвыканкаму Аляксандар Кручанаў
назваў «найбольш аптымальным». Пра гэта гаворыцца ў адказе Аляксандра Кручанава на зварот грамадскасці
да ўладаў «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і «Экспабелам»!».
Зварот — адказ грамадскасці на рашэнне кіраўніка краіны аб пабудове Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам». Аляксандар Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць узвесці функцыянальны, просты, прыгожы і якасны комплекс без лішніх выдаткаў.
«Паколькі ў гэтым месцы ляжаць тысячы нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і «Экспабелам»!».
На думку аўтараў звароту, апошнія падзеі ў Курапатах, у тым ліку планы ўзвесці на полі паміж урочышчам і «Экспабелам» НВЦ, сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.
«Мы лічым, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў.
На нашае меркаванне, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ», — гаворыцца ў звароце.
Аўтары звароту акцэнтуюць увагу на наступным:
1. Каб перадаць Курапаты нашчадкам у гістарычным атачэнні, неабходна захаваць старадаўняе поле на ўсход ад урочышча з яго ландшафтам, грунтавой «Дарогай смерці» і краявіднымі пунктамі. Дарэчы, гэтае поле — апошняе, што ў сваім жыцці бачылі ахвяры, само з’яўляецца кранальным помнікам і мае поўнае права на ўключэнне ў склад гістарычна-культурнай каштоўнасці. Аднак узвядзенне НВЦ парушыць звычны выгляд гістарычнага поля.
2. На полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» зусім невялікая прастора для будаўніцтва НВЦ нават без уліку перспектывы ягонага пашырэння — усяго толькі 20 гектараў.
3. У звязку з пазначаным вышэй існуе небяспека парушэння ўсходняй мяжы ахоўнай зоны Курапатаў з «Дарогай смерці», тым болей, што прывязка гэтай мяжы да мясцовасці зроблена неадназначна і патрабуе выпраўлення.
4. Праект НВЦ супярэчыць абмежаванням абранай будаўнічай пляцоўкі. Яна знаходзіцца ў зоне рэгулявання забудовы, дзе забараняецца, між іншым, размяшчэнне збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны. Апроч таго, зона рэгулявання забудовы абмяжоўвае маштаб забудовы на тэрыторыях, прылеглых да Курапатаў, дзеля захавання асноўных старадаўніх пунктаў візуальнага ўспрымання гэтага помніка мінуўшчыны.
5. Будаўніцтва і эксплуатацыя НВЦ — дадатковы фактар моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча Курапаты апроч існуючых — МКАД і Заслаўскай шашы.
6. Размяшчэнне НВЦ побач з мемарыялам непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, істотна абмяжуе віды мерапрыемстваў, якія магчыма і этычна праводзіць для гасцей выставачнага цэнтру, у прыватнасці замежных.
7. Размяшчэнне НВЦ каля месца смутку і пакаяння прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай гісторыі.
8. Такім чынам, на наш погляд, абранае для будаўніцтва НВЦ месца не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню абодвух складнікаў — як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру.
Грамадскасць просіць улады перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і пакінуць поле паміж Курапатамі і «Экспабелам», як месца нацыянальнай памяці.
У сваім адказе Аляксандар Кручанаў зазначыў, што пытанне аб размяшчэнні НВЦ падрабязна разглядалася Саветам міністраў Беларусі, а таксама на пасяджэннях рабочых груп ва ўрадзе і Мінскім гарвыканкаме з удзелам прадстаўнікоў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта краіны, Мінскага аблвыканкаму, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і іншых зацікаўленых дзяржаўных органаў. Прычым, пры вывучэнні варыянтаў размяшчэння НВЦ разглядаліся розныя пляцоўкі, паведаміў старшыня камітэту Мінаблвыканкаму.
Ён запэўніў грамадскасць, што праектаванне і будаўніцтва НВЦ будзе ажыццяўляцца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам краіны, у тым ліку аб ахове гістарычна-культурных каштоўнасцяў.