Венесуэла, Куба і Нікарагуа — ну проста «ідэальныя» рынкі збыту для беларускай прадукцыі

«Вакол шмат усяго цікавага, але я, прабач, буду сёння пра сумнае. Таму што там вельмі весела», — тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» іранізуе над «далёкай дугой» прэм’ера Галоўчанкі.

Фота aa.com.tr

Фота aa.com.tr

Прэм'ер Галоўчанка на гэтым тыдні пайшоў па далёкай дузе, каб знайсці сабе рынкі збыту. І знайшоў, што характэрна. Калі пайсці па далёкай дузе, то абавязкова што-небудзь знойдзеш. Або рынкі збыту, або прыгоды.

І гэта вельмі добрыя рынкі збыту. Гэта такія рынкі збыту, з якімі ёсць поўнае геапалітычнае разуменне і адзінства поглядаў літаральна па ўсіх галоўных жыццёвых пытаннях. Гэта Нікарагуа, прэзідэнт якой Артэга пераабіраецца з 2006 года з вялікім поспехам. Гэта Венесуэла, у якой прэзідэнт Мадура заэксперыментаваў эканоміку амаль да смерці. І гэта Куба, пра якую не трэба нават нічога тлумачыць.

Ва ўсіх адносінах ідэальныя рынкі збыту для беларускай прадукцыі. Але ва ўсіх гэтых рынкаў ёсць толькі адзін маленькі недахоп. У іх няма грошай, каб плаціць за беларускую прадукцыю.

Але калі хочацца каму-небудзь прадаць беларускую прадукцыю, то адсутнасць у пакупніка грошай не падстава, каб адмаўляцца ад сваёй ідэі. З Кубай дакладна ўжо даўно не падстава. Там беларускія трактары даўно і рэгулярна мяняюць на кубінскія лекі. І вось прэм'ер Галоўчанка паехаў дамовіцца, каб трактара можна было мяняць яшчэ на кубінскі ром і іншыя карысныя штукі.

Але засваенне перадавых фінансавых тэхналогій эпохі неаліту ў гандлі з Кубай — не самае вялікае дасягненне беларускай дэлегацыі. З Нікарагуа беларуская дэлегацыя дасягнула значна больш. Беларуская дэлегацыя дамовілася прадаць у Нікарагуа тэхнікі на 85 мільёнаў долараў.


Глядзіце таксама

Ну як прадаць. Спачатку беларускі Банк развіцця дасць нікарагуанскім пакупніком крэдытаў на 80 мільёнаў, а потым яны купяць беларускую тэхніку. Падвойная выгада. Можна прыбудаваць адразу і трактары, і грошы. Не тое што яны потым вернуцца. У Нікарагуа 44 адсоткі насельніцтва жыве за рысай беднасці. Але ж прыбудаваць можна.

У залатыя часы вялікага сяброўства з Венесуэлай Беларусь па гэтай схеме прыбудавала там тэхнікі на 220 мільёнаў долараў. І яшчэ на 100 мільёнаў будаўнічых работ. Так з 2017 года грошы дагэтуль не вярнулі. Яны там так і засталіся прыбудаванымі разам з трактарамі.

І што ты думаеш? Цяпер беларуская дэлегацыя ездзіла шукаць схему крэдытавання пакупнікоў Венесуэлы для куплі беларускай тэхнікі. І як я разумею, у асноўным знайшла. Гэта значыць, мінулы раз прыбудавалі яшчэ не ўсё, што маглі. Новыя схемы старых грабель.

Таму што калі Венесуэла не вярнула грошы ў мінулы раз, то я не бачу ніякіх прычын, навошта ёй гэта рабіць цяпер. Эканоміка Венесуэлы ў руінах, а па ўзроўні злачыннасці яна займае самае выбітнае месца ў свеце.

І гэта вельмі характэрна, што нават на далёкай дузе беларускія ўлады выбіраюць сабе такіх партнёраў, якіх больш ніхто выбіраць не хоча. А іншых партнёраў у беларускіх уладаў не засталося.