«Турэмны дзённік з малюнкамі» на мове Францішка Аляхновіча

У сёмую гадавіну Плошчы-2010 блогер і праваабаронца Юрась Навіцкі выдаў зборнік турэмных дзённікаў «Як гартавалась сталь: перазагрузка».

25555515_1522042731211990_557706732_n.jpg


Выданне, прысвечанае Плошчы і тром тэрмінам, якімі яна скончылася для аўтара. Кніжка, па словах Навіцкага, выкананая ў жанрах «турэмны дзённік» і «турэмны пэйнт-рэпартаж». Яна змяшчае больш за сотню арыгінальных аўтарскіх ілюстрацый. Дарэчы, першыя з іх пачалі з’яўляцца яшчэ ў газеце “Згода”.

— Што падштрухнула вас заняцца гэтым жанрам?Вы дзе-небудзь вучыліся выяўленчаму мастацтву?

— Яшчэ ў 1990-я, але ўжо пры Лукашэнку, на адным з судоў над прафсаюзнымі актывістамі забаранілі фатаграфаваць. Тады я зрабіў свае першыя малюнкі з судовага пасяджэння. Потым працягнуў гэтым займацца. Тады мы мелі магчымасць не толькі публікавацца ў «Згодзе» і «Рабочым», але і выдаваць уласныя газеты — «Сацыял-дэмакрат», «Вястун Прафзвязовы», праваабарончыя бюлетэні, для якіх я маляваў ілюстрацыі. Пасля пераезду ў Мінск рабіў выявы для газеты «Вольная Серабранка», ілюстраваў агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты ў Мінгарсавет ад Партыі БНФ на выбарах 2010 года. Тады нашы ўлёткі былі адзначаныя замежнымі экспертамі NDI як найлепшыя і паказваліся іншым удзельнікам выбараў у якасці ўзораў. Адмыслова маляваць я нідзе не вучыўся. Проста ўзнікла такая прага творчасці, якая падмацоўвалася час ад часу пазітыўнымі водгукамі калегаў і сяброў.

maliunak_z_sudu_navicki_1_logo.jpg



— І менавіта зараз узнікла ідэя аб’яднаць малюнкі ў кнігу?

— Назбіралася багата матэрыялу, які я пакрысе сістэматызаваў. Гэтаму спрыяла таксама правядзенне выставы салідарнасці ў 2011 годзе на сядзібе Партыі БНФ. Мае працы перадрукоўваліся беларускімі, расійскімі і ўкраінскімі сайтамі, перамаглі ў конкурсе кампаніі «Сыходзь!». Пасля тыя турэмныя малюнкі пачалі вандраваць па свеце: экспанаваліся ў Кіеве і Малыне, у Тбілісі, Празе, Варшаве і Брусэлі. З васьмі выстаў чатыры былі персанальнымі.

А зараз у чарговую гадавіна драматычнага разгону сілавікамі мірнага пратэсту 2010 года, калі былі паламаныя сотні лёсаў, а краіна і грамадства ў сваім развіцці былі адкінутыя на некалькі гадоў назад. Я хачу, каб нашчадкі ведалі пра гэта. З іншага боку, з цягам часу вастрыня перажыванняў знікае, штосьці забываецца. Каб не забыцца, хтосьці занатоўвае. Я збольшага рабіў замалёўкі.

Вы называеце кнігу адначасова дзённікам і ілюстраваным рэпартажам. То бок, гэта рэпартаж з турэмнай камеры, аздоблены малюнкамі?

— Я навучаўся на рэпарцёра, гэта мая спецыяльнасць. Аднак праца незалежнага рэпарцёра ў Беларусі звязаная са многімі цяжкасцямі. Супрацоўнікі міліцыі ў форме і пераапранутыя агенты шматкроць нападалі на мяне падчас здымак, затрымлівалі, арыштоўвалі, ламалі відэакамеру, флэшкі, двойчы псавалі фотакамеры, адбіралі альбо сціралі матэрыялы, незалежна, якія — тэксты, фотаздымкі, аўдыё і відэазапісы. Мае турэмныя пэйнт-рэпартажы, як вы заўважылі, пісаліся менавіта ў турме і аздобленыя малюнкамі, зробленымі ў камеры, а таксама фота, якія былі захаваныя падчас мноства турэмных ператрусаў. Для чысціні жанру туды не ўключаныя фота, відэа, і аўдыёрэпартажы, зробленыя да і пасля турмы, перададзеныя падчас затрыманняў альбо малюнкі судовых пасяджэнняў, падчас якіх забаранялася рабіць здымкі.

У вашых малюнках можна заўважыць аналогіі з амерыканскай традыцыяй «судовага пэйнт-рэпартажу»…

— Так, у ЗША спецыяльна нанятыя мастакі робяць малюнкі судовых пасяджэнняў, але ў Беларусі пра падобнае няма інфармацыі. Адзін малюнак, напрыклад, я ўвогуле зрабіў абсалютна выпадкова. Прыйшоў у суд падтрымаць Ніну Багінскую, а міліцэйскія ахоўнікі ледзь не затрымалі мяне, не дазваляючы фатаграфаваць нават у будынку суда. Суддзя Мотыль здымаць пасяджэнне катэгарычна забараніла. Да гэтага я не быў падрыхтаваны і не браў з сабою алоўкі і асадкі. Без Міколы Бамбізы таго малюнку не было б. Пашчасціла, што ў яго знайшлося чым і на чым намаляваць.

chyrvonym_pa_bielym.jpg


Малюнкі «Чырвонае на белым», «Пацук на допыце», «Палітарыштантка», што ўвайшлі ў кнігу, чапляюць вока, правакуюць на роздумы, выклікаюць пэўныя асацыяцыі. Чым навеяныя гэтыя працы?

— «Чырвонае па белым» была зроблена спачатку іншым малюнкам. Потым, калі я пасля Плошчы трапіў у турму, мяне апаноўвалі змрочныя настроі, мроіліся каты, НКУСаўцы, чарапы, якія крыху пазней ляглі на паперу, што трапляла пад руку. І было з чаго. Нас ганялі па калідоры, здзекаваліся, білі пасля затрымання. Чуліся енкі. Суткі стаялі ў аўтазаках і калідорах. Гвалтоўна цягалі на дактыласкапію… Адбіралі рэчы. Ператрусы. Неяк перахаваў і ўратаваў ад ахоўнікаў бела-чырвона-белы сцяг. У турме ў Жодзіна, куды мяне адвезлі на наступны дзень, быў зноў ператрус і сцяг, нарэшце, у мяне знайшлі. Яны ажно ашалелі, спрабавалі парваць яго. Я запатрабаваў начальніка турмы і прыгразіў, што паведамлю ва ўсе СМІ, што мяне тут абрабавалі. Прыгразіў у размове з начальнікам Жодзінскай турмы, што ён з пракуратур не вылезе. Такім чынам я сцяг абараніў. Яго акуратна паклалі на захаванне з іншымі маімі рэчамі. Турма, увесь гэты гнятлівы настрой, натхнялі на менавіта такія ломаныя лініі. Сукамернік Міця Мікішын (мы з ім разам малявалі) паказаў свае працы. Аказалася, мы малюем амаль адно і тое ж.

pacuk.jpg



Што тычыцца «Пацука на допыце», тут алюзія сягае ў 2006 год, калі тагачасны кіраўнік КДБ палохаў народ здохлымі пацукамі ў вадаправодзе. Адпаведны імідж цягнецца з тае пары. Пасля затрыманняў у 2010-м шмат каго выводзілі на допыты, дзе прысутнічалі людзі ў цывільным, якія не прадстаўляліся. Распытвалі пра партыі, рухі, удзел у акцыях, схілялі да таго, каб людзі выказвалі асуджэнне пратэстаў 2010 года на відэакамеру. Пагражалі дзяўчыне, якая з Літвы, але вучылася ў нас, што яе ніколі не пусцяць у Беларусь. Потым літоўскія ды расійскія дыпламаты сваіх грамадзян выцягнулі на волю…

Правобраз карціны «Палітарыштантка» — мая жонка. Мы разам былі на Плошчы, змагаліся з правакатарамі. Начальнік ГУВД пасля затрымання сказаў, што з намі пытанняў не будзе, вызваляць, ледзь руку не паціскаў. Я аддаў усе каштоўныя рэчы жонцы, бо быў перакананы, што яе дакладна вызваляць, бо яна хворая была. Пасля допытаў нас разлучылі. Мяне асудзілі на 10 сутак. Сяджу, а перадачаў няма. Устрывожыўся. Распачаў сухую галадоўку з патрабаваннем даведацца, дзе мая жонка. Праз тры дні намеснік начальніка Жодзінскай турмы Раманаў са спачуваннем паведаміў, што жонка сядзіць у ІЧУ Мінскага раёна… Не мог падумаць, што яе пакараюць арыштам. А ёй далі 15 сутак. Бо толькі яна хацела сказаць суддзі, што невінаватая, хворая на анкалогію, як суддзя адрэзала: 15 сутак! Тады я і намаляваў гэты партрэт.

palitaryshtantka.jpg



— У якіх умовах пісаліся вашы турэмныя дзённікі?

— Матэрыялы, якія сталіся грунтам зборніка, пісаліся на столі, «шконцы», сценах, цыгарэтных пачках, шматках пакуначнай паперы.

Я свае турэмныя дзённікі нават па СМІ не распаўсюджваў. Іх ніхто не датыкаўся, гэта аўтарскі арыгінал. З майго зборніка выключаныя вершы і малюнкі, якія не маюць непасрэднага дачынення да турмы. Я выдаліў з дзённікаў нават збор баек і карыкатураў пра лекараў і міліцыянтаў, інакш дзённікі ператварыліся б у комікс. Ён і так аздоблены некалькімі сотнямі малюнкаў і фота.

Мае дзённікі былі напісаныя ў турэмных каморах, пры сведках і нават з іх удзелам, апублікаваныя ў інтэрнэце праз час, які спатрэбіўся на набор тэксту пасля вызвалення.

Магчыма, пра сапраўдныя жорсткія ўмовы ўтрымання ў вязніцы наступныя пакаленні будуць ведаць толькі па маёй кніжцы. Гэта нататкі праваабаронцы з апісаннем умоваў утрымання затрыманых і арыштантаў і стаўлення да апошніх міліцыі, суддзяў, надглядных органаў і турэмных службоўцаў, спосабаў выхаду з крытычных сітуацый і парадамі арыштантам і іх сябрам.

— Вашы дзённікі напісаныя хаця і каларытнай, але крыху нязвыклай мовай…

— Я гэтай мовай пішу больш за 20 гадоў. Пасля таго, як я даслаў на Радыё «Свабода» свае турэмныя дзённікі, напісаныя гэтай мовай, з’явілася літаратурная прэмія імя Францішка Аляхновіча. Так, я карыстаюся менавіта моваю Францішка Аляховіча, аўтара турэмнага дзённіка «У кіпцюрох ГПУ». Праўда, зараз ёю пачалі ўзнагароджваць не беларусаў і герояў, а рускамоўных аўтараў, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Чаму вы назвалі свой зборнік «Як гартавалася сталь: перазагрузка»?

— Арыштамі за праваабарончую дзейнасць і катаваннямі мяне пачалі загартоўваць у 1990-я, а не ў 2010-м. Я ўжо казаў, што дзённікі пісаліся не дзеля атрымання прэміяў і выгод, а дзеля асветы. Яны — для наступнага пакалення і пра маладое пакаленне няскораных, якое з’яўляецца героем кніжкі. Па сюжэце амерыканскай мастацкай кінастужкі «Тэрмінатар» (менавіта таму выява на вокладцы нагадвае робата-забойцу) перамаглі маладыя людзі, якія сталі мацнейшымі за сталь.

P.S. Спампаваць книгу можна тут: https://drive.google.com/file/d/1La2kkNI86BvrZm6mTrAKw8ta-o4gizoT/view