Швейцарскі дабрачынца пастар Андрэас Гёрліх
Гэтымі днямі ў Мінску знаходзіўся Андрэас Гёрліх — пастар
рэфармісцкай царквы са Швейцарыі, немец па паходжанні, адзін з тых,
хто першым працягнуў руку дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Андрэас Гёрліх
пагадзіўся на інтэрв’ю «Новаму Часу».
З Беларуссю Андрэаса
звязваюць 25 гадоў жыцця. Сам пастар Гёрліх наведваў нашу краіну больш за 20
разоў. Шмат часу праводзіў у рэгіёнах, забруджаных радыяцыяй.
— Прайшло 30 гадоў з таго моманту, як выбухнуў Чарнобыль. Пра гісторыю дапамогі з боку Германіі і Швейцарыі ахвярам трагедыі напісана і сказана ўжо шмат. Наколькі сёння на Захадзе, прынамсі, у Германіі і Швейцарыі застаецца гатовасць дапамагаць беларускім ахвярам выбуху на ЧАЭС?
— Калі я кажу пра Швейцарыю, то гатовасць дапамагаць усё яшчэ застаецца даволі высокай. У нас яшчэ ёсць даволі шмат ініцыятыў, якія запрашаюць дзяцей.
А вось што тычыцца Германіі, то там адбыўся істотны паварот. Натуральна, немцы былі першыя, хто ў вялікіх памерах пачалі дапамагаць Беларусі, і цяпер, відаць, яны стаміліся. Некаторыя ўзялі паўзу, некаторыя зусім спынілі свой занятак такой дзейнасцю. Ёсць шмат кіраўнікоў ініцыятыў, якія папросту сталі старымі ці нават памерлі, а вельмі важным быў той чыннік, што дзейнасць такіх ініцыятыў у Германіі звязвалася з канкрэтнымі асобамі і круцілася вакол іх. Таму зараз у Германіі актыўнасць звязана больш з моладзевымі ці прафесійнымі альбо адукацыйнымі абменамі, у той час як у Швейцарыі застаецца жаданне запрашаць на аздараўленне дзяцей. Тое ж тычыцца, дарэчы, і Італіі.
— Я ведаю шмат немцаў, якія многія гады займаліся праблемамі Чарнобыля, але пасля пераключыліся на Чачню. І зараз узнікла яшчэ вялікая праблема для Еўропы — уцекачы з Сірыі ды іншых праблемных краін.
— Натуральна, вельмі цяжка аказваць доўгатэрміновую дапамогу ў гуманітарным сэнсе. Тэмы мяняюцца, мяняюцца запыты, і на сёння сапраўды з’явілася шмат новай працы. Я таксама дапамагаю ўцекачам. Я езджу ў Ірак ў лагер уцекачоў і дапамагаю, каб малыя і дарослыя заставаліся там і не накіроўваліся ў Еўропу. Гэта яшчэ і вялікая праца ў пытанні фарміравання свядомасці.
Але, калі ў нас ёсць добрыя журналісты, якія могуць паказаць у Еўропе матэрыялы, наколькі гэта важна — працягваць дапамогу ахвярам Чарнобыля, дзецям Чарнобыля, калі робіцца акцэнт на тым, што гэтая дапамога не павінна спыніцца, то ў нас і атрымліваецца, што чарнобыльскія праекты працягваюцца. Прызнаюся, што гэта стала нашмат цяжэй, бо з’явіліся новыя тэмы.
— Першыя “дзеці Чарнобыля” выраслі, ужо маюць сваіх дзяцей. Ці захоўваюцца кантакты паміж імі і нямецкімі ды швейцарскімі сем’ямі, якія іх у свой час прымалі?
— Шчыра кажучы, недзе на 10 адсоткаў, але гэтыя 10 адсоткаў кантактаў вельмі інтэнсіўныя і вельмі добрыя! Я літаральна днямі даведаўся, што швейцарская сям’я, якая прымала 15 гадоў таму чарнобыльскае дзіця, была запрошана на вяселле гэтага дзіцяці. Гэта проста цудоўна! Я ведаю шмат нашых сем’яў, якія на сваіх аўто накіроўваюцца ў Беларусь, каб паказаць сваім дзецям гэтую краіну. Так, недзе 10 адсоткаў актыўных кантактаў. Яшчэ большую колькасць складае пастаянная перапіска паміж нашымі сем’ямі і іх чарнобыльскімі дзеткамі.
— Яшчэ гадоў пятнаццаць таму мы не маглі сабе ўявіць, што ў Беларусі, якая найбольш пацярпела ад “мірнага атама”, будзе будавацца ўласная АЭС. Як вы ставіцеся да гэтага факту?
— І ў мяне ёсць заклапочанасць у гэтым плане, і я ведаю пра заклапочанасць у іншых суседніх з Беларуссю краінах, бо гэтая атамная электрастанцыя будуецца блізка ад іх межаў. У нас у Швейцарыі была такая сітуацыя, калі мы былі вельмі блізка ад таго, каб адмовіцца ад атамнай энергіі. Але зараз зноў з’явілася эканамічнае лобі, якое адцягнула выхад з атамнай энергетыкі на дзесяць гадоў.
Я заўважаю, як разважаюць
людзі: гэта танная энергія, гэта добра для эканомікі, і тут ім нібыта на вочы
наляпілі пластар, праз які нічога не відаць. Таксама мы заўважалі і ў Японіі,
як людзі казалі: не, ніколі больш ніякай атамнай энергіі! Але там зараз зноў
уводзіцца новы рэактар у эксплуатацыю. Я мяркую, што гэта заўсёдняя барацьба
паміж дабрабытам, заможнасцю і ўсведамленнем таго, што атам ніколі не будзе
мірным.