У МНС накіравалі 300 подпісаў за спыненне будаўніцтва Астравецкай АЭС
У Дэпартамент МНС па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя Беларусі накіравана 300 подпісаў з патрабаваннем неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
Таксама падпісанты
патрабуюць раскрыць самую поўную інфармацыю пра наступствы Чарнобыльскай
катастрофы, спыніць гаспадарчае асваенне і засяленне забруджаных тэрыторый,
вяртанне ў гаспадарчы абарот зямель на забруджаных тэрыторыях, вярнуць у поўным
аб'ёме льготы ліквідатарам-чарнобыльцам і іншым групам грамадзян, якія
пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Таксама ад уладаў
патрабуюць перагледзець канцэпцыю бяспечнага пражывання людзей на тэрыторыі,
забруджанай радыёнуклідамі, і адмяніць усе нарматыўныя дакументы, законы і
ўказы, выдадзеныя з гэтай нагоды ў парушэнне Канстытуцыі; аднавіць эфектыўную
сістэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання на ўсёй тэрыторыі Беларусі,
забяспечыць захаванне нейтральнага бяз'ядзернага статусу Беларусі ў
адпаведнасці з артыкулам 18 Канстытуцыі, адмовіцца ад планаў па размяшчэнні на
тэрыторыі краіны замежных ваенных баз.
Апроч таго,
падпісанты заяўляюць пра неабходнасць арганізаваць вытворчасць прэпаратаў, якія
блакуюць радыенукліды і паскараюць іх вывад з арганізма, стварыць дзіцячы
навукова-практычны цэнтр супрацьрадыяцыйнай абароны.
«Яшчэ у 1990 года ААН прызнала беспрэцэдэнтны
характар радыяцыйна-экалагічнага бедства і надзвычайнай сітуацыі, якая склалася
ў Беларусі ў выніку доўгачасовага ўздзеяння антрапагеннай радыяцыі на сучаснае
і будучае пакаленне. З тых часоў радыяцыйная абстаноўка значна пагоршылася.
Грамадзяне Беларусі, незалежна ад месца пражывання, з прадуктамі харчавання, вырашчанымі
на забруджанай радыенуклідамі зямлі, атрымліваюць хранічнае ўнутранае
паглынанне дозы радыяцыі. Радыяцыя аслабляе ўстойлівасць чалавека да
захворванняў, робіць яго безабаронным перад любой хваробай. Гэта спрыяла таму,
што за апошнія 25 гадоў беларускі народ стаў хворай нацыяй, рэзка ўзрасло
захворванне людзей, павялічылася смяротнасць ў адносна маладым узросце,
скарацілася працягласць жыцця. Пры такой пагрозлівай сітуацыі, замест
узмацнення радыяцыйнай абароны насельніцтва ўлады фактычна ліквідавалі яе
рэшткі. Улады цалкам пазбавілі нас інфармацыі аб стане свайго здароўя, ступені
забруджанасці навакольнага асяроддзя, прадуктаў харчавання і ўласнага арганізма
радыенуклідамі. У сувязі з гэтым мы патрабуем прывесці дзяржаўную палітыку
адносна наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў адпаведнасць з рэальнай
небяспекай паўсюдна распаўсюджанай радыяцыі», — адзначыла каардынатар
антыядзернай кампаніі БХД Вольга Кавалькова.