Савет бяспекі: Беларусь удзельнічае ў «спецаперацыі» ва Украіне, «выконваючы некаторыя функцыі»
Прызналіся. Пра гэта ў праграме «Галоўны эфір» расказаў першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Павел Муравейка.
«Па-першае, мы не дапускаем удару ў спіну нашым расійскім братам. Па-другое, мы забяспечваем стабільнасць на заходніх межах. Наша групоўка супрацьпаветранай абароны забяспечвае бяспеку паветраных рубяжоў. У нас адкрыты межы для бежанцаў, для прадастаўлення гэтым людзям прытулку, магчымасці працаваць, жыць і ўступіць у грамадзянства па спрошчанай форме. Забеспячэнне бяспекі дзяцей, жанчын, аказанне медыцынскай і іншай дапамогі. Усё гэта наш уклад у гэтую спецаперацыю для кожнага з бакоў, які ў ёй удзельнічае», — заявіў ён.
«Мы — саюзнік Расійскай Федэрацыі. Мы нароўні з нашымі рускімі братамі стаім плячом да пляча і не дапусцім удараў ім у спіну, не дапусцім нападу на іх. На тэрыторыі Беларусі заўсёды павінен быць мір і парадак, што забяспечыць у тым ліку спакой у заходніх абласцях РФ», — падсумаваў Муравейка.
Раней аб тым, што Беларусь бярэ ўдзел у вайне ва Украіне, але «нікога не забівае», заявіў Лукашэнка.
— Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не дасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязацельствы. Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццём спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у спіну рускім страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел, — растлумачыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, удзел заключаецца ў лячэнні і забеспячэнні харчаваннем людзей, «і не толькі расійцаў».
Ад самага пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты па Украіне, якія забіваюць мноства людзей. Беларусь з'яўлялася плацдармам для перакідкі ўзбраенняў і вайскоўцаў з першых хвілінаў развязанай расійцамі вайны 24 лютага 2022.