Саміт міру – што гэта было (тлумачым)
Некалі ў артыкуле вікіпэдыі пра шляхі да сканчэньня вайны, якую распачала Расея супраць Украіны, сярод першых абзацаў будзе весьціся гаворка пра Саміт міру, які толькі што прайшоў у Швайцарыі. Нягледзячы на неакрэсьлены і пакуль безвыніковы характар, гэтая падзея ўжо запісаная ў сусьветную гісторыю.
Хто і навошта?
На Саміт прыехалі дэлегацыі з 92 краінаў і 8 міжурадавых арганізацыяў. Прысутнічалі каля 60 кіраўнікоў дзяржаваў.
Безумоўна, розныя ўдзельнікі разглядалі Саміт як трыбуну для прасоўваньня свайго бачаньня, ці нават бачаньня агрэсара (што было прамоўлена напрыклад праз дэлегацыю Саўдаўскай Арабіі).
Афіцыйная ўкраінская пазыцыя адносна Саміту апісаная досыць агульна, але дастаткова вычарпальна: «Фактычна гэта Саміт зьяўляецца першым крокам да справядлівага міру, заснаванага на Статуце ААН і асноўных прынцыпах міжнароднага права. Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які ўключае прынцыпы павагі тэрытарыяльнай цэласнасьці і суверэнітэту ўсіх дзяржаваў, можа і будзе служыць асновай для дасягненьня ўсебаковага, справядлівага і стабільнага міру ва Ўкраіне».
Расею на гэты Саміт не запрашалі. І гэта лягічна, бо прысутнасьць агрэсара на мерапрыемстве, якое задумвалася як падрыхтоўка і ўзмацненьне агульнага ціску на Пуціна, стала б дзіўнай. Нацыстаў не запрашалі на падобныя мерапрыемствы, напрыклад на Тэгеранскую канфэрэнцыю 1943 года, дзе прысутнічалі Чэрчыль, Рузвэльт і Сталін, але ніяк ня Гітлер.
Кітай, які мае шчыльныя сяброўскія сувязі з Расеяй, заявіў, што ня пойдзе на канфэрэнцыю, бо яна не адпавядае патрабаваньням Пэкіну, у тым ліку аб удзеле там Расеі.
Саміт ініцыявала Ўкраіна для абмеркаваньня «формулы міру» — дыпляматычнага дакумэнта з 10 пунктаў, якія неабходна выканаць для сканчэньня расейска-ўкраінскай вайны. На саміце абмяркоўваліся толькі тры пункты ініцыятывы. Сем вырашылі адкласьці на калі-небудзь потым, каб не пакрыўдзіць каго.
4 мільярды людзей супраць міру?
Гэтым правакатыўным сказам не хацелася б пакрыўдзіць ледзьве не палову насельніцтва Зямлі асабіста. Але факт застаецца фактам: на Саміце міру мы не пабачылі дэлегацыі Кітаю, Расеі (са зразумелых прычынаў) і яшчэ каля 100 краінаў сьвету.
Не падпісалі камюніке Саміту міра наступныя ўдзельнікі: Армэнія, Бахрэйн, Індыя, Інданэзія, Лібія, Мэксіка, Саўдаўская Арабія, Паўднёвая Афрыка, Тайланд, ААЭ, Арганізацыя Амэрыканскіх Дзяржаваў, АБРЭ. А таксама ў якасьці назіральнікаў на Саміце: Бразылія, Ватыкан, Канстантынопальскі Патрыярхат, ААН.
Палова з агучаных непадпісантаў – гэта дзяржавы з арганізацыі БРІКС. Нягледзячы на цалкам неабавязковы статус любых папераў, што былі падпісаныя ці не на гэтым мерапрыемстве, відавочная пазыцыя адзначаных краінаў – нагода для вельмі сур’ёзнай працы ўкраінскіх лабістаў на тых кірунках. Сапраўднай нагоды не падпісаць тое, што дрэнныя павінныя быць пакараныя – няма. Але тыя дзяржавы вырашылі адзначыцца. Нікол Пашынян, а ты напрыклад чаго? Пашана табе за зьдзекі з АДКБ і нелегітымнага Лукашэнкі, але не пакінуць подпіс на Саміце міру?
Агульная колькасьць насельніцтва непрысутных і прысутных з «адмоўным вынікам» сягае да 4 мільярдаў людзей, калі мы будзем верыць, што Ўрады прадстаўляць насельніцтва сваіх дзяржаваў. Як вы разумееце, у гэты самы момант прыблізна кожны другі чалавек у сьвеце не дачакаецца ад сваіх кіраўнікоў дзяржаваў рашучай падтрымкі таго, аб чым размаўлялі на Саміце міру.
Мы вядома памятаем, што тая ж Індыя пастаўляе зброю Ўкраіне, а Паўднёвая Афрыка дзякуючы ініцыятыве чэшскага прэзідэнта перадае тысячы артылерыйскіх зарадаў па тым жа адрасе. Толькі бізнэс – скажаце вы, і будзеце на жаль шмат у чым правы.
Да чаго прыйшлі
Больш за сто ўдзельнікаў Саміту здолелі выпрацаваць агульны дакумэнт. Італія праз словы міністра замежных справаў Антоніа Таяні вельмі канкрэтна выказалася:
«Мір не можа азначаць капітуляцыю Ўкраіны і акупацыю яе тэрыторыі Расеяй. Гэты саміт заклікае да справядлівага міру. Мы таксама гатовыя скіраваць новы пакет ваеннай дапамогі, таму што без абароны немагчыма працаваць у кірунку аднаўленьня».
Удзельнікі пацьвердзілі прыхільнасьць рэзалюцыям Генэральнай асамблеі ААН, прынятым адразу пасьля расейскага ўварваньня, якія патрабавалі поўнага і безумоўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны і спыну баявых дзеяньняў.
Аднак у распрацаваных на саміце прапановах, якія апісваюць дасягнутае яго ўдзельнікамі сумеснае бачаньне шляху да міру, няма патрабаваньня вываду расейскіх войскаў і кампэнсацыі Ўкраіне ад Расеі за разбурэньне і акупацыю. Рэпарацыі пакінем на самы канец вайны?
Удзельнікі Саміту абмежаваліся ўсяго трыма пастулатамі: адносна ядзернай бясьпекі, ваеннапалонных і харчовай бясьпекі.
Ядзерная бясьпека Ўкраіны і сьвету
Юрыдычна гарантавана, што любое выкарыстаньне ядзернай энэргіі і ядзерных установак павінна быць бясьпечным, надзейным і не наносіць шкоды навакольнаму асяродзьдзю. Украінскія атамныя электрастанцыі і ўстаноўкі, у прыватнасьці Запарожская АЭС, павінны працаваць бясьпечна пад поўным суверэнным кантролем Украіны і ў адпаведнасьці з прынцыпамі МАГАТЭ і пад яго наглядам. Адразу пасьля саміту некалькі краінаў пачалі аказваць фінансавую падтрымку ўкраінскай энэргетыцы.
Абмен палоннымі
У Камюніке прысутнічае пастулат: вызваленьне ўсіх ваеннапалонных, а таксама вяртаньне ва Ўкраіну дэпартаваных і незаконна затрыманых украінскіх дзяцей і ўкраінскіх мірных жыхароў.
Аднак здарылася даволі нечаканае: імаверны гаспадар наступнага Саміту міра праз некалькі месяцаў (калі зоркі сыйдуцца) – Саўдаўская Арабія не падпісала фінальны тэкст дакумэнта. Гэтая краіна зьбіралася правесьці самы буйны абмен украінскіх і расейскіх ваеннапалонных, а ў выніку – адмаўляецца падтрымаць збольшага праўкраінскі дакумэнт. Як лягічна можа зразумець, для саўдаўцаў мір мусіць наступіць пасьля тэрытарыяльных саступак Украіны і па правілах, вызначаных самой Расеяй.
Парты, сельскагаспадарчая прадукцыя
Здолелі прапісаць наступны тэзіс: Істотнасьць поўнага і бясьпечнага доступу да ўкраінскіх партоў у Азоўскім і Чорным моры і ўкраінскай сельгаспрадукцыі як элемента, ад якога залежыць глябальная харчовая бясьпека.
Канкрэтныя першыя вынікі Саміта міру
Чылі гатова дапамагчы ў гуманітарным разьмініраваньні. Нарвэгія вылучае каля 100 мільёнаў эўра на энэргетычны сэктар Украіны. Канада вылучае 38 мільёнаў даляраў на аднаўленьне энэргетычнай інфраструктуры, разьмініраваньне, дапамогу дзецям, пацярпелым ад вайны. Данія пастаўляе самалёты F-16 у найбліжэйшай будучыні. Яны будуць ва Ўкраіне праз прыблізна 3 тыдні.
ЗША вылучаюць 1,5 мільярды даляраў на энэргетычны сэктар (і гэта ў адсутнасьць Джо Байдэна). Мэксіка адновіць працу амбасады ва Ўкраіне. Нідэрлянды рыхтуюцца адправіць ва Ўкраіну новую партыю ваеннай тэхнікі.
На думку старшыні Эўракамісіі Уршулі фон дэр Ляэн, нельга дапусьціць працягу цяперашняй сітуацыі на полі бою. «Замарожваньне канфлікту сёньня, калі замежныя войскі акупуюць украінскую зямлю, не зьяўляецца рашэньнем», — заявіла яна на саміце.
«Гэта рэцэпт для будучых агрэсіўных войнаў», — заявіла Уршуля.
«Замест гэтага ўдзельнікі саміту павінны падтрымаць "ўсёабдымны, справядлівы і ўстойлівы мір для Ўкраіны. Гэта таксама павінна аднавіць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — дадала спадарыня фон дэр Ляэн.
Саміт і Беларусь
«Толькі Расея вінаватая ў вайне супраць Украіны, аднак Пуцін дзейнічае не адзін — яму дапамагае Лукашэнка», — заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на саміце.
«Я цяпер зьвяртаюся да ролі, якую лялька Пуціна Лукашэнка адыграў у гэтай вайне. Ён не толькі дазволіў войску Расеі напасьці на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, але і ініцыяваў шэраг гібрыдных нападаў супраць Польшчы і балтыйскіх дзяржаваў», — дадаў Дуда.
Прадстаўнік Ціханоўскай па замежных справах Валер Кавалеўскі з нагоды Саміту заявіў: «Беларусь — як дзяржава, грамадзтва і нацыя — больш за любую іншую краіну пасьля Ўкраіны пацярпела ад саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі». Паводле яго словаў, «для АПК было прынцыпова важна дамагчыся таго, каб на саміце прагучала тэма Беларусі як краіны, інтарэсы якой павінны быць улічаныя і забясьпечаныя пры дасягненьні міру. Гэтая падзея павінна стаць практычным крокам у кірунку непасрэднага ўдзелу дэмакратычных сілаў Беларусі ў мірным працэсе для Ўкраіны. Праца па ўліку беларускіх інтарэсаў у мірным працэсе будзе працягнутая», — запэўніў Кавалеўскі.
Хацелася б верыць, зрэшты іншыя праэкты спадара Кавалеўскага, як напрыклад «пашпарт новай Беларусі» падвіслі ці завіслі. Але ўдзел у падобным Саміце ў будучыні – гучыць добра. Галоўнае, каб да справы дайшло.
Расейскае пытаньне
Шматлікія сусьветныя лідары зразумелі, што адзіная мова, якую разумеюць расейцы, гэта мова сілы і болю. Адпаведна, трэба як мага мацней і эфэктыўней біць па Расеі, што, натуральна, прынясе лепшыя ўмовы пры перамовах ці ўльтыматымах.
Пуцін напярэдадні Саміту міру заявіў пра свае ўмовы для пачатку мірных перамоваў: вывесьці ўкраінскія войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласьцей, нэйтральны статус Украіны, яе «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя».
Уладзімер Зяленскі адрэагаваў: «Тут, за кулісамі, амаль усе казалі, што адным гэтым мэсэджам Пуцін перадаў усяму сьвету, што ўсё, што ён да гэтага казаў пра жаданьне скончыць вайну, памножана на нуль».
«Расея хоць заўтра можа пачаць з намі перамовы, калі яе войскі выйдуць з нашых тэрыторыяў», — заявіў Уладзімер Зяленскі.
Прэм’ер-міністар Італіі Джорджа Мэлоні падчас Саміту прамовіла:
«Мне не здаецца асабліва эфектыўным у якасьці прапановы па перамовах сказаць Украіне, што яна павінна выйсьці з Украіны. Гэта больш падобна на прапагандысцкую ініцыятыву... стварыць наратыў, які хоча даць контрінфармацыю аб тым, хто адказны за канфлікт».
«Мы шукаем магчымасьць запрашэньня Расеі на другі саміт, калі сумесны плян запрашэньня будзе гатовы, - заявіў кіраўнік Адміністрацыі Зяленскага Ярмак. Ён дадаў, што галоўнае – узгадніць плян сумесна з партнэрамі, тады яго можна будзе даць Расеі для далейшага запрашэньня іх прадстаўніка на другі саміт.
«Можа быць гэта будзе адкрыты дыялёг. Мы пакажам, што ўкраінцы — ахвяры расейскай агрэсіі, але моцная і гераічная нацыя. Мы пакажам, што можна і трэба вырашаць гэтую праблему адкрыта, за адным сталом. Не пад сталом, не шляхам нейкіх таемных перамоваў», — сказаў Ярмак.
Кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляэн пракамэнтавала вынікі саміту наступным чынам:
«Калі Расея скажа, што яна гатовая да міру на аснове статута ААН, тады надыдзе час уключыць Расею ў мірныя намаганьні. І ісьці да міру як фінальнай стадыі. Я спадзяюся, гэта надыйдзе хутка».
Працяг неўзабаве?
Другі мірны саміт па Ўкраіне магчымы да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, якія адбудуцца ў лістападзе. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Швайцарыі Ігнацыа Касіс. Зяленскі, у сваю чаргу, сказаў:
«У нас ужо ёсьць краіны, якія выказалі зацікаўленасьць прыняць у сябе другі саміт міру, і мы пачалі зь імі перамовы. Падрыхтоўка да другога саміту павінна цягнуцца месяцы, а не гады».