Пуцін загадаў забраць ва ўласнасць Расіі Запарожскую АЭС
Адпаведны ўказ расійскі кіраўнік падпісаў сёння. У ім гаворка ідзе пра «прыняцце ў федэральную ўласнасць аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі Запарожскай атамнай электрастанцыі».
Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін сёння адзначыўся шэрагам гучных дзеянняў: ён падпісаў закон аб анексіі тэрыторый чатырох абласцей Украіны, узнагародзіў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава званнем генерал-палкоўніка, а таксама падпісаў указ аб захопе Расіяй Запарожскай АЭС, паведамляе dw.com. У гэтым указе Пуцін даручыў расійскаму ўраду «забяспечыць прыняцце ў федэральную ўласнасць аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі Запарожскай атамнай электрастанцыі». Акрамя таго, для эксплуатацыі станцыі плануецца стварыць ФГУП «Запарожская АЭС» і АТ «Эксплуатацыйная арганізацыя Запарожскай АЭС».
Украінскаму персаналу станцыі сталі пагражаць, што іх могуць прымусіць ваяваць на баку Расіі, калі яны не падпішуць дакументы аб пераходзе на працу ў «Расатам», піша «Бі-бі-сі».
Нагадаем, найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя, якая знаходзіцца ў Запарожскай вобласці Украіны была захопленая расійцамі 25 лютага. З таго часу Расія шантажуе Украіну і свет ядзерным выбухам, рэгулярна абстрэльвае і мініруе тэрыторыю АЭС, а нядаўна выкрала і звезла ў невядомым кірунку кіраўніка атамнай электрастанцыі.
Пасля навіны пра указ Пуціна гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што экстрана выязджае ў Кіеў:
«Едзем у Кіеў на важныя сустрэчы. Ядзерная бяспека і зона бяспекі вакол Запарожскай АЭС цяпер патрэбныя як ніколі», — напісаў ён у сваім Twitter.
Украіна сёння паведаміла пра пачатак дэакупацыі Луганскай вобласці. На дадзены момант паведамляецца пра вызваленне некалькіх населеных пунктаў.