Пуцін у Беларусі: проста папіць гарбаты
Тое, што вынесена ў загаловак — гэта адказ на пытанне, чаму і навошта прылятаў у Беларусь Уладзімір Пуцін. І не трэба думаць, што ён прылятаў дзеля «ціску на Лукашэнку» ва ўкраінскім пытанні, альбо для абмеркавання нейкіх там эканамічных праблем.
Канешне, уся праблема ў тым, што нам не паведамляюць пра многае, пра што размаўлялі кіраўнікі дзяржаў. Праз гэта ўзнікла багата здагадак, канспіралагічных тэорый, і ўвогуле — проста вырай для ўсялякіх аналітыкаў і аглядальнікаў. Ёсць дзе разгарнуцца фантазіі не толькі з таго, пра што паведамілі, але і з таго, пра што нам не паведамілі. І нават пэўныя высновы мы робім не з інфармацыі, а з паводзінаў дзвюх асобаў — як блізка яны адзін да аднаго стаялі і як адзін аднаго называлі.
А тое, што нам паведамілі, шчыра кажучы, проста не выглядае сур’ёзна.
Напрыклад, як найвялікшае дасягненне Лукашэнка паднёс тое, што бакі дамовіліся пра цану на газ для Беларусі. І больш за тое, гэтая дамоўленасць па цане на газ дасягнутая на тры гады.
Канешне! А як інакш? Цана на газ і на нафту — гэта важнейшы складнік расійскага бюджэту. Адпаведна, там павінны былі палічыць, калі, каму і колькі прадаюць газу, і якія грошы ад гэтага атрымае бюджэт Расіі. Федэральны бюджэт РФ быў прыняты яшчэ напрыканцы лістапада гэтага года, і фармуецца ён не штогадова, як у Беларусі, а адразу на тры гады.
І дасягненне гэта, безумоўна, не перамоў кіраўнікоў дзяржаў, а ўсяго толькі абумоўленае асаблівасцямі расійскага бюджэту.
Падчас прэс-канферэнцыі бакі паведамілі, што Беларусь ужо паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расіяй комплексы С-400 і «Іскандэры».
Выбачайце, гэтая навіна ўжо неаднаразова «пратухла». Пра тое, што С-400 і «Іскандэры» ў Беларусі ўжо ёсць, мы пісалі паўгода таму — яшчэ ў траўні.
На той жа прэс-канферэнцыі было заяўлена, што ў планах двух дзяржаў — падрыхтоўка экіпажаў баявых самалётаў беларускай арміі, якія ўжо пераабсталяваныя для магчымага прымянення боепрыпасаў паветранага базавання са «спецыяльнай баявой часткай». І гэта таксама не навіна, а, хутчэй, няпраўда. Няпраўда не ў тым, што будуць вучыць экіпажы самалётаў, а ў тым, што яны ўжо «пераабсталяваныя» — пра гэта мы таксама пісалі, толькі ўжо ў верасні.
Карацей, пад выглядам вялікіх дасягненняў нам паспрабавалі данесці тое, што даўно ўжо здарылася. Мабыць, разлічваючы на кароткую памяць. Але памятае нават не Гугл, а просты пашукавік па сайту «Новага Часу».
Дык навошта ж Пуцін прылятаў у Сінявокую? Падаецца, справа тут ва ўнутранай палітыцы, прычым, не Беларусі, а Расіі.
Пуціну вельмі няўтульна ў межах Расіі. Ён жа пазіцыянуе сябе, як кіраўнік «вялікай і моцнай дзяржавы» з прэтэнзіяй на сусветнае лідарства. Але стасавацца з гэтым «сусветным лідарам» не жадаюць не тое што іншыя такія ж лідары, а нават свае саюзнікі. Памятаеце знакамітае фота, як кіраўнікі іншых постсавецкіх краін на саміце АДКБ у час агульнага фота імкнуліся стаць ад Пуціна падалей? А доўгую дыскусію пра тое, ці трэба запрашаць Пуціна на саміт G20? Вось-вось, гэта яно.
Гэта Лукашэнку звыкла, бо яго даўно нікуды не запрашаюць. А Пуцін хацеў бы радкоў у прэсе пра тое, што ён ажыццявіў важны замежны візіт.
Да таго ж у Расіі на фоне вайны нават у самых «ура-патрыётаў» з’явіліся пытанні да іх галоўнакамандуючага. Вось Зяленскі штодня і відосікі са зваротамі піша, і на лінію фронту ездзіць, і нарады праводзіць, і міжнародную павестку паспявае каментаваць. А «наш» дзе? І мянушка «бункерны дзед» стала цалкам ужывальнай не толькі ў шэрагах расійскіх апазіцыянераў.
Вось і спатрэбілася Пуціну «вылезці з бункера». А куды яшчэ можна паехаць, калі цябе нідзе не прымаюць? Толькі да «бліжэйшага саюзніка».
Дый Лукашэнку такі візіт — маральная падтрымка. Як жа. Тры з паловай гады ён лётаў да Пуціна, правёў дзясяткі сустрэч з ім на яго тэрыторыі, і нават сталі казаць пра тое, што Пуцін выклікае яго да сябе, як нейкага губернатара… Таму візіт у адказ проста напрошваўся, — проста як «статуснае» мерапрыемства, якое па-факце, нічога не вырашае, але паказвае ўсяму свету, што яны яшчэ «о-го-го».
І нават словы прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі пра тое, што ў выніку сустрэчы двух кіраўнікоў удалося ўгаварыць Расію на рэструктурызацыю беларускай дзяржаўнай запазычанасці, не павінны нікога падмануць. Бо Галоўчанка дадаў фразу: «У гэтых умовах ёсць магчымасць падтрымаць беларускую эканоміку. Трэба далічыць канчаткова суму».
Вы памятаеце, колькі разоў «далічвалася» сума па «імпартазамяшчальным» крэдыце Расіі? Які быў дамоўлены ўвесну, а канчаткова ўзгоднены толькі бліжэй да канца года? Вось то-та ж бо.