Пуцін рыхтуе тэракт на ЧАЭС — украінская выведка

На кантраляванай расійскімі войскамі ЧАЭС плануецца стварэнне тэхнагеннай катастрофы, адказнасць за якую акупанты паспрабуюць перакласці на Украіну.

czaes_1.jpg


Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведамляе, што паводле яго інфармацыі, Уладзімір Пуцін аддаў загад аб падрыхтоўцы тэракту на Чарнобыльскай атамнай станцыі. 
Зараз ЧАЭС цалкам адключаны ад сістэм маніторынгу Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Станцыя абясточаная. Рэсурс наяўных дызель-генератараў разлічаны на 48 гадзін падтрымання працы сістэм бяспекі.
Акупанты адмовіліся даць доступ да станцыі ўкраінскім рамонтнікам. Затое туды, па ўказанні Аляксандра Лукашэнкі, зайшлі "беларускія спецыялісты", паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі МА Украіны. Сярод іх, пад выглядам атамшчыкаў заходзяць таксама расійскія дыверсанты для арганізацыі тэракту.
Разам з тым, на працягу апошніх дзён пуцінскія войскі нанеслі ўдары па Запарожскай АЭС і Харкаўскім фізіка-тэхнічным інстытуту (там знаходзіцца эксперыментальны ядзерны рэактар).
Для імітацыі датычнасці ўкраінскіх вайскоўцаў да аварыі на ЧАЭС акупанты спрабуюць стварыць фэйкавыя "довады" ў пацверджанне сваёй версіі. У прыватнасці, у раёне аэрапорта Антонаў у Гастомелі заўважаныя расійскія аўтамабільныя рэфрыжэратары, якія збіраюць целы загінулых украінскіх абаронцаў. Існуе верагоднасць, што іх будуць выдаваць за забітых дыверсантаў у зоне ЧАЭС.