Пуцін і канцлер Аўстрыі правялі закрытыя перамовы па сітуацыі ва Украіне

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў перамовы з канцлерам Аўстрыі Карлам Няхамерам, які прыляцеў у Маскву. Ён стаў першым еўрапейскім лідарам, які асабіста сустрэўся з Пуціным пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

fotoram.io_logo.jpg


У суботу канцлер Аўстрыі Карл Няхамер наведаў Кіеў, дзе правёў сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Сустрэча Няхамера з Пуціным працягвалася ў Нова-Агарове каля паўтары гадзіны і праходзіла ў закрытым фармаце — без пратакольных кадраў і выніковай заявы для прэсы. Паводле слоў прэс-сакратара прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Пяскова, на такім фармаце настойваў аўстрыйскі бок.
Як раней паведамляў Няхамер у «Твітары», з Пуціным ён збіраецца абмяркоўваць спыненне агню, арганізацыю гуманітарных калідораў і расследаванне ваенных злачынстваў ва Украіне.
«Мы [Аўстрыя] нейтральныя ў вайсковых адносінах, але ў нас ёсць выразная пазіцыя ў дачыненні да агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Ён [Пуцін] павінен спыніцца!» — напісаў канцлер Аўстрыі.
Ён таксама паведаміў, што праінфармаваў аб сваім візіце ў Маскву Зяленскага, старшыню Еўрапейскай камісіі Урсулу фон дэр Ляйен, кіраўніка Еўрапейскай рады Шарля Мішэля, канцлера Германіі Олафа Шольца і прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
На перамовах з Пуціным Няхамер пастараецца «навесці масты» і «зрабіць усё магчымае, каб наблізіцца да міру», пісала аўстрыйская газета «Kronen Zeitung».
Для Няхамера гэта першы кантакт з Пуціным на пасадзе кіраўніка аўстрыйскага ўрада. Да гэтага яны нават не размаўлялі па тэлефоне.
Няхамер — першы еўрапейскі лідар, які асабіста сустрэўся з Пуціным пасля ўварвання расійскай арміі ў Украіну.
Зяленскі ж за гэты час правёў сустрэчы з Урсулай фон дэр Ляен, кіраўніком дыпламатыі Еўрасаюза Жазэпам Барэлем, прэм'ерам Брытаніі Борысам Джонсанам, а таксама прэм'ер-міністрамі Польшчы, Чэхіі, Славеніі і Славакіі.
Паводле bbc.com.