Пуцін даў Лукашэнку два месяцы?
Па словах расійскага палітолага Валерыя Салаўя, 14 верасня ў Сочы на закрытай частцы перамоваў кіраўнік Крамля даў Лукашэнку тэрмін на рашэнне крызісу ў Беларусі.
Валерый Салавей, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў асяроддзі Уладзіміра Пуціна, распавёў, што другая, схаваная частка перамоваў не тычылася грошай або інтэграцыі: «Яна тычылася не аншлюсу, не, кажучы тэрміналогіяй Крамля, шчыльнай інтэграцыі дзвюх краін. Гаворка ішла пра тое, што Пуцін сказаў Лукашэнку: «У цябе два месяцы для вырашэння палітычнага крызісу. А вось потым мы пагаворым». Але для Лукашэнкі, таксама, як і для Крамля, два месяцы — гэта дыстанцыя вялізнага памеру. Гэта фактычна стратэгічны выйгрыш па цяперашніх часах».
Таксама Пуцін паабяцаў Аляксандру Лукашэнку адвесці войскі ад мяжы з Беларуссю і вывесці пасля вучэнняў «Славянскае братэрства» дэсантнікаў з-пад Брэста.
«Таму Лукашэнка меў другую нагоду для радасці, паколькі Пуцін адмовіўся ад ідэі імгненнага ўварвання ў Беларусь. І далей на Захад. Гэта вельмі важны вынік», — лічыць Валерый Салавей.
На думку расійскага палітолага, Уладзімір Пуцін стаміўся ад праўлення РФ. І гэта адна з прычын, чаму ён адмовіўся ад ўварвання ў Беларусь. Хоць, на думку Валерыя Салаўёва, ён гэта планаваў.
«Пазіцыя Крамля, дакладней, пазіцыя самога Пуціна змянілася літаральна ў апошнія дзесяць дзён. Ён баіцца далучаць Беларусь. Таму што гэта азначала б далучыць мяцежную правінцыю, з перспектывай, што гэты мяцеж перакінецца на ўласную тэрыторыю. І гэта выклікала шчыры страх», — лічыць палітолаг.
«Але ёсць тут яшчэ іншая акалічнасць, якая хутка будзе бачная ўсім вонкавым назіральнікам. Яна ўжо вельмі добра бачная тым, хто знаходзіцца ў Крамлі. Пуцін стаміўся. Ён гатовы, і, падобна, ужо адмаўляецца ад усіх сваіх вялікіх планаў. Ад ідэі аднаўлення расійскай велічы. Ад вялікага кідка на Захад. І, падобна, што ўсе гэтыя планы застапарыліся праз беларускі камень. Усё спынена. Яны больш не абмяркоўваюцца», — перадае словы расійскага палітолага «Эхо Москвы».
Паводле telegraf.by