Праваабаронцу могуць пазбавіць віда на жыхарства ў Беларусі

Улады распачалі працэдуру пазбаўлення віда на жыхарства ў дачыненні да вядомай праваабаронцы Алены Танкачовай, старшыні праўлення асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» (Lawtrend).



unnamed_1_.jpg

Танкачова з’яўляецца грамадзянкай Расіі, хоць ужо трыццаць гадоў жыве ў Беларусі. Прадстаўнікі іншых праваабарончых арганізацыяў выказваюць салідарнасць з калегай.

Алена Танкачова паведаміла БелаПАН, што 23 верасня яна атрымала ўведамленне пра пачатак працэдуры анулявання віда на жыхарства.

«Я прадпрымаю ўсе неабходныя юрыдычныя захады, якія, магчыма, могуць паўплываць на сітуацыю», — сказала праваабаронца. Ад далейшых каментароў яна адмовілася.

Па словах кіраўніка юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, падставаю для пазбаўлення чалавека віда на жыхарства могуць быць парушэнні ім заканадаўства Беларусі.

«У інтэрнэце ёсць звесткі (наколькі яны сапраўдныя, іншые пытанне), што Танкачова двойчы парушала правілы кіравання аўтамабілем. Яна сапраўды мае машыну, але трэба высвятляць, наколькі грубымі былі тыя парушэнні (калі яны сапраўды мелі месца), каб пацягнуць за сабою працэдуру пазбаўлення віда на жыхарства», — адзначае юрыст.

У той жа час, кажа ён, гэтая працэдура можа быць наўпрост звязана з грамадскай і праваабарончай дзейнасцю Танкачовай.

«Натуральна, калі мы маем на ўвазе канкрэтнага чалавека, мы мусім ацаніць не толькі фармальныя бакі гэтай справы, але і канкрэтныя абставіны асабовага характару. Алена — вядомы чалавек у галіне абароны правоў чалавека, ачольвае праваабрончую арганізацыю, зарэгістраваную ў якасці рэгіянальнай ва ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама, яна публічна крытыкуе ўладу за парушэнне правоў людзей. Наша ўлада яўна недэмакратычная, яна кепска ставіцца да праваабаронцаў, таму нельга выключаць, што гэтая працэдура звязана з дзейнасцю Алены», — лічыць Гары Паганяйла.

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч, як і ягоныя калегі, таксама разглядае гэты факт як расправу над Танкачовай за яе праваабарончую дзейнасць.

«Гэта адзіная прычына, бо яна не парушала заканадаўства Рэспублікі Беларусь, яна і яе сям’я ўжо даўно стала жыве ў Беларусі і мае повязі з Беларуссю, яна абсалютна інтэгравана ў беларускае грамадства. Калі гэтая працэдура прывядзе да таго, што Алена Танкачова будзе вымушана пакінуць Беларусь, то гэта будзе толькі з-за яе праваабарончай дзейнасці», — упэўнены Лабковіч.

Паводле юрыстаў, рашэнне аб пазбаўленні віда на жыхарства, калі такое будзе мець месца, можа быць абскарджана ў суд ці пракурору. Як адзначае Уладзімір Лабковіч, Танкачова скончыла юрфак Белдзяржуніверсітэта, таму дасканала ведае ўсе працэдуры і захады, якія цяпер трэба рабіць.

«Можна паспрабаваць атрымаць беларускае грамадзянства, балазе ў Танкачовай ёсць для гэтага ўсе падставы, калі разглядаць справу з прававога пункту гледжання», — мяркуе Лабковіч.

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) з’яўляецца некамерцыйнай структурай, мэтаю якой ёсць павышэнне прававой культуры, арганізацыя асветніцкай, аналітычнай і даследніцкай дзецйнасці ў галіне права.