Пра што дамовіліся?
Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ўсё ж выклікае больш пытанняў, чым адказаў. Бо такі варыянт урэгулявання спрэчкі — гэта, дэ-факта, параза афіцыйнага Мінска.
Вынікі сустрэчы пакінулі незалежніцкую супольнасць у роспачы: маўляў, беларускі правадыр «здае суверэнітэт» і «мяняе нафту на вайсковую базу ці расійскую вайсковую прысутнасць». Узгадваюцца вучэнні «Захад–2017» і шмат іншых панічных тэорый. Але ці варта панікаваць?
Насамрэч, мы нічога, акрамя агульных словаў, ад іх не пачулі. Лукашэнка падзякаваў Пуціну, што «пайшлі нам насустрач у плане рэфінансавання запазычанасцяў сёлета». Наконт нафтагазавай спрэчкі адзначыў: «Мы вырашылі гэтыя пытанні. Думаю, што на працягу 10 дзён нашы ўрады гэта ўсе фармалізуюць і ўвядуць нашы эканомікі ў нармальны рытм працы».
Пуцін жа дадаў: «Мы вызначылі схему, пры якой мы захоўваем нашы падыходы і збліжаем нашы пазіцыі па цэнах. Мы знайшлі магчымасць узаемных саступак і дамовіліся пра тое, як будзем працаваць у гэтай сферы не толькі ў гэтым годзе, 2018–2019 гадах». Ён прызнаўся, што паразмаўлялі кіраўнікі краін і пра санкцыі Рассельгаснагляду ў дачыненні да беларускіх вытворцаў прадуктаў харчавання. «Я папрасіў урад Расійскай Федэрацыі, каб на гэтым тыдні нашы спецыялісты выехалі ў Беларусь і прапрацавалі ўсе пытанні з калегамі на адпаведных прадпрыемствах, у дачыненні да якіх паўсталі нейкія сумневы з пункту гледжання захавання нашых фітасанітарных нормаў. Я думаю, што гэтыя пытанні, якія вырашаюцца ў ходзе практычнай сумеснай працы», — сказаў Пуцін.
Што з гэтых словаў вынікае?
Вынік першы: Расія ў гэтым годзе рэфінансуе нашы запазычанасці.
Вынік другі: нафтагазавыя пытанні «фармалізуюць» урады. Гэта, насамрэч, не вынік, а якраз наадварот. Віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч ужо заявіў, што «будуць скарэктаваныя некаторыя міжурадавыя дакументы, якія датычацца ўзаемаадносін у сферы газу і нафты», Беларусь верне Расіі запазычанасць за газ — 726 мільёнаў долараў, пасля гэтага адновяцца пастаўкі нафты ў Сінявокую, і ўжо потым «Газпром» дасць зніжку ў выглядзе паніжальнага каэфіцыента да формулы, звязанай з цаной, пачынаючы з 2018 па канец 2019 года.
Выбачайце, але ўсё гэта — даўно вядомая пазіцыя расійскага боку, па якой ужо год не могуць дамовіцца. «Аплаціце за газ, і тады адновяцца пастаўкі нафты», — гэта мы чуем ад расійскіх прэм’ераў з таго часу, як гэтая запазычанасць узнікла. І гэтую запазычанасць Беларусь не прызнае ўвогуле.
Такі варыянт урэгулявання спрэчкі — гэта, дэ-факта, параза афіцыйнага Мінска. Бо наш урад жадае «роўнадаходных коштаў на газ згодна з міжурадавымі пагадненнямі». Калі міжурадавыя пагадненні будуць карэктавацца, то пакуль невядома, у які бок. Гэтая карэктоўка, па-першае, наўрад ці ўкладзецца ў азначаны Лукашэнкам дзесяцідзённы тэрмін, а па-другое, дае глебу для далейшых спрэчак і непаразуменняў.
Таму сумнеўна, што Аляксандр Лукашэнка памяняў такую цмяную дамоўленасць на суверэнітэт і прысутнасць расійскіх войскаў.
У той час, як Пуцін з Лукашэнкам абмяркоўваў у Санкт-Пецярбургу візіт спецыялістаў Рассельгаснагляду на беларускія заводы, Аляксандр Канюк — генеральны пракурор Беларусі, — у Мінску заявіў журналістам, што кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт персанальна нанёс шкоду Беларусі, ужо не кажучы пра работнікаў гэтага ведамства.
Выказванне генпракурора пра вінаватасць Данкверта не тое што да суду, але і да заканчэння следства, мы пакінем на яго юрыдычным сумленні. Але зараз спецыялістам Рассельгаснагляду не пазайздросціш. З аднаго боку, не ехаць у Беларусь — гэта аслухацца Пуціна. Калі ж ехаць — з вялікай доляй верагоднасці апынуцца пад крымінальнай справай. Там, у Рассельгаснаглядзе, добра памятаюць пра лёс Баўмгертнера. Крымінальная справа супраць яго ў выніку развалілася, але яна абышлася былому гендырэктару «Уралкалія» ў паўтара гады абмежавання волі, з іх два месяцы — за кратамі. Месяц у турме беларускага КДБ і месяц — у расійскім следчым ізалятары «Воднік». Наўрад ці кагосьці з расійскіх інспектараў радуе такая перспектыва.
Пра што яшчэ «дамовіліся» кіраўнікі дзяржаў? Пра пытанні бяспекі, супрацоўніцтва ў прамысловасці, касмічнай сферы, і «пацвердзілі сваё імкненне да ліпеня 2019-га стварыць асноватворныя правілы па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі, а да канца гэтага года — па стварэнні адзінага рынку газу». То бок, гэта толькі словы, якія ўжо гучалі раней.
Такім чынам, канкрэтная дамоўленасць дасягнутая толькі адна: пра рэфінансаванне запазычанасцяў. І тое хлеб. А вось астатняе яшчэ пад пытаннем.