«Плённа папрацавалі». Як адбываліся перамовы лідараў Беларусі і Расіі ў Сочы

Лідары размаўлялі, елі-пілі, падымаючы тосты, зноў размаўлялі. Але кіраўнік Беларусі з'ехаў без заяў для прэсы: дарожныя карты не падпісаныя, наступная сустрэча — 20 снежня.

Перамовы ў Сочы. Фота Пул №3

Перамовы ў Сочы. Фота Пул №3

Уладзімір Пуцін падарыў Аляксандру Лукашэнку самавар «ў рускім стылі», Лукашэнка Пуціну — беларускія цукеркі, сыр, хрэн, каўбасу і сала, паказвае БТ.
Перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Сочы напярэдадні доўжыліся больш за пяць гадзін з перапынкам на ўрачысты абед. Такім чынам, як гэта было.
Як піша Telegram-канал Пул N3, дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрамі Сяргеем Румасам і Дзмітрыем Мядзведзевым абедалі асобна. Пуцін і Лукашэнка абедалі ўдваіх. Пасля трапезы, у меню якой былі барабулька з артышокамі, карэ цяля з запечаным лукам, шарбет з мандарына і віна з Дзіўнаморскага, перамовы працягнуліся.
Расійскі віцэ-прэм'ер Дзмітрый Козак двойчы выходзіў на «перакур», без заяваў для прэсы. У першы раз ён сказаў журналістам: «Толькі не пытайцеся, ні на адно пытанне не адкажу». У другі: «Чакайце, тым цікавей будзе вынік».
У выніку, калі перамовы скончыліся, Лукашэнка з'ехаў з рэзідэнцыі «Бачароў ручай» без заяваў для прэсы. Аб выніках прыйшлося даваць справаздачу кіраўніку Мінэканамразвіцця Расіі Максіму Арэшкіну. Як адзначае «Пул №3», апавяданне міністра пасля пяцігадзінных перамоваў заняло цэлую хвіліну. Дадамо, што і ў гэтай хвіліне было шмат «вады», мала канкрэтыкі, і ў цэлым, без складаназлучаных прапаноў.
— Плённа папрацавалі. Дасягнулі прагрэсу. Атрыманы ўказанні. Пачынаем прапрацоўваць. На 20 снежня ў прэзідэнтаў прызначаныя сустрэча ў Пецярбургу, — сказаў Арэшкін.
Такім чынам, галоўны вынік перамоў — ўсе рашэнні адкладзеныя на два тыдні, урадам даручана яшчэ папрацаваць над інтэграцыяй.
gazetaby.com