Народнае Антыкрызіснае Кіраванне прапанавала два сцэнары транзіту ўлады
Дакумент з базавымі сцэнарамі механізмаў транзіту ўлады, распрацаванымі НАК, апублікаваў сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка. Мяркуецца, што гэты дакумент можа быць пакладзены ў аснову для далейшага абмеркавання і дапрацоўкі дэмакратычнымі сіламі і грамадствам Беларусі.
Важна ўлічваць, што бягучы крызіс выкліканы грубым шматразовым парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гвалтоўным утрыманнем улады з выкарыстаннем узброеных сіл і праваахоўных органаў пад кіраваннем грамадзяніна Лукашэнкі. Нелегітымнасць прэзідэнцтва Лукашэнкі прызнаная як грамадзянамі Беларусі, так і міжнароднай супольнасцю.
Найбольш эфектыўны сцэнар выхаду з крызісу — Канстытуцыйны варыянт транзіту ўлады праз грамадскі дыялог, заяўляе НАК.
Для пачатку грамадскага дыялогу неабходна поўнае выкананне ўмоў:1) спыненне гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян.2) вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.3) узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынстваў, фальсіфікацыі выбараў.
Грамадскі дыялог мае сілу, калі ў ім удзельнічаюць нацыянальны лідар Святлана Ціханоўская, Каардынацыйная рада, НАК і палітычныя лідары, падвергнутыя рэпрэсіям. Дыялог з прадстаўнікамі самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі праводзіцца пры садзейнічанні і гарантыях міжнародных пасярэднікаў.
У выніку павінны быць дасягнуты базавыя дамоўленасці, сярод якіх:
- спыненне паўнамоцтваў самаабвешчаным (самаабвешчанага) прэзідэнтам (а) Беларусі і прызначэнне Святланы Ціханоўскай прэм'ер-міністрам, надзеленым паўнамоцтвамі прэзідэнта Беларусі.
- адстаўка ўсіх службовых асоб, датычных да злачынстваў.
- парадак і тэрміны абрання новага прэзідэнта на свабодных і дэмакратычных выбарах пры ўмове фармавання новага складу ЦВК.
У выпадку адмовы самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі рухацца да рэалізацыі канстытуцыйнага транзіту ўлады — ужываецца сцэнар грамадска-прававога механізму, які грунтуецца на тым, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ.
Яго рэалізацыя адбываецца праз прынясенне прысягі народу Беларусі абраным прэзідэнтам Святланай Ціханоўскай. Яна прызначае прэм'ер-міністра і фармуе антыкрызісны ўрад. Разам з гэтым, фармуецца новы склад ЦВК, каб праз 40-70 дзён з моманту ўступлення ў пасаду, быў абраны новы прэзідэнт на свабодных і дэмакратычных выбарах.
Неад'емнае пытанне прыняцця новай Канстытуцыі вырашаецца пасля абрання новага прэзідэнта ў мэтах забеспячэння стабільнасці кіравання дзяржавай у пераходны перыяд.
Народнае Антыкрызіснае кіраванне паслядоўна працуе над рэалізацыяй кожнага з этапаў, апісаных у дакуменце, каб забяспечыць іх выкананне.
З больш падрабязным тэкстам апісання сцэнарыяў вы можаце азнаёміцца па спасылцы.