Намеснік міністра эканомікі: Выбар паміж Захадам і Усходам для Беларусі непрымальны

Першы намеснік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі ўзяў актыўны ўдзел у Трэцім бізнэс-форуме «Усходняга партнёрства» ў Рызе.



zabarouski.jpg

У рамках Трэцяга бізнэс-форуму «Усходняга партнёрства» прадстаўнікі ўладаў Беларусі і беларускія прадпрымальнікі праводзяць перамовы з калегамі з Еўрасаюзу.
Як паведаміў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Беларусі на форуме, першы намеснік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі, сёння ў яго ўжо адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду Латвіі:
«Сёння мы вельмі актыўна папрацавалі з нашымі латвійскімі калегамі, сёння цудоўна прайшла секцыя і першая пленарная сесія форуму, сёння мы абмяркоўвалі магчымыя варыянты развіцця фінансавага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам. Мы таксама паглядзелі кірунак канкрэтных праектаў у галіне транзіту, развіцця транзытных магчымасцяў, якія існуюць у нас і якія цікавыя для прыбалтыйскіх дзяржаў. І сёння вельмі важна, што мы пераходзім на супрацоўніцтва, якое з'яўляецца комплексным і ўзаемавыгадным для двух бакоў — для Беларусі, Латвіі і для больш шырокага кола краін, якія ўваходзяць у еўрапейскую палітыку партнёрства. У Беларусі тут вельмі канкрэтныя, ясныя прагматычныя інтарэсы, якія мы абазначаем. Гэтыя інтарэсы накіраваныя на развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва, на кааперацыю, і яны з'яўляюцца максімальна канкрэтнымі».
Спадар Забароўскі заявіў, што ў адносінах Беларусі і Еўрасаюзу назіраецца прагрэс:
«Амаль падвоіўся лік супольных праектаў, павялічыўся аб’ём узаемных інвестыцыяў у кірунках Беларусь — ЕС, ЕС — Беларусь. І, нягледзячы на складаную эканамічную абстаноўку ў Еўропе, на рызыкі і доўгатэрміновыя выклікі, мы разам з нашымі еўрапейскімі калегамі шукаем варыянты вырашэння гэтых пытанняў. А бізнэс — гэта самы галоўны драйвер паляпшэння адносін і канкрэтных вынікаў. І тое, што наша дэлегацыя тут адна з самых шматлікіх сярод усіх краін партнёрства, паказвае, што ёсць канкрэтныя рэальныя праекты, якія дазваляюць нам, умацоўваючы эканамічныя сувязі, дыверсіфікаваць і пастаўкі, і інвестыцыйнае, і фінансавае супрацоўніцтва, такім чынам ствараючы неабходнае асяроддзе для паспяховасці і бізнэсу, і дыялогу на ўзроўні ўрадаў».
На пытанне журналістаў, ці не перашкаджаюць гэтаму палітычныя праблемы ў адносінах з Еўрасаюзам, першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі адказаў:
«Пастаноўка пытання пра выбар паміж Захадам і Усходам, Брусэлем ці Масквою, а таксама рознага роду штампы — непрымальныя. На сённяшні дзень мы бачым, што, канструктыўна працуючы з Еўрапейскім Саюзам, мы гатовыя падвышаць эфектыўнасць нашых адносін, падвышаць эфектыўнасць доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам. Гэта вельмі важны галоўны трэнд».
Адказваючы на пытанне наконт развіцця прыватызацыі ў Беларусі, спадар Забароўскі заявіў, што на сёння няма гаворкі пра маштабную кампанію прыватызацыі ў краіне.
svaboda.org