Міхаіл Падаляк: Часовага перамір'я з Расіяй не будзе

«Часовае перамір'е з Расійскай Федэрацыяй — гэта заўсёды шлях да далейшай эскалацыі і вайны. Яго не можа быць. Неабходна замацаваць такія ўмовы, якія не дазволяць РФ нават думаць пра тое, каб страляць па тэрыторыі Украіны або пераходзіць нашы межы. Часовае перамір'е — гэта стымуляванне РФ да наступных агрэсіўных дзеянняў», — заявіў у нтэрв'ю «РБК-Украіна» дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны і чалец украінскай перамоўнай дэлегацыі Міхаіл Падаляк.

____40074_650x410.jpg


На пытанне, ці можа расійскае ўварванне скончыцца падпісаннем умоўнага «Мінска-3», «Будапешта-2»  або «Стамбула-1», дарадца прэзідэнта Украіны адказаў:
«Прэзідэнт Зяленскі значна глыбей у матэрыяле, чым хто заўгодна сёння, ён разумее ўсе рызыкі любых незавершаных спраў і бачыць перспектыву на дзясяткі гадоў наперад. Таму мы не будзем ісці ні на "Мінск-3", ні на "Будапешт-2" — гэта ўсё не мае сэнсу. У гістарычнай перспектыве, нават кароткатэрміновай, усе гэтыя "мінскі" прыводзяць да грандыёзных трагедый. Усе гэтыя дамоўленасці без рэальных прэвентыўных механізмаў папярэджання вайны — не будуць дзейнічаць. Мы на гэта не пойдзем, гэта прынцыповае пытанне».
Міхаіл Падаляк пракаментаваў пытанне, ці гатовы ўкраінскі бок вынесці асобныя пытанні — напрыклад, Крым, — кудысьці «за дужкі», калі гэта стане непераадольнай перашкодай для падпісання мірнай дамовы:
«У нас ёсць формула, прапанаваная Украінай, мы ў рамках гэтай формулы будзем ісці. Тэрытарыяльная цэласнасць — непарушны пастулат для Украіны і для прэзідэнта Зяленскага, ён гэта неаднаразова падкрэсліваў. На фоне апошніх падзей, звязаных з Кіеўскай вобласцю (а я так разумею, што такія ж масавыя пахаванні мы ўбачым на ўсходзе Украіне, асабліва ў Марыупалі), ніякіх іншых прапаноў быць не можа.
Усё, што тычыцца тэрытарыяльнай цэласнасці, вызначаецца выключна прэзідэнтам Украіны. Ён сваю пазіцыю неаднаразова выказваў: Крым — гэта непарушная частка Украіны. Усе тэрыторыі Украіны — гэта Украіна».