Лукашэнка палохае агрэсіяй NАТO, каб апраўдаць тое, што апраўдаць немагчыма
Для чаго Лукашэнка працягвае выконваць ролю прэс-сакратара Пуціна, тлумачыць палітолаг Павел Усаў.
Павел Усаў распавёў пра гэта на сваім YouTube-канале.
— Лукашэнка на саміце Еўразійскага эканамічнага саюзу раскрыў новыя планы «каварнага» NАТO па захопе Беларусі і планы па пачатку вайны супраць Расіі, — кажа Усаў. — Гэтыя планы, паводле Лукашэнкі, заключаліся ў наступным: перш за ўсё у 20-м годзе NАТO, выкарыстоўваючы электаральную рэвалюцыю ў Беларусі, павінна было б цалкам захапіць нашу краіну і ўвесці сюды неабмежаваны вайсковы кантынгент і размясціць яго фактычна на мяжы з Расіяй.
Пасля чаго другім этапам з’яўляўся пачатак вайны на Данбасе і вызваленне гэтых тэрыторыяў ад акупацыйных войскаў РФ, далучэнне Данецкай і Луганскай абласцёй да Украіны і фарміраванне геапалітычнага выступу на мяжы з Расіяй.
Такім чынам, па сутнасці, павінен быў бы быць сфарміраваны агульны, працягласцю ў некалькі тысячаў кіламетраў, ад Балтыйскага да Чорнага мора, адзіны NАТOўскі фронт супраць Расіі, пасля чаго павінна была б пачацца Трэцяя сусветная вайна.
Аналітык падкрэслівае, што сутыкненне паміж NАТO і Расіяй азначае пачатак Трэцяй сусветнай вайны, бо і NАТO, і Расія маюць ядзерны патэнцыял, што прывяло б да вынішчэння ўсяго свету і жыцця на зямлі.
— Таму ніводны палітык, акрамя, магчыма, Пуціна і Лукашэнкі, увогуле не разглядае магчымасць выкарыстання ядзернай зброі ў нейкім супрацьстаянні. Тым больш, калі мы паглядзім на тое, як развіваліся эканамічныя і палітычныя адносіны паміж Расіяй і Захадам, нягледзячы на падзеі 2014 года, можна ацаніць іх як даволі канструктыўныя.
Нават пасля 2014 году санкцыі супраць Расіі і расійскага кіраўніцтва былі даволі абмежаваныя. Гандаль працягваўся, як і пастаўкі энергарэсурсаў з Расіі ў Еўропу. І гэтая вайна, як мы назіраем, нікому, акрамя Пуціна, не была патрэбная.
…Пытанне — для чаго Лукашэнка працягвае выконваць ролю прэс-сакратара Пуціна і выказваць абсурдныя рэчы і гіпотэзы, і намагацца іх даказаць.
Павел Усаў нагадаў, што калі пачалася вайна, Лукашэнка даказваў, што ў яго ёсць мапа, на якой бачна, як з тэрыторыі Украіны рыхтаваліся ўдары па Беларусі, а таксама ўвесь час абвяргаў злачынствы, якія рабілі расійскія вайскоўцы і ў Бучы, і ў Ізюме.
Увесь час спасылаючыся на тое, што NАТO рыхтавала вайну, ён перш за ўсё пераследуе адзіную мэту — прапагандысцкую, якая звязаная з тым, каб умацоўваць той прапагандысцкі вобраз Захаду, які зараз намагаецца стварыць і расійская і беларуская прапаганда — падаваць усю Заходнюю Еўропу і Злучаныя Штаты Амерыкі, перадусім NАТO, як спадкаемцаў фашысцкай Нямеччыны, Гітлера.
— І вось той квазіплан, які ён агучыў на саміце Еўразійскага звязу, упісваецца ў парадыгму Другой сусветнай вайны, калі Гітлер распачаў агрэсію супраць СССР нападаючы з аднаго кірунку — з захаду, захопліваючы Украіну, Беларусь, а потым ужо ідучы на Маскву. Беларусь у той час была вельмі важным калідорам, па ёй быў нанесены адзін з самых мацнейшых удараў гітлераўскага вермахту.
Спекулюючы на падзеях Другой сусветнай вайны, намагаючыся надаць NАТO вобраз агрэсіўнага блоку накшталт таго, чым быў нацысцкі вермахт і рэжым Гітлера, узмацніць такім чынам пазітыўны вобраз самога сябе і Пуціна, а таксама нейкім чынам апраўдаць тое, што апраўдаць немагчыма, а менавіта агрэсіўныя дзеянні Расіі, вайну на Украіне.
Павел Усаў адзначае, што застаецца даволі шмат людзей, якія працягваюць верыць у тое, што прапаноўвае іх свядомасці і расійская, і беларуская прапаганда, Пуцін з Лукашэнкам: тое, што Захад — вораг, хоча захапіць Беларусь і знішчыць Расію.
Палітолаг тлумачыць:
— Калі б NАТO рыхтавала вайну супраць Расіі, то Украіна была б настолькі моцна ўзброеная, што ніводная б ракета не ўпала на тэрыторыю мірных гарадоў, і расійскае войска было б разбітае на працягу першага месяца вайны, і ўкраінцам не прыйшлося б плаціць такога велізарнага кошту.
Былі б ва Украіну пастаўленыя не толькі HIMARS, якіх краіна дачакался толькі праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны, але былі б і пастаўкі ўзмоцненых сістэмаў супрацьпаветранай абароны, тыя ж Patriot, якія NАТO не жадае пастаўляць ва Украіну.
Паводле gazetaby.com