Лукашэнка назаўжды або Запамінальнае распараджэнне
Аляксандр Лукашэнка выдаў распараджэнне, якое прайшло амаль незаўважаным у айчынных медыя, але на якое варта было б усё ж звярнуць увагу. І вось чаму...
Кіраўнік дзяржавы з 2016 года ўводзіць забарону на экспарт неапрацаванай драўніны. Тут трэба звярнуць увагу на дату.
Адпаведнае даручэнне Лукашэнка даў 19 жніўня падчас наведвання Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра. Найвышэйшы чыноўнік прапанаваў працаўнікам лясной гаспадаркі ў 2014-2015 гадах “пабарахтацца”, пасля чаго будзе ўведзеная поўная забарона на экспарт. Маўляў, з пачатку 2016 года з Беларусі на экспарт будзе ісці драўніна “толькі з высокай дабаўленай вартасцю”. Лукашэнка яшчэ дадаў, што без ягонага ведама нішто не можа быць прададзена за мяжу.
Тут звяртае на сябе ўвагу дата забароны на экспарт неапрацаванай драўніны — пачатак 2016 года. І заява Лукашэнкі, што нічога не можа быць прададзена за мяжу без ягонага ведама.
Пардон, а што, Лукашэнка ўжо цяпер ведае, што ён і менавіта ён будзе кіраўніком Беларусі ў 2016 годзе? Паводле заяваў Цэнтрвыбаркаму, наступныя прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне маюць адбыцца ў 2015 годзе. Хоць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не выключае, што чарговая электаральная кампанія можа прайсці і раней. “Гэтая славутая стабільнасць — не вечная. І чым раней адбудуцца выбары, тым менш шанцаў кіроўнаму рэжыму патрапіць над нестабільнасць падчас правядзення мерапрыемстваў пад назовам прэзідэнцкія выбары”, — лічыць суразмоўца.
Дык калі бяззменны правадыр ужо зараз ведае, што будзе і надалей правадырыць, дык навошта баламуціць народ, траціць велізарныя дзяржаўныя сродкі, тым больш ва ўмовах крызісу, ды ладзіць бутафорскія выбары? Нахяй бы ўжо адразу правадыр склікаў сумеснае пасяджэнне абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, урада, так званых губернатараў і гэтак далей, якія б адзінагалосна (а хто б сумняваўся) прагаласавалі пра пажыццёвае (ну, няхай сабе дадаткова трыццацігадовае) прэзідэнцтва дарагога Аляксандра Рыгоравіча.
І гэта было б больш сумленна і з боку Лукашэнкі, і палатнікаў, і чыноўнікаў усіх масцей. Бо навошта рабіць людзей дурнямі і разыгрываць чарговы спектакль, тым больш што ён абыходзіцца бюджэту, а значыць, кожнаму з насельнікаў Беларусі ў добрую капейчыну.
А апаненты рэжыму, у сваю чаргу, заняліся б больш карыснымі справамі, напрыклад, навукай, літаратурай, эканомікай (прысядзібных учаксткаў) ці іншымі, больш вартымі рэчамі, чымся беларуская палітыка і тым больш змаганне з вечным прэзідэнтам.
Слухайце афіцыйнага лідара. У яго большасць выказванняў — чыста па Фрэйду. Ён лішняга, як сам мяркуе, не скажа. Хоць час ад часу і шкадуе аб сваіх выказваннях.