Le Temps: Пуцін падаў міласціну свайму калегу Лукашэнку

«У панядзелак у сваім палацы ў Сочы Уладзімір Пуцін падаў міласціну свайму калегу, які адчувае вялікія цяжкасці, Аляксандру Лукашэнку. Расія дасць крэдыт у 1,5 млрд долараў, каб змякчыць крах беларускай эканомікі, задушанай сваёй неэфектыўнасцю, каронакрызісам, а цяпер і паўстаннем большай часткі краіны супраць свайго лідара», — піша журналіст швейцарскай газеты Le Temps Эмануэль Грыншпан.

d371b61f168eb3c0f0e33768fca1e1f2.jpg


«Беларускі кіраўнік, які быў вымушаны прасіць Маскву аб падтрымцы, аказаўся як ніколі раней зняважаны расійскім пратаколам, ледзь выйшаўшы з самалёта. Сімвалічна тое, што кіраўніка дзяржавы сустракаў мясцовы губернатар. Лукашэнку, акружанага старанна замаскіраванай дэлегацыяй, нібыта для абароны ад віруса бунту, які ахапіў Беларусь, прыйшлося чакаць свайго калегу амаль тры гадзіны. Так бы мовіць, з санітарных меркаванняў, але, перш за ўсё для таго, каб яшчэ больш падкрэсліць суадносіны сіл і сродкаў паміж двума лідарамі», — каментуе аўтар артыкула.

«(...) Па расійскім тэлебачанні трансляваліся 19 хвілін сустрэчы, якая доўжылася ў агульнай складанасці 4 гадзіны 20 хвілін і скончылася без падпісання якога-небудзь дакумента, — гаворыцца ў артыкуле. — Абодва лагеры не зацікаўленыя ў раскрыцці пытанняў, якія абмяркоўваліся, яны хочуць пазбегнуць далейшага абвастрэння і без таго вельмі нестабільнай сітуацыі», — тлумачыць Яўген Прэйгерман, дырэктар Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог».

«У ходзе бачнай частцы перамоў Уладзімір Пуцін падкрэсліў сваю цікавасць да канстытуцыйнай рэформы, абвешчанай у сярэдзіне жніўня Лукашэнкам, які з яе дапамогай спадзяецца пакласці канец паўстанню», — адзначае журналіст.

«Такая цікавасць да ўнутраных спраў Беларусі тлумачыцца «жаданнем Крамля дыверсіфікаваць і замацаваць свае пазіцыі, — кажа Яўген Прэйгерман. — За 26 гадоў Лукашэнка сабраў у сваіх руках усе аспекты двухбаковых адносін. Зараз Масква лічыць, што дзякуючы канстытуцыйнай рэформе яна зможа атабарыцца ў Беларусі праз адну або некалькі палітычных партый, прысутнасці ў парламенце і ў мясцовых органах улады. Масква паспрабуе замяніць Лукашэнку пасля таго, як яго прэзідэнцкія прэрагатывы будуць перададзеныя іншым інстытутам».

«Ухапіўшыся за магчымасць, прадстаўленую Лукашэнкам размовамі пра “натаўскую пагрозу ў Літве”, кіраўнік Расіі падкрэсліў, што ў панядзелак пачаліся сумесныя вайсковыя вучэнні дзвюх краін. Ён заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці. На думку аднаго вайсковага экспэрта, які пажадаў застацца неназваным, Масква паквапіцца на комплекс радыёэлектроннай барацьбы беларускай кампаніі «КБ Радар» і на аптычныя сістэмы прадпрыемства БелОМА. Яўген Прэйгерман таксама згадвае беларускі завод МЗКЦ, які выпускае шасі, на якіх у расійскім войску размешчаныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты», — піша Le Temps.

«(...) Нягледзячы на бачнасць салідарнасці, два лідары далёкія ад ўзгаднення сваіх пазіцый. Затое іх праціўнікі кажуць ва ўнісон», — адзначае Грыншпан.

«Пуцін выдзеліць Лукашэнку крэдыт на 1,5 млрд долараў. А Цверы, Тамбову і Арлоўскай вобласці не выдзеліць. І на расійскую ахову здароўя не выдзеліць. І на абяцаныя гарачыя абеды для ўсіх школьнікаў. Лукашэнка ж больш патрэбны, праўда?» — абураецца ў Twitter блізкая паплечніца Аляксея Навальнага любоў Собаль.

З гэтым пераклікаецца рэакцыя на саміт у Сочы з боку беларускай апазіцыянеркі Святланы Ціханоўскай, якая запісала зварот у сваім тэлеграм-канале: «Дарагія расійцы! Вашымі падаткамі будуць аплачаны нашы пабоі. Мы ўпэўненыя, што вы гэтага не хацелі б. Агонію Лукашэнкі гэта можа падоўжыць, але перамогі народа прадухіліць не зможа».

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ