Юрый Дракахруст: Лукашэнка дзейнічае паводле сваёй звычайнай тактыкі — лавіруе
Мінск збалансаваў непрыемныя для Крамля заявы пра тое, што «Украіна трымаецца». Якім чынам гэта адбылося, у размове з Філінам разважае палітычны аглядальнік Юры Дракахруст.
— Ці няма ў вас уражання, што за танкавымі скандаламі, якія суправаджалі чарговае пасяджэнне Рамштайну, ад шырокай публікі было схавана штосьці больш сур’ёзнае? Напрыклад, паказальнай была рэакцыя Крамля, адкуль ізноў пачалі даносіцца пагрозы выкарыстаць ядзерную зброю.
— Сапраўды, найбольшая ўвага была нададзеная танкавай угодзе. Таму, што Нямеччына не дала згоду на перадачу танкаў, якія яна калісьці паставіла іншым краінам.
Між тым і ў рамках Рамштайна, і па-за яго межамі былі прынятыя рашэнні аб пастаўцы Украіне велізарнай колькасці ваеннай тэхнікі, амуніцыі. У тым ліку і з боку той жа Нямеччыны. Таму не варта зводзіць усё толькі да танкаў. Дапамога ідзе, дапамога нарастае. Ну, а на тэму танкаў ёсць такая вось дыскусія.
З іншага боку, на мой погляд, паказальным тут з’яўляецца не столькі тое, наколькі крытычна важныя гэтыя пастаўкі для ўкраінскай арміі, для вядзення баявых дзеянняў, колькі сам па сабе факт публічных спрэчак на гэты конт. Прычым, публічных спрэчак на самым вышэйшым узроўні.
І гэта прагаворваецца ў Берліне, што дадзенае пытанне — не ўзроўню міністра абароны. Магчыма, ён тут мае нейкую сваю пазіцыю, але ў дадзеным выпадку вырашальнай з’яўляецца пазіцыя канцлера Шольца. І яна вось такая, прынамсі, пакуль.
І тут яшчэ такі момант. Калі на высокім узроўні разгром Расіі абвяшчаецца ледзьве не як мэта, калі абмяркоўваецца магчымасць пасадзіць Пуціна на лаву падсудных, і гэта абвяшчае не толькі Еўрапарламент, але і міністарка замежных спраў Германіі Бэрбак, то гэта не стасуецца са ступенню ангажаванасці заходніх краін у вайну. Што праяўляецца і ў гэтых вось публічных спрэчках.
Я тут фіксую, што ступень ангажаванасці ў вайну краін Захаду зусім не такая, як была тады. І не толькі гэтымі спрэчкамі вакол танкаў, але і агульным кантэкстам, іх мантрай пра тое, што яны не ўдзельнічаюць у гэтай вайне.
Тады ваявалі і ЗША, і Англія, і СССР. Цяпер жа, якія б там не выдавала метафары Расія, ваюе адна Украіна, а астатнія ёй актыўна дапамагаюць.
Што да рэакцыі Крамля, які раптам пачаў размахваць ядзернай бомбай, то, магчыма, гэта рэфлексія над той сітуацыяй, пра якую я кажу. Не выключана, што ім падаецца гэта сведчаннем расколу ў кааліцыі, якая падтрымлівае Украіну.
Яны могуць памыляцца ў гэтым. Не выключана, што пройдзе месяц, пройдзе два, і яны дамовяцца пра танкі. Урэшце, наўрад ці танкі з’яўляюцца такой цуда-зброяй, якая ўсё зменіць на полі бою.
Я не думаю, што гэта нейкі ключавы момант. Хутчэй за ўсё пра «леапарды» неўзабаве дамовяцца так ці інакш. Але сам факт, што гэта робіцца прадметам доўгіх і публічных спрэчак, сам па сабе паказальны.
— Многіх насмяшыла размяшчэнне сістэм СПА ў Маскве і ваколіцах рэзідэнцыі Пуціна. Але робіцца гэта настолькі адкрыта, што ўзнікае падазрэнне пра свядомую дэманстратыўнасць гэтага кроку. Ці не можа гэта быць спробай згуляць на эстэтыцы 1941-га, калі ў Маскве таксама стаялі зеніткі на вуліцах, пражэктары, дырыжаблі ў небе?
— Безумоўна. Але, з іншага боку, можна сказаць і так: калі ёсць чым дацягнуцца да аэрадрома ў Энгельсе, то тэарэтычна можна дастаць і да Масквы. Але вельмі тэарэтычна. Я, па шчырасці, не ўпэўнены, што ёсць такія магчымасці, што ёсць жаданне гэта рабіць.
Але тое, што меры ў адказ зробленыя абсалютна дэманстратыўна, вы тут маеце рацыю, азначае, што гэта не ваенная, а інфармацыйная зброя. Мы нейкі час таму абмяркоўвалі заявы Мядзведзева, Кірыенка і Дугіна пра тое, што ў Расіі цяпер адзінае, што можна мабілізаваць, гэта народны дух: «На нас напалі, мы на вайне».
І вось гэтае дэманстратыўнае размяшчэнне «Панцыраў» ледзь не ў цэнтры Масквы і ёсць абсалютнай працай над тым, каб гэты народны дух падняць. «Вставай, страна огромная», глядзіце, мы рыхтуемся да нападу на Маскву, як у 1941 годзе.
Праўда, ніхто не нападае, але гэта не так і важна. Мы ж абараняемся. І таму — падымайся, народ. Думаю, тут такі разлік, і таму гэта так дэманстратыўна робіцца.
— Тое, што да такіх мераў прыбягаюць цяпер, азначае, што расійскі народ не вельмі рвецца ваяваць? Ці, наадварот, у Крамлі адчулі пэўныя настроі і вырашылі іх узмацніць?
— Думаю, калі б гэты дух быў на пад’ёме, на вышэйшай кропцы, то наўрад ці гэта рабілі б. А так, відаць, ацэньваюць, што не надта высокі. Зрэшты, нельга сказаць, што зусім няма імпэту, што ніхто не хоча ваяваць. На жаль, гэта не так. Але такога імпэту, якога ім хацелася б, напэўна, усё ж няма.
Тым больш, тут справа яшчэ і такая. Ёсць пэўныя бюджэты, выдзеленыя на вядзенне прапаганды, вядзення інфармацыйнай вайны ў тым ліку і адносна свайго насельніцтва, яго псіхалагічнай мабілізацыі.
Бюджэты засвойваюцца, прапагандысты дэманструюць, што менавіта так яны гэта робяць, падымаюць баявы дух расійцаў. А як яно спрацуе, і ці спрацуе, іншая справа.
І тыя заявы Дугіна, Мядзведзева, калі прыгадаць, былі скіраваныя ў будучы час: трэба, каб была народная вайна, каб быў настрой, як у сорак першым. Гэта азначае, што гэтага духу, на іх погляд, няма.
— На выходных Лукашэнка многіх здзівіў тым, што перад хакейным матчам катаў па лёдзе ў вазку скалечанага на вайне ўраджэнца Данецка, які ваяваў на баку Расіі. Што гэта быў за жэст, што ім хацелі сказаць?
— Я думаю, ён дзейнічае тут паводле сваёй звычайнай тактыкі — лавіруе. І я бы гэты ягоны сімвалічны жэст супаставіў з ягонымі ж словамі, што прагучалі ў размове з Лаўровым. Пра Украіну, якая яго так прыемна здзівіла. Пра ўкраінцаў, якія не вядуцца на правакацыі і добра сябе паводзяць.
Гэта ці не адзінае добрае слова на адрас Украіны, якое прагучала з пачатку вайны. Лаўроў, канечне, з каменным тварам гэта слухаў. Гэта было сказана яму ў вочы.
А тут атрымалася такая пракладка. Маўляў, я асабіста буду вазіць у вазку параненага. Вы ж не думайце там, што мы вам здрадзілі, перайшлі на бок Кіева. Не.
— Гэтая сцэнка, акрамя ўсяго, нагадвае пачатак вайны, калі ў беларускіх бальніцах лячылі параненых расійскіх вайскоўцаў. Ці не намёк гэта на тое, што ўлады сёння гатовыя хіба толькі да такога ўдзелу ў вайне?
— Гэтая думка праводзіцца ўвесь час. Увесь час гаворыцца, што мы вас вучым, лечым і кормім. Ён некалькі разоў пра гэта казаў. Можна прыгадаць ягоныя словы на Абуз-Лясноўскім палігоне: «Мы робім адну справу».
Мне падаецца, што гэты дэманстратыўны сюжэт з чалавекам у вазку не абмяжоўвацца мантрай пра «адну справу». Гэта пракладка. Я паглядзеў мноства сюжэтаў у прэсе пра сустрэчу з Лаўровым, і ўсе яны цытавалі словы пра «прыемнае здзіўленне» Лукашэнкі. Усе звярнулі на іх увагу, і ў Маскве таксама.
І таму гэтаму сюжэту трэба было супрацьпаставіць нейкі іншы зразумелы знак. А ён добра прачытваецца. Гэта баланс: я і такі, і такі.