Хто плаціць за тое, каб мігранты вярнуліся на радзіму?

Два самалёты з мігрантамі, што агулам мелі больш за 600 месцаў, ужо паляцелі з Мінска 25 і 26 лістапада ўначы. У ЕС і Іраку распавялі, хто бярэ на сябе ўсе выдаткі.

telegraf.by

telegraf.by

Учора беларускія ўлады заяўлялі, што прычына адмены эвакуацыйных рэйсаў — неаплата іх Еўрасаюзам. У той жа ў авіякампаніі Iraqi Airways распавялі, што вывазны рэйс для іракскіх мігрантаў з Мінска быў адкладзены па просьбе МЗС Ірака, піша telegraf.by.

«Еўрасаюз не фінансуе гэтыя рэйсы»

Інфармацыю пра тое, што ЕС павінен аплачваць рэйсы з Мінска ў Ірак для вяртання мігрантаў, пракаментавалі ў замежнапалітычнай службе Еўрасаюза:

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Еўрасаюз не фінансуе гэтыя рэйсы па рэпатрыяцыі іракцаў. Намаганні па рэпатрыяцыі арганізаваныя іракскімі ўладамі. Яны з'яўляюцца адзінымі, хто кампетэнтны адказаць на пытанні аб раскладзе і іншых дэталях рэпатрыяцыйных рэйсаў, якія яны арганізуюць з Мінска ў Ірак, каб вярнуць дадому сваіх грамадзян, якія затрымаліся ў Беларусі. Мы высока ацэньваем гэтыя і іншыя намаганні Ірака, якія спрыяюць выратаванню і абароне іракскага народа ад злоўжыванняў з боку злачынных сетак гандляроў людзьмі»

«Будзем вяртаць усіх»

У той жа час консул Ірака ў Беларусі і Расіі Маджыд Аль-Кінані распавёў, што эвакуацыйны рэйс з Мінска ў Ірак, што цалкам аплачваецца Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, адбудзецца праз тыдзень. Арганізацыя будзе несці ўсе выдаткі.

«Будзем вяртаць усіх, хто знаходзіцца тут. Нават калі гэта 10 тысяч чалавек. Але мы не ведаем дакладна, колькі іх будзе», — сказаў ён. На пытанне аб колькасці грамадзян Ірака, якія жадаюць вярнуцца, ён адказаў: «У мяне іх больш за тысячу», перадае Індыйскае агенцтва ANI.

Акрамя таго, Маджыд Аль-Кінані сказаў, што «ёсць верагоднасць, што яшчэ некалькі тысяч чалавек вернуцца з мяжы».

«Вынеслі за дужкі»

Гісторык Аляксандр Фрыдман выказаў меркаванне, што «Лукашэнка разумее, што грошы на вяртанне мігрантаў на радзіму ён ад ЕС не атрымае. З гэтай прычыны беларускі кіраўнік з нянавісцю зноў ганіць еўрапейскіх «мярзотнікаў».

«ЕС працуе такім чынам наўпрост з міжнароднымі арганізацыямі, а Лукашэнку проста вынеслі за дужкі», — адзначыў ён.