«Гэта блеф нядаўняга юбіляра». Ці выкарыстае Расія ядзерную зброю?

За ядзерным ударам немінуча прыйдзе пакаранне. Пуціну ў дэталях распавялі, што яго чакае ў выпадку ядзернага ўдару. Расійскі публіцыст Андрэй Піянткоўскі адзначыў: ёсць некалькі фактараў, якія кажуць, што Пуцін не гатовы выкарыстоўваць ядзерную зброю.

Калаж bukinfo.com.ua

Калаж bukinfo.com.ua

Пагроза з боку Расіі выкарыстоўваць ядзерную зброю — гэта блеф. Такое меркаванне ў інтэрв'ю УНІАН агучыў Андрэй Піянткоўскі.

«Мне гэтыя размовы пра ядзерную зброю ўжо надакучылі. Тым больш, што гэта блеф нядаўняга юбіляра. Я на гэтыя тэмы разважаў ужо некалькі месяцаў. Мой погляд на гэта заўсёды быў такі, што верагоднасць выкарыстання Пуціным тактычнай ядзернай зброі ва Украіне вельмі малая», — заявіў публіцыст.

«У мяне ёсць тры аргументы ў падтрымку гэтай думкі. Пасля падзей апошніх дзён, уключна з заявамі Байдэна, Салівана, Блінкена — а таксама ўлічваючы заявы ў адказ з Масквы, мая ўпэўненасць у тым, што гэта малаверагодна, толькі ўзмацняецца.

Першае: гэты ўдар не мае ніякага ваеннага значэння. Гэта проста жахлівае злачынства. Дапусцім, ён знішчыць нейкі ўкраінскі горад. Загінуць дзясяткі, можа быць, сотні тысяч людзей. І што, Украіна перастане супраціўляцца? Захад перастане яе падтрымліваць? Нічога падобнага. Наадварот — рэакцыя будзе толькі зваротная. Гэта бессэнсоўна з ваеннага пункту гледжання. Ядзерны ўдар не вырашае ніводнай вайсковай праблемы для Расіі», — заявіў Піянткоўскі.

Ён таксама адзначыў, што за ядзерным ударам немінуча прыйдзе ўслед пакаранне.


«Другое: сапраўды за гэтым здарыцца вельмі сур'ёзнае пакаранне. Пра гэта амерыканскія вайскоўцы неаднаразова папярэджвалі сваіх расійскіх калегаў, і старшыня Камітэта начальнікаў штабоў УС ЗША генерал Марк Мілі казаў пра гэта з кіраўніком Генштаба РФ Валерыем Герасімавым, а Осцін казаў пра гэта з Шольцам. Байдэн на мінулым тыдні тройчы сказаў: «Putin — don't, don't, don't», — адзначыў Піянткоўскі.

«Каб ніякіх не было сумненняў. Калі Пуцін падчас сваёй вар'яцкай эскалацыі з 19 верасня, калі ён абвясціў мабілізацыю, анексію, падарваў трубаправоды і зноў пачаў пагражаць ядзернай зброяй, амерыканцы ў нядзелю, 2 кастрычніка, спецыяльна выпусцілі Салівана і Блінкена. Мы прывыклі, што гэтыя людзі адлюстроўваюць некалькі адрозных пунктаў гледжання ў амерыканскай адміністрацыі. Осцін і Блінкен — гэта верныя сябры Украіны. Осцін 25 чэрвеня паўтарыў, што мэта ЗША ў гэтай вайне, — гэта перамога Украіны, поўнае аднаўленне яе тэрытарыяльнай цэласнасці і паслабленне Расіі да такой ступені, каб яна ніколі не змагла паўтарыць падобную агрэсію. Вось гэта ён паўтарае ўвесь час», — заявіў Піянткоўскі.

Ён таксама нагадаў, што пры кожным пакеце дапамогі Саліван спрабуе часткова скараціць гэтую дапамогу.

«На наступны дзень выступае Саліван і ўдакладняе, што мэта ЗША — не дапусціць паразы Украіны. Гэтая розніца не проста стылістычная. Яна мае практычнае значэнне. Пры кожным пакеце дапамогі Саліван спрабуе або часткова скараціць гэтую дапамогу, або выключыць нейкую крытычную частку. Часам яму ўдаецца. Усім надакучыла ўжо дыскусія, перададуць яны ці не ракеты ATACMS для HIMARS далёкасцю 300 кіламетраў. Унутры адміністрацыі Байдэна ёсць барацьба», — заявіў Піянткоўскі.

Па яго словах, Байдэн спецыяльна выпусціў абодвух — і Салівана, і Блінкена, каб данесці зусім ясны мэсэдж для Крамля.

«Каб у Крамлі не было ніякіх сумневаў з нагоды адказу на выкарыстанне ядзернай зброі, Байдэн спецыяльна выпусціў абодвух — і Салівана, і Блінкена, каб данесці зусім ясны мэсэдж для Крамля... Саліван абяцаў Расіі ў выпадку ядзернага ўдару па Украіне катастрафічныя наступствы, а Блінкен — жахлівыя. Гэта былі пастановачныя інтэрв'ю. Карэспандэнт пытаўся, ці ёсць у адміністрацыі дакладныя планы і пратаколы. Яны адказалі: "Так, ёсць. Мы паведамілі пра гэта нашым рускім калегам, і ім гэта добра вядома"», — заявіў Піянткоўскі.


Паводле УНІАН. Пераклад «НЧ»