Дылеўскі заклікаў да перамоваў з уладай. Але без удзелу Лукашэнкі
Лідар Беларускага аб’яднання працоўных Сяргей Дылеўскі лічыць, што перамовы з уладай — непазбежнасць, перадае «Радыё Свабода».
Беларускае аб’яднанне працоўных раней заявіла пра перадстрайкавы стан у эканоміцы. І каб гэта ўрэшце не скончылася поўным паралічом, Сяргей Дылеўскі агучыў варыянт нівелявання непажаданых наступстваў.
«Я выдатна разумею, што за сабой можа пацягнуць страйк. І чым даўжэй такі стан будзе доўжыцца, тым горш для краіны, для эканомікі. Таму прапануем перамовы — не Лукашэнку, а яго непасрэднаму атачэнню. Там не дурныя людзі. Мы гатовыя сесці за стол і дамовіцца аб новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, аб перадачы ўлады, аб вырашэнні палітычнага і эканамічнага крызісу. Толькі так, у цывілізаваным ключы, можна пазбегнуць страйку. Калі ўлады на гэта не пойдуць, страйк — гэта крайняя мера, і мы павінны будзем яго пачаць»,— сказаў Сяргей Дылеўскі на YouTube-канале палітолага Дзмітрыя Балкунца.
Гэтаксама ён удакладніў патрабаванні, агучаныя рабочымі да ўладаў Беларусі:
- Вызваленне палітычных вязняў.
- Свабода для незалежных медыя.
- Урэгуляванне годных заробкаў і пенсій.
- Пачатак перамоваў дзеля выхаду з крызісу.
«У наш адрас ужо пасыпалася нямала абураных каментароў: маўляў, якія могуць перамовы са злачынцам? Толькі суд Лінча, толькі Гаага. Аднак мы бачым у перамовах найперш выхад з амаль тупіковай сітуацыі, якая цяпер склалася ў краіне», — патлумачыў сваю пазіцыю лідар Беларускага аб’яднання працоўных Сяргей Дылеўскі.