«Дык хто з’яўляецца пагрозай?» Тышкевіч — пра апошнія заявы лукашэнкаўскага Мінабароны
Беларускі палітолаг Ігар Тышкевіч, які жыве ва Украіне, прааналізаваў апошнія заявы беларускага Мінабароны, якое нібыта сцягвае войскі да паўднёвай мяжы.
«Такім чынам, сочым за рукамі (дакладней заявамі і інфармацыяй). І храналогіяй, — піша Ігар Тышкевіч у сваім тэлеграм-канале. —
Пачатак 2022 года. Войскі РФ канцэнтруюцца каля мяжы з Украінай. Міністр абароны Беларусі заяўляе, што ніякага ўварвання не будзе. Маўляў, проста вучэнні.
Люты 2022-га — уварванне. Лукашэнка стаў героем мемаў са сваёй фразай «А я вам зараз пакажу адкуль рыхтаваўся напад». Казаў нават пра ракетны ўдар (пры гэтым максімум, што Украіна тады мела, — старыя «Кропкі-У» ў пунктах пастаяннай дысклакацыі). Дарэчы, Лукашэнка, які шмат казаў пра «пакажу», так у выніку і не паказаў свайму насельніцтву «адкуль».
Травень-2022. Рускія бягуць. Да мяжы вылучаюцца «на ўзмацненне» падраздзяленні Сіл спецыяльных аперацый Беларусі.
Чэрвень-2022. Міністэрства абароны Беларусі ўпершыню заяўляе аб мініраванні асобных участкаў мяжы (беларускае Мінабароны на беларускай тэрыторыі) і падкрэслівае, што гэта абарончыя мерапрыемствы
На гэтым этапе Украіна стварае групоўку войскаў па адбіцці магчымай другой спробы ўварвання (што лагічна, памятаючы аб першай).
Восень-2022 — на беларускіх палігонах з'яўляюцца расійскія мабілізаваныя. Гэта значыць, колькасць войскаў РФ расце.
Украіна па меры разгортвання войскаў ўзмацняе групоўку.
З лета 2022 года па люты 2023-га каардынацыя ракетных удараў, цэлеўказання для ракет і карэкціроўка маршрутаў ажыццяўляецца з дапамогай самалёта ДРЛА А-50, які ўзлятае з Мачулішчаў.
Люты-2023. А-50 пашкоджаны. Што лагічна. Пасля гэтага эфектыўнасць расійскіх ракетных удараў на паўночным захадзе Украіны рэзка падае.
Лета 2023 года. У Беларусь заходзяць падраздзяленні ПВК «Вагнер».
Ліпень-2023. Украіна трымае некалькі падраздзяленняў па барацьбе з ДРГ ля мяжы. І ўзмацняе мініраванне прыгранічнай тэрыторыі.
У Беларусі заяўляюць што мініраванне ўкраінцамі сваёй тэрыторыі і збудаванне ўмацаванняў — то-бок правядзенне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да абароны — сведчанне «агрэсіўных намераў».
Далей на памежных палігонах рэгулярна праходзяць вучэнні
беларускіх ССА, артылерыйскіх і мотастралковых частак. У памежных абласцях Украіны — баявая падрыхтоўка з
папаўненнем, якое прыйшло ў часткі ля мяжы.
На гэтым падыходзім да чэрвеня 2024.
Расія спрабуе праціснуць украінскую абарону. Наступ у Харкаўскай вобласці правальваецца. Ідзе ціск на данецкім участку фронту. Але прасоўванне складана назваць паспяховым. На гэтым фоне ў траўні ва Украіне праходзяць змены ў сістэме мабілізацыйнага ўліку, што прыводзіць да павелічэння колькасці мабілізаваных. Гэта дазваляе ўкраінскім уладам думаць аб зняцці дадатковых частак, напрыклад, з участкаў мяжы з Беларуссю для процідзеяння рускім на фронце.
Але ў чэрвені ў Беларусі вырашаюць правесці «праверку боегатоўнасці». Міністэрства абароны Беларусі з гонарам рапартуе аб перакідцы падраздзяленняў беларускіх ССА, ракетных войскаў (уключаючы РСЗА «Паланэз») і артылерыі ў памежныя раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Штодзённыя зводкі ідуць з 21 чэрвеня.
25-26 чэрвеня Украіна ўзмацняе прыкрыццё мяжы, праводзіць дадатковыя інжынерныя мерапрыемствы (стварэнне мінных палёў, будаўніцтва абарончых збудаванняў). Эфект не той, на які разлічвалі рускія (няма маштабнай перакідання брыгад у поўным складзе), але тым не менш ён ёсць.
Міністэрства абароны Беларусі і Дзяржаўны памежны камітэт узбуджаюцца і заяўляюць пра пагрозу з боку Украіны. Гэтую навіну радасна падхопліваюць рускія СМІ.
Цяпер два пытанні да аўдыторыі. Я
нічога не пераблытаў ў храналогіі? Дык хто з'яўляецца пагрозай для бяспекі
мяжы?»