Дракахруст: Калі Расія прайграе, Лукашэнка скажа, што мы браты з украінцамі
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары «Филину» разважае пра тое, ці варта верыць у шчырасць заяў чалавека, які ператварыў уласную краіну ў сатэліт.
— Лукашэнка публічна пашкадаваў пра тое, што з Украінай не
разабраліся восем год таму, калі ў яе не было баяздольнай арміі. Ці шчырае гэта
шкадаванне, і ці ад свайго імя ён шкадуе? Бо мы добра памятаем, як пасля падзей
2014-га ён непрыхавана спрабаваў дыстанцыявацца ад Масквы і палепшыць адносіны
з Захадам.
— Пачну з таго, што Лукашэнка і шчырасць — несумяшчальныя
рэчы. Вы абсалютна маеце рацыю — тады, як мы памятаем, Лукашэнка даваў інтэрв’ю
таму ж Савіку Шустэру і казаў: «А дзе ж вы, украінцы, былі? Чаму не ваявалі за
свой Крым, за сваю зямлю?».
Ці, напрыклад, пасля нядаўняй заявы прэзідэнта Францыі
Макрона пра тое, што Лукашэнка прасіўся ў НАТА, я адшукаў яго гутарку з
Венядзіктавым з «Эха Москвы», зробленую ў снежні 2019-га.
Тады ён публічна гаварыў, што НАТА — гэта гарант
суверэнітэту Беларусі. Маўляў, так, мы — саюзнікі Расіі, але калі пагроза будзе
сыходзіць ад Расіі, то НАТА нас абароніць. Ён казаў пра гэта прамым тэкстам.
Што да цяперашніх заяў, то мы ж цудоўна разумеем, з кім ён запрэжаны ў адзін вазок. А тады ён рознае гаварыў. І мы памятаем ягоныя абдымкі і з Парашэнкам, і з тым жа Зяленскім. Што ж ён тады не раіў расійскім братам разабрацца з украінцамі? Тады не раіў, а цяпер заднім чыслом раіць. Паказвае, што ён тады быў такі мудры, бачыў, што з імі трэба было тады расправіцца.
Думаю, калі прайграе Расія, выйграе Украіна, вы і вашы
чытачы выдатна разумееце, што Лукашэнка знойдзе, што сказаць. «Я ж вам казаў,
што спецаперацыя ў расейцаў зацягнулася. Дый увогуле — мы браты з украінцамі».
Так што тут можна не клапаціцца і ўспрымаць гэта ўсур’ёз.
Гэта варта ўспрымаць як прапаганду, як частку таго іміджу, які ён сабе стварае
найперш перад расейцамі.
— На чарговай сустрэчы з губернатарам Калінінградскай
вобласці Лукашэнка ад імя Беларусі і Расіі прыгразіў балтыйскім краінам і
Польшчы, прыгадаўшы спробу блакады транзіту грузаў. На вашу думку, гэта
прынагодныя пагрозы, ці ва ўмовах вайны да іх варта ставіцца сур’ёзна?
— Гэта трэба ўспрымаць як працяг вобразу «Мы з Пуціным».
Вось ёсць я і Пуцін. Ён, зразумела, важней, але мы з ім вырашаем. Пра ядзерную
зброю вырашаем. Мы з ім вырашаем, як пакараць «кепскую» Літву ці «кепскую»
Польшчу.
Але, калі ўзнікла сапраўды сур’ёзная сітуацыя, калі Літва
паспрабавала перакрыць расійскі транзіт у Калінінград, то Масква без усялякага
Лукашэнкі наўпрост размаўляла з Бруселем. І Брусель, скажам так, скарэктаваў
літоўскую палітыку.
І тое, што Лукашэнка сёння размахвае рукамі і кажа, што «мы
з Пуціным», то гэта працяг той лініі, якую ён увесь час праводзіць. Вельмі пры
гэтым сумнеўна, што Пуцін з ім узгадняе хоць якія свае крокі адносна Захаду.
Што тут можа зрабіць Беларусь? Мала што. У свой час
Лукашэнка называў фантастычныя лічбы, кажучы пра залежнасць літоўскай эканомікі
ад гандлю з Беларуссю. Што ледзь не на палову Літва ад нас залежала.
Зараз можна заднім чыслом спрачацца пра тыя лічбы, але важна
тое, што цяпер Літва ад нас ніяк не залежыць. Транзіт, наколькі я разумею, калі
і ёсць, то ён мінімальны. І таму зрабіць менш за нуль, пайсці ў адмоўныя лічбы
проста немагчыма. Калі гандлю няма, то яго проста няма.
А ваяваць з Літвой, ці нават з Польшчай, я не думаю, што
Лукашэнка на гэта наважыцца самастойна. Думаю, гэта Пуцін будзе вырашаць. Ізноў
жа, без аглядкі на меркаванне Лукашэнкі, на ягоныя жаданні.
Тым больш, думаю, ён дакладна не хоча вайны з Літвой ці
Польшчай, нават калі і будзе надта злы на іх, бо цудоўна разумее наступствы.
Але тут гаворка пра сустрэчу з губернатарам, які
неабавязкова павінен разбірацца ў самай высокай палітыцы. Хоць, напэўна, у яго
самае цвёрдае перакананне, што рашэнні гэтыя прымае Пуцін.
— Беларусь на міжнароднай арэне ўсё часцей робіцца страшылкай, прыкладам таго, куды заводзяць цесныя сувязі з Расіяй. Пра гэта кажуць еўрапейскія лідары, грузінскія апазіцыянеры радуюцца таму, што ў свой час не далі ператварыць сваю краіну ў «другую Беларусь». Пры гэтым, напрыклад, старшыня літоўскага Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн таксама прызнае страту нашай краінай суверэнітэту, але падкрэслівае, што галоўны інтарэс Літвы ў тым, каб «з цягам часу па суседстве з намі знаходзіліся дэмакратычныя дзяржавы». Пра што нам кажа гэтая сітуацыя?
— Я б тут казаў пра вобраз беларусаў і вобраз Беларусі. Бо
калі казаць пра вобраз беларусаў, то нядаўна той жа Зяленскі казаў, што 70%
нашых грамадзян не падтрымліваюць вайну, не падтрымліваюць Расію.
Дарэчы, можна адзначыць апошнія сустрэчы Паўла Латушкі ў
Кіеве. Магчыма, адбываецца пэўнае прасоўванне беларускіх палітыкаў, палітычных
плыняў.
Але Беларусь — гэта дзяржава. І беларуская дзяржава
праводзіць вось такую палітыку. І так, для многіх краін свету яна стала ўзорам
сатэліта, васала. Якімі ў Другую сусветную вайну былі Славаччына ці тая ж
Харватыя.
Можна прыводзіць прыклады іншых краін, якія нібыта мелі і
ўласны сцяг, на іх тэрыторыі магло прысутнічаць пасольства Трэцяга Рэйха, як у
той жа Славаччыне. Але чым была яна ў тыя гады? Усім было відавочна, што гэта
сатэліт гітлераўскай Нямеччыны.
Вось і Беларусь сёння выглядае падобным чынам. Сама не ваюе,
у адрозненне ад той жа Славаччыны, чыіх салдатаў усё ж адправілі на фронт. А ў
астатнім — класічны сатэліт, што для многіх стала кропкай адліку. Палякі на
гэта спасылаюцца, літоўцы.
І нават, бачыце, грузіны кажуць, што не хочуць як у
Беларусі. Дарэчы, не знаходзіцца той, хто скажа «хочам як у Беларусі». А вось
менавіта так, усе гэта бачаць як адмоўны прыклад.
Шкада, але менавіта такую сітуацыю сёння маем. З той жа
колькасцю расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. У траўні ўкраінская
разведка казала, што іх засталося некалькі тысяч, хоць дагэтуль было каля
дзясятка тысяч.
Цяпер яны ж кажуць, што іх колькасць ізноў павялічылася. То-бок, расейцы тут паводзяцца як на сваёй зямлі. Завезлі сюды сваіх мобікаў,
падвучылі і адправілі на фронт. Была ў іх тут перазменка, некалькі тысяч, зараз
ізноў завязуць.
Нібы гэта ўсё недзе ў Тамбоўскай вобласці, куды таксама
могуць завезці, а пасля адвезці назад. Беларусь тут як краіна, якая сама не
ваюе, але такія вось пытанні вырашае.
Ці вось, калі ласка, прымае данецкага важака Пушыліна. А так раней гэтага не хацелася: то далей за Брэст яго не пусцілі, то рабілі выгляд, што не ведаюць, хто гэта такі. Дарэчы, прынялі ж і кіраўніка Абхазіі. Не хацелася, але прынялі. І ўсе бачаць гэтыя моманты.
Таму Беларусь і стала такім узорам краіны-сатэліта, бо сёння
цяжка знайсці прыклады іншых дзяржаў, якія так сябе паводзяць.
І тут што яшчэ характэрна. Пра гэта кажуць не толькі
літоўцы. Пра тое самае фактычна сказаў і Такаеў. І як сказаў. Тут ёсць
спецыяльны тэрмін — эльфінг. Гэта такі тонкі тролінг, замаскіраваны пад
камплімент.
Гэта калі ты нібыта хваліш чалавека, але робіш гэта так, што
ты яго фактычна прыніжаеш. І менавіта гэтым і займаўся Такаеў. Ой, у вас такі
цудоўны саюз, усё агульнае — і мова, і эканоміка, і парламент. Ну, хіба, пакуль
толькі прэзідэнты розныя, але толькі пакуль.
І калі Лукашэнка яму на гэта прапанаваў далучыцца да саюза,
ён у нейкай казахскай вёсцы выказаўся на гэты конт па-расейску. Гэта азначае,
што ён хацеў, каб гэта пачулі ўсе. І ад першай асобы, а не ў перакладзе.
Адмыслова падкрэсліў, што нам не трэба ваша зброя, што
гэта вашыя васальскія справы, а мы — не васалы. Фактычна ён гэта сказаў. І на
саміце ў Маскве, і сваім сялянам.