Дэпутатка Алена Анісім перанесла цяжкую аперацыю

Старшыня «Таварыства беларускай мовы», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім толькі ў пачатку студзеня выпісалася з лякарні. Канец мінулага года для яе стаўся не самым удалым — вялікую частку снежня яна правяла ў шпіталі.

Алена Анісім. Фота Радыё Свабода

Алена Анісім. Фота Радыё Свабода

— Цяпер пакрысе ўзнаўляюся, — распавяла Алена Анісім «Беларускаму партызану» пра сваё здароўе. — Вядома, аперацыя далася мне няпроста, хоць, на першы погляд, была не такой ужо складанай. Аперацыя была планавай, пра неабходнасць яе правядзення я даведалася летам, калі праходзіла паглыбленае абследаванне ў лечкамісіі. Але я вырашыла адкласці хірургічнае ўмяшанне, паколькі ў мяне адначасова паўсталі яшчэ і праблемы з вокам і іх прыйшлося вырашаць у першую чаргу. Аперацыю на воку мне рабілі ў Бараўлянах, і калі ўсё нармалізавалася, я адважылася пайсці на другую аперацыю. Прайшла ўсе абследаванні, 4 снежня легла ў лякарню ў Ждановічах, а 5-га мяне ўжо прааперавалі. На шчасце, дыягназ не самы страшны. Але я неяк усё вельмі цяжка перанесла, і перыяд аднаўлення быў няпростым, з ускладненнямі.
3 студзеня я, нарэшце, канчаткова выпісалася з лякарні. У мяне быў заняпад сіл, але цяпер патроху прыходжу ў норму і ўжо нават пачынаю выходзіць у людзі.
Не магу сказаць, што я не звяртала ўвагі на сваё здароўе. Звяртала! Іншая справа, што не заўсёды ведаеш, што, дзе і калі стрэліць. Да 50 гадоў у мяне наогул вялікіх праблем з арганізмам не было. А потым неяк то адно, то другое... Ды і рытм жыцця паскорыўся. Я быццам бы ў Акадэміі навук таксама працавала вельмі інтэнсіўна, ну а калі прыйшла ў Палату прадстаўнікоў, не толькі працы, але і стрэсаў дадалося...
Вядома, канец года для мяне выдаўся няпростым. Але дзякуй тым людзям, якія мяне падтрымлівалі, наведвалі і не давалі мне закіснуць. Хочаш не хочаш, а даводзіцца шукаць нейкія сілы ўнутры арганізма, актывізавацца і зноў ісці наперад!
Дар'я Высоцкая, «Беларускі партызан»