Беларусь атрымала статус назіральніка ў Ціхаакіянскім альянсе

Ціхаакіянскі альянс — адзін з найбольш буйных гандлёва-эканамічных блокаў у Лацінскай Амерыцы.

Фота: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фота: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain


У ходзе сустрэчы Савета міністраў Ціхаакіянскага альянсу, якая адбылася ў Мехіка, міністры замежных спраў і гандлю Чылі, Калумбіі, Перу і Мексікі ўхвалілі ўступленне Сэрбіі, ААЭ і Беларусі ў альянс у якасці дзяржаў-назіральнікаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце беларускага пасольства ў Эквадоры.

Паведамляецца, што да гэтага статус назіральніка там мелі 55 дзяржаў, сярод якіх Вялікабрытанія, Нямеччына, Грузія, Гішпанія, Італія, Канада, Кітай, Літва, Нідэрланды, Польшча, ЗША, Турцыя, Украіна, Францыя, Чэхія, Швецыя, Японія іг.д.

Ціхаакіянскі альянс з’яўляецца самым маладым у Лацінскай Амерыцы субрэгіянальным эканамічным саюзам (2012). Аднак, як паведамляецца, ужо сёння ён уяўляе сабой адзін з найбольш буйных гандлёва-эканамічных блокаў у Лацінскай Амерыцы.

Насельніцтва чатырох краін — членаў альянсу складае 216 млн чалавек, сумарны ВУП — больш за 2,2 трлн долараў (37% ВУП лацінаамерыканскага рэгіёну), сумарны знешнегандлёвы абарот інтэграцыйнага аб'яднання перавышае 1 трлн долараў.

Адзначаецца, што Ціхаакіянскі альянс мае рэальныя перспектывы для свайго далейшага пашырэння — Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Сінгапур ужо вядуць перамовы аб уступленні ў яго ў якасці асацыяваных членаў, Коста-Рыка разглядае магчымасць уступлення ў альянс у якасці паўнапраўнага члена. У 2018 годзе сваю зацікаўленасць у далучэнні да гэтага інтэграцыйнага аб'яднання выказаў урад Эквадора.

„Атрыманне Беларуссю статусу назіральніка ў Ціхаакіянскім альянсе паляпшае для нашай краіны рамачныя ўмовы для нарошчвання супрацоўніцтва, у першую чаргу эканамічнага, з чатырма дзяржавамі — членамі гэтага інтэграцыйнага аб'яднання, а таксама з Лацінскай Амерыкай у цэлым”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце беларускага пасольства ў Эквадоры.

www.radyjo.net