Азбука паліталогіі: Належнага парадку няма і сёлета не прадбачыцца — Адзіны палітык
За ўсё ў гэтым жыцці даводзіцца плаціць, і даражэй за ўсё абыходзяцца геапалітычныя амбіцыі. Іх рэалізацыя патрабуе павелічэння вытворчасці гармат, што аўтаматычна вядзе да скарачэння вытворчасці алею. Інакш не бывае, бо закон захавання масы яшчэ нікому абвергнуць не ўдалося.
Жыццё поўніцца парадоксамі. Гэта заўважна і на сегментах, якія адлюстраваныя ў эканамічнай статыстыцы. У якасці прыкладу спашлюся на скарачэнне ўводу жылля ў Расіі ў чацвёртым квартале 2022 года на 21,6%, і на 1,1% — у першым квартале 2023 года пры росце вытворчасці таварнага бетону ў першым квартале на 12,4%. У рэкардсменах росту — Паўднёвая федэральная акруга.
Прычына парадоксу ляжыць на паверхні. Яна даступная для разумення кожнаму, хто здольны расшыфраваць абрэвіятуру СВА — расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі.
Радуюць у гэтым годзе і спецыялісты па перавозцы грузаў, якія дадалі 19,7%. Для іх, мабыць, больш чым для кагосьці ў РФ, санкцыі адкрылі «акно магчымасцяў». Аднак гэты рост не з'яўляецца паказчыкам ажыўлення эканомікі. Ён — прамое наступства падаўжэння лагістычных ланцужкоў пры пераарыентацыі гандлю з суседзямі на Захадзе на гандаль з дружалюбнымі краінамі на Усходзе.
Што тычыцца беларускіх майстроў стырна і штурвала, то паўтарыць поспех сваіх расійскіх калегаў у іх не атрымалася — мінус 22% паказчыка, вымеранага ў мільёнах т. км. за першы квартал.
З Кітаем у Беларусі агульная сухапутная мяжа адсутнічае. Таму на павелічэнні таварных патокаў зарабляюць расіяне. А для гандлю з Індыяй патрэбны флот. На жаль, у самай вялікай па плошчы еўрапейскай дзяржавы, якая не мае выхаду да мора, ён адсутнічае.
За ўсё ў гэтым жыцці даводзіцца плаціць, і даражэй за ўсё абходзяцца геапалітычныя амбіцыі. Іх рэалізацыя патрабуе павелічэння вытворчасці гармат, што аўтаматычна вядзе да скарачэння вытворчасці алею. Інакш не бывае, бо закон захавання масы яшчэ нікому абвергнуць не ўдалося. Прывяду яго ў фармулёўцы Міхаіла Ламаносава: «Усе змены, якія сустракаюцца ў прыродзе, адбываюцца так, што калі да чаго-небудзь нешта дадалося, то гэта адымаецца ў чагосьці іншага» (глядзі ліст да Леанарда Эйлера ад 5 ліпеня 1748 года).
Відовішча, што раздзірае душу
Насуперак прагнозам ліберальных алармістаў, эканоміка Расіі ў 2022 годзе скарацілася на сціплыя 2,1%. Скарачэнне працягнулася і ў першым квартале 2023 года — мінус 2,2% у параўнанні з адпаведным кварталам мінулага года. Але Мінэканамразвіцця Расіі ў будучыню глядзіць з аптымізмам — і чакае па выніках года росту ВУП на 1,2%.
У Беларусі ж вынікаў не чакаюць — у нашай краіне найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця зацвярджаюцца ўказамі. У прыватнасці, ВУП загадана ў 2023 годзе вырасці на 3,8%, грашовым даходам насельніцтва — на 4,1%, інвестыцыям у асноўны капітал — на 2,3%, а экспарту тавараў і паслуг — на 5,5%.
Чалавек мяркуе, а рэальнасць уносіць свае карэктывы. У першым квартале беларускі ВУП знізіўся на 2,1%, інвестыцыі — на 2,8%. У студзені-лютым адмовіліся выконваць указ грашовыя даходы насельніцтва — яны скараціліся на 1,1%. Экспарт таксама ўзяў іх за прыклад — і адмінусаваў ад сябе леташняга 3,8%.
Такая дынаміка рубам паставіла пытанне пра драйверы эканамічнага росту. Іх пошуку не ў апошнюю чаргу была прысвечаная рабочая паездка ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці, якая адбылася 28 красавіка.Размове з актывам папярэднічаў аблёт Гомельшчыны на верталёце. Відовішча, якое адкрылася з ілюмінатара, разадрала душу адзінаму палітыку: «Непрыбраная салома, парослая травой арганіка. Безгаспадарных будынкаў і збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца, процьма. Належнага парадку пакуль няма. І самае небяспечнае, што і не прадбачыцца сёлета».
Дадайце да гэтага прыпіскі ў справаздачнасці — прычым разам з тым, што жывёлы здыхаюць, — і праблема драйвераў паўстане ў поўны рост. І гэта нягледзячы на праведзеную ў лістападзе мінулага года «даволі прадметную, дзесьці нават жорсткую нараду па стратэгіі развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці», на якой усе неабходныя акцэнты былі расстаўленыя, а ўсе падыходы ўзгодненыя.
Няма праблем і з амбіцыйнымі планамі на 2023 год. Яны былі даведзены да кіраўнікоў на месцах своечасова. Не адчувае вобласць і недахопу ў рэсурсах. Дык чаго ж не хапае? А не хапае традыцыйнага для беларускай мадэлі развіцця рэсурсу — дысцыпліны.
Гэта ў Расіі спіс галоўных бедаў абмяжоўваецца дарогамі і дурнямі. У Беларусі ж ні першая, ні другая бяда ў шорт-ліст не ўваходзяць. У нас яго ўзначальвае «разбэшчанасць», гэта значыць «элементарная расхлябанасць». Рэгулярна адрасаваная ўраду і «губернатарам» пагроза — «Паўтараць па 10 разоў я не буду», — выцягнуць воз элементарнага парадку з балота безадказнасці не ў стане.
Можам паўтарыць
Аднак жа вернемся да ВУП. Не той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне, кажа народная мудрасць. Таму ў мінусу першага квартала існуе рэальны шанец абярнуцца да канца года плюсам. Нездарма ж у кіраўнікоў Гродзенскай вобласці папярэднія вынікі пачатку года выклікалі асцярожны аптымізм.
Неабходна, аднак, памятаць, што ў галоўнага эканамічнага паказчыка маецца дэфект, які здольны сказіць сапраўдную карціну, незалежна ад методыкі падліку.
Самы папулярны прыклад для яго ілюстрацыі — гісторыя з двума землякопамі. Першы капае яму, другі яе закопвае. Абодва амаль у аднолькавай ступені ўносяць свой уклад у рост ВУП, вось толькі на дабрабыце насельніцтва такі рост станоўча адбіцца не здольны.
У ролі такога выкопвання-закопвання сёння выступаюць закрытыя артыкулы федэральнага бюджэту Расіі. Нешта падобнае, але ў маштабе, які зашкальваў усе разумныя межы, адбывалася і ў СССР.
Паводле даных Лонданскага інстытута стратэгічных даследаванняў, да 1978 года СССР меў 50 тысяч танкаў, краіны NАТО — 13,7 тысячы. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што мара Мікіты Хрушчова дагнаць і перагнаць ЗША па вытворчасці малака і мяса на душу насельніцтва так і не была рэалізаваная?
Не дапамаглі ні царыца палёў кукуруза, ні тарфяныя гаршчэчкі, ні пасадкі бульбы квадратна-гнездавым спосабам. Усе гэтыя тэхналагічныя прамудрасці аказаліся бяссільныя перад моцнай бранёй нашых хуткіх танкаў.
Аднак жа цуды здараюцца. Першая спроба аказалася няўдалай. Але нішто не перашкаджае нам паўтарыць. Аннушка ўжо разліла алей.