Анархісты Беларусі выказалі падтрымку недзяржаўным СМІ
Заяву салідарнасці з затрыманымі журналістамі і незалежнымі СМІ выпусцілі беларускія анархісты сёння зранку.
"Беларуская дзяржава, скарыстаўшыся фармальнай нагодай, запусціла чарговы каток палітычных рэпрэсій. На гэты раз для атакі былі абраныя журналісты і недзяржаўныя СМІ. Агулам было затрымана 6 чалавек, прайшло больш за дзясятак вобшукаў. Ужо некалькі месяцаў працягваецца жорсткі ціск на блогераў і журналістаў тэлеканала БелСАТ. Прычына: жаданне ўлады ўтрымаць манаполію на медыя, а значыцца, і умацаваць кантроль над розумамі грамадзян." — пішуць анархісты
"Ва ўмовах няспыннага эканамічнага крызісу, банкруцтва ўлады ў вырашэнні сацыяльных праблем, адсутнасці палітычных свабод, непадкантрольныя медыя з'яўляюцца для аўтарытарнай дзяржавы сапраўднай пагрозай, якая можа прывесці да рэвалюцыйнага выбуху" — лічаць аўтары заявы.
Мы не заўседы падзяляем пазіцыю і павестку недзяржаўных СМІ і крытычна ставімся да камерцыйнага складніку іх дзейнасці. Аднак лічым, што сённяшні пераслед накіраваны на абмежаванне магчымасці крытыкаваць уладу, на аказанне ціску і на запужванне ўсей журналісцкай супольнасці, з тым, каб яна перастала данасіць праўдзівую інфармацыю да грамадства.
"Свабода слова і друку з'яўляюцца безумоўным правам, і наступ на яго мусіць выклікаць у грамадства рашучы адпор. Доступ да інфармацыі мусіць быць свабодным і бясплатным, яна не мусіць быць сканцэнтраваная ў руках дзяржавы альбо любых іншых цэнтралізаваных структур" — лічаць анархісты.
Напаследак аўтары заявы запатрабавалі спыніць пераслед журналістаў і заклікалі ўсіх неабыякавых да салідарнасці.
Заява падпісаная шасцю анархісцкімі суполкамі: бібліятэкай "Вольная думка", ініцыятывамі "Бясплатная ярмарка-Мінск", "Сабатаж-дістра", групай "Анархічны чорны крыж Беларусь", анархісцкай групай "Прамень" і "Ежа замест бомбаў".