Азбука паліталогіі: Акукліванне як фактар глабальнай канкурэнтаздольнасці і бяспекі
Апошнім часам хадзіць па вуліцах Мінска станавіцца небяспечна, бо то тут, то там цягнуцца ланцужкі.
Спецыялісты вылучаюць два віды гэтых няхітрых вырабаў: ланцужкі лагістычныя і ланцужкі дабаўленай вартасці. Пра неверагодны рост іх папулярнасці сведчыць дынаміка колькасці артыкулаў, якія змяшчаюць адпаведныя фразеалагізмы ў «самай саліднай» газеце краіны.
Абмяжуюся лагістычнымі ланцужкамі: студзень — 3 артыкулы, люты — 10, сакавік — 43, красавік — 49, травень — 33 і за няпоўны чэрвень (з 1-га па 24-га) — аж 61 артыкул! З ланцужкамі дабаўленай вартасці назіраецца аналагічная дынаміка.
Яшчэ паўгода таму ні журналістаў, ні іх чытачоў такога кшталту рэчы не цікавілі. А сёння пра ўплыў разрыву ланцужкоў на дабрабыт простых грамадзян разважаюць нават бабулькі на лаве перад маім пад’ездам.Глабалізацыя, аднак. Гэта толькі здаецца, што яе можна ігнараваць. Як тут ні працытаваць Уладзіміра Пуціна: «Нравится, не нравится — терпи, моя красавица». Сказана тое было з іншай нагоды. Тым не менш у сучасным свеце мае поспех толькі той, хто здольны адшукаць свае персанальныя звёны як у лагістычных ланцужках, так і ў ланцужках дабаўленай вартасці.
Актуальнасць гэтай высновы для Беларускай мадэлі шматкроць павялічваецца. Па-першае, за кошт яе геаграфічнага становішча, якім да нядаўняга часу ў нас так ганарыліся. Па-другое, з-за экспартнай арыентацыі нашай прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Які ідыёт будзе гэта рабіць?!
Глабалізацыя — законнанароджанае дзіця падзелу працы. Таму не варта здзіўляцца, што з тэмы падзелу працы заснавальнік класічнай школы палітычнай эканоміі Адам Сміт (1723–1790) пачынае кнігу «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў».
Найбольшую цікавасць для майго опуса ўяўляе яе трэці раздзел — «Падзел працы абмяжоўваецца памерамі рынку». Працытую: «Калі рынак нязначны, ні ў каго не можа быць жадання прысвяціць сябе цалкам якому-небудзь аднаму занятку з прычыны немагчымасці абмяняць увесь лішак прадукту сваёй працы на неабходныя прадукты працы іншых людзей».
Гэтая ж думка была выказаная 14 чэрвеня 2022-га на нарадзе аб стане і развіцці мікраэлектронікі наступнымі словамі: «Нават у абароннай сферы мы пакуль яшчэ залежныя ад імпартных кампанентаў, асабліва тых, якія мы ніколі не будзем вырабляць у Беларусі ў сілу таго, што нам проста няшмат іх патрэбна, адзінкі, і ствараць ды абсталёўваць дзеля гэтага цэлыя заводы за мільярды долараў — які ідыёт гэта будзе рабіць?! Гэта проста нерэнтабельна».
Усё правільна. Растлумачу на пальцах.
Дапусцім, прынята рашэнне арганізаваць на тэрыторыі аднаго са свінакомплексаў вытворчасць ста сеялак-веялак вертыкальнага ўзлёту на год. Пагадзіцеся, ні сярэдняму, ні тым больш малому бізнесу задачу такой складанасці і такога аб’ёму не пацягнуць.
Аднак хто і калі мог запалохаць нас грандыёзнасцю задумаў?! Тым больш, што на маштабе вытворчасці можна будзе моцна зэканоміць.
Так яно, канешне, так — але толькі пры ўмове, калі большасць камплектуючых будуць пастаўляць партнёры, якія спецыялізуюцца на іх вырабе. Інакш буйнамаштабная вытворчасць складанага тэхнічнага абсталявання абернецца сумай саматужных вытворчасцяў асобных вузлоў (глядзі цытату пра ідыётаў).
Адсюль выснова: хочаш вырабляць канкурэнтныя не толькі па тактыка-тэхнічных, але і па цэнавых характарыстыках сеялкі-веялкі з вертыкальным узлётам — не канфліктуй з пастаўшчыкамі камплектуючых. Інакш трапіш пад санкцыі — і ўсе пачынанні накрыюцца медным тазам.
Прырода міждысцыплінарная. У рэальным жыцці няма мяжы паміж палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферамі. Таму аматарам архаічнай палітыкі не даводзіцца ў наш час разлічваць на поспехі ў эканоміцы.
І хочацца, і колецца…
Філасофска-гістарычная катэгорыя «восевы час», уведзеная ў навуковы ўжытак нямецкім філосафам Карлам Ясперсам, — паваротная эпоха, што праходзіла амаль адначасова (паміж 80 і 200 гадамі да нашай эры) у Кітаі, Індыі, Персіі, Палесціне і Грэцыі. Ясперс сцвярджаў, што восевы час — гэта ўніверсальная катэгорыя, якая не можа быць прывязаная да нейкай адной рэлігіі, хай нават і сусветнай.
«У гэтую эпоху, — тлумачыў філосаф, — былі распрацаваны асноўныя катэгорыі, якімі мы мыслім і па гэты дзень, былі закладзеныя асновы сусветных рэлігій, што і сёння вызначаюць жыццё людзей. Ва ўсіх напрамках здзяйсняўся пераход да ўніверсальнасці».
На жаль, выпрацаваная Канфуцыем, Лаа-цзы і прарокамі Ізраіля духоўная вось не стала ўсеагульнай. Многія народы і па гэты дзень застаюцца ў давосевым культурным стане, у той час як большасць еўрапейскіх народаў з канца XV стагоддзя падышла да фарміравання «другой восі», з яе ўніверсальнасцю навуковых ведаў і ўніверсальнасцю юрыдычных законаў (іх першаснасці ў адносінах да дзяржаўнай улады), з чаго натуральным чынам вынікае ідэя ўніверсальнасці грамадзянскіх правоў.
Звернемся да апошняй рэдакцыі беларускай Канстытуцыі. У яе прэамбуле народ пацвярджае «сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў». Аднак з апладысментамі спяшацца я б не рэкамендаваў. Прычына таму — Артыкул 4, згодна з якім «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы». І пра якую ўніверсальнасць пасля гэтага можна весці гаворку?
Для таго, каб канчаткова рухацца ў процілеглы ад еўрапейскага мэйнстрыму бок, сфарміраваны «другой воссю», архітэктарам беларускай мадэлі застаецца толькі адмовіцца ад універсальнасці навуковых ведаў. За апошні час у гэтым кірунку была праведзеная велізарная праца. Яе прамежкавы вынік плануецца падвесці ў канцы чэрвеня на IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Гродне.
На форуме запланавана 4-я секцыя, на якой кіраўнікі НАН РБ і РАН, шэрагу вядучых ВНУ дзвюх краін плануюць абмеркаваць тэму «адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Беларусі і Расіі як фактару забеспячэння глабальнай канкурэнтаздольнасці і бяспекі Саюзнай дзяржавы».
Словам, усё, як звычайна: і хочацца, і колецца… Перад намі — чарговая спроба інтэграцыі ў «другую вось» пры захаванні паралельна восі ўласнай. Усе папярэднія спробы прыводзілі толькі да часовага поспеху.