Абыякавасць і апатыя як гаранты бяспекі і незалежнасці

Да тэмы незалежнасці ў бягучым годзе ў сваіх выступах адзіны палітык звяртаўся неаднаразова. Але наколькі залежнасць пагражае незалежнасці? Дзіўнае і несур’ёзнае на першы погляд пытанне, на ўзроўні каламбуру. Аднак не ўсё так проста...

budaunictva_1_logo.gif

16 лістапада на нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы кіравання беларускай энергетыкай адзіны палітык (АП) дапусціў агаворку, якую на першы погляд можна прыняць за агаворку па Фрэйду: «Яе (энергасістэмы) стабільнасць — гэта вельмі важны элемент бяспекі і незалежнасці дзяржавы».

Спадзяюся, няма патрэбы тлумачыць ролю энергетычнай сістэмы ў нацыянальнай эканоміцы. Але пры чым тут дзяржава? Перш, чым паспрабаваць адказаць на гэта пытанне, неабходна разабрацца з тым, які сэнс варта ўкладаць у паняцце «дзяржава», і з тым, які сэнс у гэта паняцце ўкладвае АП.

Колькі людзей, столькі і меркаванняў. Паводле аднаго з заснавальнікаў паліталогіі Макса Вебера (1864–1920), дзяржава — гэта «арганізацыя, якая працяглы час утрымлівае манаполію легітымнага гвалту ў рамках пэўнай тэрыторыі і якая ажыццяўляе рэгуляванне гаспадарчага жыцця на гэтай тэрыторыі».

У манаполіі беларускай дзяржавы на гвалт сумнявацца не даводзіцца. Зразумела, існуюць і пэўныя выключэнні. Перыядычна адбываюцца брутальныя затрыманні апазіцыйных актывістаў людзьмі ў цывільным і без прад’яўлення дакументаў. Але нешта мне падказвае, што гэта не бандыты, а супрацоўнікі сілавых структур, што маскіруюцца пад іх.

Што да рэгулявання гаспадарчага жыцця, дык беларуская дзяржава не толькі лічыць рэгуляванне ўсяго, што яшчэ ў стане варушыцца ў эканоміцы, сваім абавязкам, але і сама з’яўляецца галоўным гаспадарчым суб’ектам у краіне. У гэтым яна недалёка адышла ад свайго савецкага папярэдніка.

З дапамогай машыны часу перамесцімся бліжэй да сучаснасці, што дазволіць нам пазнаёміцца з меркаваннем амерыканскага эканаміста, нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта: «Дзяржава — гэта агенцтва па прадастаўленні паслуг «бяспека і правасуддзе» ў абмен на падаткі».

Тыя, каму пашанцавала кантактаваць з «беларускай дзяржавай для народа», што называецца, «жыўцом», больш недарэчнага вызначэння і ўявіць сабе не могуць. Гэта ў Амерыцы дзяржава, магчыма, і з’яўляецца крыніцай права, але мы жывем не ў Амерыцы, а ў геаграфічным цэнтры Еўропы. У нас суддзі ў сваіх рашэннях кіруюцца, у першую чаргу, справядлівасцю, і толькі потым ужо правам. У праве (законе), як неаднаразова тлумачыў АП, «усё не прапішаш». Акрамя таго, заўсёды варта памятаць пра тое, што СПРАВЯДЛІВАСЦЬ ляжыць у аснове нашай ідэалогіі.

І з падаткамі гісторыя не пра нас. Мы не будзем ладзіць рэвалюцыю пад лозунгам: «Не падаткаў без прадстаўніцтва!», як гэта зрабілі амерыканскія каланісты ў канцы XVIII стагоддзя. Не адчуваем мы патрэбы ў прадстаўніцтве, што не перашкаджае нам рэгулярна галасаваць на выбарах усіх узроўняў. Але, зноў жа, выбары ў нас — і не выбары зусім, а экзамены, на вынікі якіх тыя, хто галасуе, вось ужо чвэрць стагоддзя ніяк паўплываць не могуць.

Каб разумець прыроду беларускай дзяржавы, бессэноўна звяртацца да мысляроў Захаду. У сваіх працах яны апісвалі дзяржавы, чыя цывілізацыйная ідэнтычнасць фармавалася пад уплывам рымскага права, грэчаскай філасофіі і хрысціянскай рэлігіі ў яе заходняй трактоўцы. Канчатковы ж свой выгляд дзяржавы ў Заходняй Еўропе прынялі ў працэсе Рэнесансу, Рэфармацыі і Асветніцтва.

У сучаснай беларускай дзяржавы іншы генезіс (паходжанне). Вось ужо амаль тры стагоддзі яна фармуецца пад уплывам «нашай Расіі», таму ў пошуках адпаведнага вызначэння паняцця «дзяржава», нам варта разгарнуцца на 180 градусаў і працытаваць расійскага эканаміста Алега Грыгор’ева: «Дзяржава — не ёсць інструмент кіруючага класа, яна і ёсць той самы кіруючы клас».

Пагадзіцеся, не проста цяплей, а горача!

$ 10 мільярдаў — сума салідная

Вернемся да цытаты АП ад 16 лістапада: «Яе (энергасістэмы) стабільнасць — гэта вельмі важны элемент бяспекі і незалежнасці дзяржавы». Усё правільна. Усё лагічна. Агаворка па Фрэйду тут і побач не стаяла.

Беларуская дзяржава — гэта група асоб, якія займаюцца адміністрацыйным бізнесам дзеля дасягнення сваіх мэтаў. Ніякіх іншых мэтаў у дзяржавы такога тыпу няма і быць не можа. Групу гэтых асоб стан эканомікі ў цэлым і яе энергасістэмы ў прыватнасці, безумоўна, хвалюе, бо наўпрост уплывае на ўзровень персанальных даходаў і на магчымасць заставацца на чале адміністрацыйнага бізнесу.

Асноўная пагроза стабільнасці беларускай энергасістэмы была выразна пазначаная АП у Пасланні–2018, і звязаная яна з будаўніцтвам АЭС, самым маштабным ($10 мільярдаў) праектам у гісторыі Беларусі. Цытую: «Працуюць сотні навукоўцаў, тысячы спецыялістаў у сістэме Мінэнерга і Мінбудархітэктуры, а мне дагэтуль выразна ніхто не далажыў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».

З дня гэтага неверагоднага прызнання прайшло паўгода. Ці дадалося выразнасці? Калі меркаваць па прэс-рэлізу лістападаўскай нарады, ураду яшчэ толькі трэба будзе распрацаваць «выразны і рэалістычны план пашырэння напрамкаў выкарыстання электраэнергіі ў прамысловасці, аграрнай сферы, транспарце, IT-сектары, ЖКГ, побыце і іншых галінах».

Такую задачу АП нарэшце ўсё ж паставіў, і гэта не можа не радаваць. Будаўніцтва АЭС ажыццяўляецца на крэдытныя грошы. $10 мільярдаў для беларускіх падаткаплацельшчыкаў — сума салідная паводле якіх-заўгодна мерак. Не група ж асобаў будзе расплачвацца са сваёй кішэні за непрадуманае рашэнне!


Беларусь — не Паўночная Карэя

Да тэмы незалежнасці ў бягучым годзе ў сваіх выступах АП звяртаўся неаднаразова. Але наколькі залежнасць пагражае незалежнасці? Дзіўнае і несур’ёзнае на першы погляд пытанне, на ўзроўні каламбуру. Аднак не ўсё так проста.

Возьмем, напрыклад, Сінгапур. У 2017 годзе з ВУП на душу насельніцтва ў $ 89 276.25 ён займаў трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу (па парытэце пакупніцкай здольнасці). Беларусь з $ 17 836.89 і 72-м месцам і побач не стаяла. Па долі экспарту да ВУП Сінгапур саступаў толькі Ганконгу — 187.64% і 219.62% адпаведна. У Беларусі гэты паказчык у мінулым годзе быў роўны 57,2%.

Але чым вышэй доля экспарту да ВУП, тым больш значная і залежнасць эканомікі ад знешніх фактараў. Адсюль выснова: хочаш быць незалежным, узвядзі «жалезную заслону» і варыся ва ўласным соку. Паўночная Карэя так і зрабіла. Яна з’яўляецца бясспрэчным сусветным лідарам па ступені незалежнасці. Аднак няма ліха без дабра, як і дабра без ліха, імя якому «голад».

Пасля распаду СССР, галоўнага спонсара паўночнакарэйскай самабытнасці, краіна рэгулярна балансуе на мяжы галадамору. Але з працягнутай рукой яе правадыр па свеце не ходзіць. Наяўнасць ядзернай зброі і балістычных ракет дазваляе яму атрымліваць міжнародную дапамогу шляхам шантажу.

Ці можна лічыць Паўночную Карэю незалежнай (самастойнай) дзяржавай? Адказ на гэта пытанне неадназначны. «Самастойная дзяржава, — тлумачыць расійскі паліттэхнолаг Цімафей Сяргейцаў, — гэта тая, якая можа рэалізоўваць палітыку, накіраваную на карысць сваёй тэрыторыі і насельніцтва. У гэтым сэнсе, калі ў вас мэты зыходзяць са свайго насельніцтва, са сваёй тэрыторыі, — вы самастойныя, вы можаце лавіраваць, уступаць у тыя ці іншыя ўзаемадзеяння. Але калі вы пачынаеце праводзіць пэўную палітыку, якая свае асноўныя мэтавыя сэнсы мае вонкі, — тады вы тэрыторыя пад пратэктаратам...»

Чыім-небудзь пратэктаратам тэрыторыя Паўночнай Карэі, безумоўна, не з’яўляецца, аднак маюцца вялікія сумневы ў тым, што Кім Чэн Ын праводзіць палітыку ў інтарэсах насельніцтва, што не перашкаджае насельніцтву быць лаяльным ужо да трэцяга прадстаўніка сямейства Кімаў.

Беларусь — не Паўночная Карэя. Адбіваецца ўплыў Еўропы, таму сваё права на ўладу група асоб (дзяржава) увесь час павінна апраўдваць праз сацыяльныя выплаты. Але сваіх грошай у дзяржавы няма. Яна раздае тое, што забірае ў насельніцтва ў выглядзе падаткаў або ў выглядзе рэсурсаў натуральнага паходжання. Такую палітыку прынята называць «патэрналізмам». У яе аснове ляжыць сацыяльны кантракт «лаяльнасць у абмен на рост даходаў».

Але патэрналізм — задавальненне не з танных, і таму ва ўмовах скарачэння «кармавой базы» лаяльнасць усё часцей даводзіцца замяняць на абыякавасць і апатыю, што дасягаецца шляхам падрыву магчымасці супрацоўніцтва грамадзян паміж сабой. Нічога новага і арыгінальнага ў гэтым няма. Максіму «падзяляй — і ўладар» не АП прыдумаў. Яе актыўна эксплуатавалі яшчэ кіраўнікі Старажытнага Рыма.

У атамізаваным грамадстве ва ўмовах татальнага недаверу розныя сацыяльныя групы, «саслоўі» і «карпарацыі» ўступаюць у барацьбу з дзяржавай і адна з адной не за свабоду і роўнасць магчымасцяў, а за кавалкі пірага са стала дзяржаўнага патэрналізму. Так званыя «канструктыўныя структуры грамадзянскай супольнасці» (БРСМ, ФПБ і падобныя да іх) выключэннем з агульнага правіла не з’яўляюцца. Тым больш, што на двары снежань — час актыўнай працы над Бюджэтам–2019.