ААН падтрымала Украіну, Беларусь — Расію
27 сакавіка Генасамблея ААН большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю аб тэрытарыяльнай цэланасці Украіны, у якой рэферэндум, што адбыўся ў Крыме, названы незаконным. Гэты дакумент падтрымалі 100 дзяржаў; 11 прагаласавалі супраць, у тым ліку Беларусь; 58 членаў Генасамблеі ўстрымаліся.
Як паведамляе газета "Коммерсант", у праекце рэзалюцыі сцвярджаецца: рэферэндум, што адбыўся ў Крыме 16
сакавіка, "незаконны і не можа служыць падставай для любога змянення статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым або горада Севастопаля". Суаўтары дакумента — імі
сталі Канада, Коста-Рыка, Германія, Літва, Польшча і Украіна — выказалі сваю "прыхільнасць суверэнітэту, палітычнай незалежнасці, адзінству і тэрытарыльнай цэласнасці Украіны
ў яе міжнародна прызнаных межах".
У дакуменце ўтрымліваецца заклік устрымлівацца ад дзеянняў, накіраваных на "падрыў нацыянальнага адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны". Відавочна, што звернуты
гэты заклік да Расіі, хоць наўпрост у тэксце дакумента яна не згадваецца. На думку аўтараў рэзалюцыі, расійскія ўлады прынялі Крым у склад РФ "шляхам пагроз прымянення сілы і іншых
незаконных дзеянняў". Цяпер, як гаворыцца ў дакуменце, неабходна ўрэгуляваць сітуацыю "шляхам прамога палітычнага дыялогу".
У рэзалюцыі гаворыцца і аб найлепшай рэакцыі на тое, што адбываецца, з боку міжнароднай супольнасці: аўтары дакумента заклікалі ўсе дзяржавы і міжнародныя
арганізацыі "ўстрымлівацца ад любых дзеянняў або крокаў, якія можна было б вытлумачыць як прызнанне змянення статусу Крыма і Севастопаля".
Акрамя Беларусі і Расіі, супраць рэзалюцыі выказаліся прадстаўнікі Арменіі, Балівіі, Венесуэлы, Зімбабвэ, Кубы, КНДР, Нікарагуа, Сірыі і Судана. "Вынік цалкам для нас добры,
маральную і палітычную перамогу мы атрымалі. Ужо, зразумела, ніякай гаворкі пра ізаляцыю Расіі ў гэтай сітуацыі быць не можа", — заявіў па выніках галасавання пастаянны
прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін.
Краіны Захаду раней спрабавалі прыняць аналагічную рэзалюцыю ў рамках Савета бяспекі ААН. Аднак 15 сакавіка Расія ў ходзе галасавання наклала вета на дакумент. У выніку праціўнікі далучэння Крыма да РФ вырашылі выказаць сваё меркаванне на Генасамблеі. Пры гэтым ў адрозненне ад рэзалюцый Савета бяспекі рашэнні Генасамблеі носяць рэкамендацыйны характар і не маюць юрыдычнай абавязковай сілы.
БелаПАН