950-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: асенні прызыў у РФ і новыя атакі ў Курскай вобласці

Ужо амаль тысячу дзён працягваецца захопніцкая вайна Расіі на ўкраінскіх землях. За мінулыя суткі расійцы абстрэльвалі Кіеўшчыну, Херсоншчыну і іншыя мірныя рэгіёны Украіны. У выніку абстрэлаў ёсць ахвяры і разбурэнні.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Расійскі ўрад плануе далейшае павелічэнне абаронных выдаткаў у 2025 годзе, хоць крамлёўскія чыноўнікі, падобна, падкрэсліваюць запланаваныя сацыяльныя выдаткі, пазбягаючы абмеркавання павелічэння выдаткаў на абарону, пішуць эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW)

Кабінет міністраў Расіі ўхваліў 29 верасня праект федэральнага бюджэту на 2025-2027 гады і падасць яго ў Дзяржаўную думу да 1 кастрычніка. У праекце бюджэту паказана, што федэральныя даходы Расіі, як чакаецца, вырастуць амаль на 12% у 2025 годзе ў параўнанні з 2024 годам, а доля нафтагазавых даходаў у федэральным бюджэце павялічыцца да 73%. 

Агенцтва «Bloomberg» паведаміла, што азнаёмілася з праектам трохгадовага бюджэту, які паказаў, што расійскі ўрад плануе выдаткаваць 13,2 трыльёна рублёў (каля 140 мільярдаў долараў) на абарону ў 2025 годзе — гэта больш, чым 10,4 трыльёна рублёў (каля 110 мільярдаў долараў), запланаваных на 2024 год. 

«Bloomberg» заявіла, што выдаткі Расіі на нацыянальную абарону і ўнутраную бяспеку ў 2025 годзе большыя, чым на адукацыю, ахову здароўя, сацыяльную палітыку і федэральную эканоміку разам узятыя. 

Як паведамляецца, Крэмль павялічыць выдаткі на засакрэчаныя артыкулы з 11,1 трыльёна рублёў (блізу 117 мільярдаў долараў) у 2024 годзе да 12,9 трыльёна рублёў (блізу 136 мільярдаў долараў) у 2025 годзе.

Прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін заявіў 24 верасня, што ўрад плануе выканаць «усе сацыяльныя абавязацельствы перад грамадзянамі» і адзначыў запланаваным фінансаванне медыцыны, пенсій і нацыянальных праектаў. 

Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў прызнаў, што «значныя рэсурсы» накіроўваюцца на «спецыяльную ваенную аперацыю» Расіі, але падкрэсліў, што 40 трыльёнаў рублёў (каля 424 мільярдаў долараў) пойдуць на 19 нацыянальных праектаў на працягу шасці гадоў — удвая больш, чым фінансаванне, выдзеленае на перыяд з 2019 па 2024 год. Сілуанаў таксама падкрэсліў, што Расія плануе выдаткаваць 180 мільярдаў рублёў (блізу 1,9 мільярда долараў) на мадэрнізацыю камунальнай інфраструктуры і льготныя іпатэчныя праграмы. 

ISW падкрэслівае, што крамлёўскія чыноўнікі, імаверна, асцерагаюцца стомленасці ад вайны сярод расійскага насельніцтва і спрабуюць падсілкоўваць грамадскую падтрымку вайны, падкрэсліваючы ўвагу Крамля да сацыяльных праектаў.

***

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб восеньскім прызыве: на вайсковую службу з 1 кастрычніка да 31 снежня забяруць 133 тысячы чалавек, піша расійскі «Інтэрфакс».

Гаворка ідзе пра грамадзян РФ ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, якія не знаходзяцца ў запасе і падлягаюць, у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам, прызыву на вайсковую службу.

Таксама, згодна з дакументам, трэба ажыццявіць звальненне з вайсковай службы салдат, матросаў, сяржантаў і старшынаў, тэрмін вайсковай службы па прызыве якіх скончыўся.

Як адзначыў намеснік начальніка арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба УС РФ Уладзімір Цымлянскі, «тэрмін вайсковай службы па прызыве не зменіцца і складзе 12 месяцаў, а адпраўка прызыўнікоў са зборных пунктаў спланаваная з 15 кастрычніка 2024 года».

Паводле слоў Цымлянскага, «усе прызыўнікі будуць накіраваныя для праходжання вайсковай службы ў пункты пастаяннай дыслакацыі злучэнняў і вайсковых частак на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі».

Цымлянскі паведаміў, што прызыў на вайсковую службу будзе ажыццяўляцца з 1 кастрычніка па 31 снежня 2024 года: «Выключэнне складуць грамадзяне, якія пражываюць у асобных раёнах Крайняй Поўначы і асобных мясцовасцях, прыраўнаваных да іх, дзе прызыў будзе праводзіцца з 1 лістапада па 31 снежня. Гэта звязана з кліматычнымі асаблівасцямі названых тэрыторый».

Ён паведаміў, што каля траціны прызыўнікоў трапяць у навучальныя злучэнні і вайсковыя часткі: «Пасля заканчэння навучання, у адпаведнасці з атрыманымі навыкамі, яны будуць накіраваныя ў войскі».

***

За мінулыя суткі на 10 кірунках фронту адбылося 153 баявыя сутыкненні, на Пакроўскім кірунку расійскія войскі атакавалі 9 населеных пунктаў 28 разоў, на Курахоўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 нападаў ворага, паведамляе Генштаб УСУ.

У ноч на 30 верасня расійцы нанеслі ўдар па Украіне 3 ракетамі розных тыпаў і 73-ма «Шахедамі», сілы абароны Украіны змаглі знішчыць 1 ракету і 67 дронаў, адзін «Шахед» паляцеў у кірунку Беларусі, яшчэ 3 былі лакацыйна страчаныя на поўначы краіны, адзін БПЛА застаецца ў паветры.

«У выніку супрацьпаветранага бою збіта адна кіраваная авіяцыйная ракета Х-59/69 і 67 варожых ударных БпЛА тыпу "Shahed" у Кіеўскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцях».

Паведамляецца, што «Шахеды» захопнікі запускалі з раёнаў расійскіх гарадоў Курск, Ейск, Арол, балістычную ракету «Іскандэр-М» — з акупаванага Крыма, кіраваную авіяцыйную ракету Х-59/69 — з паветранай прасторы часова акупаванай Запарожскай вобласці і супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31п — з паветранай прасторы над акваторыяй Чорнага мора.

Пры гэтым Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты Расіі — толькі за мінулыя суткі абясшкодзілі 1 250 захопнікаў і спалілі 27 артылерыйскіх сістэм і 5 танкаў. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 30.09.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 653 060 (+1 250) чалавек;
  • танкаў — 8 874 (+5) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 17 503 (+27) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 18 822 (+27) адз.;
  • РСЗА — 1 204 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 963 (+1) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 328 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 16 224 (+38) адз.;
  • крылатых ракет — 2 610 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 25 548 (+53) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 313 (+16) адз.

***

У ноч на 30 верасня вораг здзейсніў чарговую масіраваную начную атаку ўдарнымі дронамі па Кіеўшчыне, выклікаўшы пажары і пашкоджанні жылога дома, аднак пацярпелых няма, паведаміў старшыня Кіеўскай вобласці Руслан Краўчанка.

«Варожыя цэлі знішчаны. Пацярпелыя адсутнічаюць. Пападанняў у аб'екты крытычнай або жылой інфраструктуры не зафіксавана. 

Абломкі збітых цэляў зафіксаваныя ў 6 раёнах вобласці. У пяці раёнах вобласці ў выніку падзення абломкаў збітых цэляў узніклі ўзгаранні травянога насцілу і іржышча».

Паводле паведамлення паліцыі, у адным з раёнаў вобласці адбылося ўзгаранне жылога дома. Пажар лакалізаваны ратавальнікамі. У іншым — абломкі пашкодзілі могілкі.

***

У выніку абстрэлаў расійскіх войскаў па Вялікай Аляксандраўцы і Херсоне пацярпелі пяць чалавек, напісаў кіраўнік Херсонскай МВА Раман Мрочка.

У Вялікай Аляксандраўцы тры чалавекі атрымалі раненні з-за артылерыйскага абстрэлу. Сярод пацярпелых — двое мужчын 45 і 62 гадоў, а таксама 37-гадовая жанчына. Яны атрымалі выбуховыя траўмы і множныя аскепкавыя раненні тулава і галавы.

Таксама акупанты скінулі выбухны зарад з дрона ў прыгарадзе Херсона. Пацярпелі дзве жанчыны, 1952 і 1971 гадоў нараджэння. Іх шпіталізавалі з цялеснымі пашкоджаннямі.

***

У выніку расійскай атакі ў ноч на панядзелак пачаўся пажар на аб'екце крытычнай інфраструктуры ў Мікалаеўскай вобласці, заявіў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім. На якім менавіта аб'екце, ён не ўдакладніў, інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца.

Паводле яго слоў, ноччу ў Мікалаеўскай вобласці былі знішчаныя тры беспілотнікі тыпу «Shahed».

Расійскія вайскоўцы не каментавалі ўдар па Мікалаеўскай вобласці і іншых рэгіёнах Украіны ў ноч на 30 верасня.

***

Расійскія войскі выкарыстоўваюць максімальны спектр узбраення для ўдараў па Ваўчанскім агрэгатным заводзе, які нядаўна вызвалілі падраздзяленні Галоўнага ўпраўлення выведкі МАУ, паведаміўспікер аператыўна-тактычнай групоўкі «Харкаў» палкоўнік Віталь Саранцаў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона.

Паводле слоў афіцэра, сітуацыя на Харкаўскім кірунку застаецца складанай, праціўнік працягвае штурмавыя дзеянні ў кірунку пазіцый Сіл абароны Украіны. Самым «гарачым» застаецца Ваўчанск.

У прыватнасці, сітуацыя на тэрыторыі Ваўчанскага агрэгатнага завода пасля яго вызвалення і зачысткі байцамі ГУР з'яўляецца найбольш складанай і напружанай, таму што завод стаў мэтай нумар адзін для праціўніка. Паводле слоў Саранцава, нейкай тактычнай цэллю гэтае прадпрыемства для расійцаў не з'яўляецца, аднак яго страта была для іх магутным іміджавым ударам.

«Вораг спрабуе цяпер ужываць у той лакацыі максімальны спектр свайго ўзбраення. Ён прымяняе і цяжкую агнямётную сістэму ТГС-1а, і скідае КАБ. Гэта значыць, дзейнічае па стандартнай для сябе практыцы — знішчаць тое, што яму не дасталася».

***

Расійскія паблікі з выхадных пішуць пра новую хвалю нападаў РФ у Курскай вобласці. Наступы ідуць па трох кірунках.

Па-першае, атакаваныя ўкраінскія пазіцыі на поўдзень ад Глушкава з намерам адкінуць УСУ па-за мяжу.

Другі кірунак атакі — сяло Пляхава на поўдзень ад Суджы, дзе гэта сяло, якое ўтрымліваецца Украінай, як заяўляецца, спрабуюць акружыць, адрэзаўшы яго ад мяжы.

Таксама сёння расійскія паблікі паведамілі, што УСУ выцесненая з Вольгаўкі пад Карэнёвым.

Украіна гэтых страт не пацвярджала. На мапе «Deep State» змен у Курскай вобласці таксама не зафіксавана.

Пры гэтым украінскія вайскоўцы пацвярджаюць, што расійцы атакуюць, піша «Салідарнасць» са спасылкай на «Политику страны».

«Дрэннае веданне мясцовасці супраць нас. На Пляхаве, Борках і Спальным адчулі гэта ў поўнай меры. На Спальным страцілі хлопцаў. У праціўніка вельмі добра пастаўлена аэравыведка. У паветры ўвесь час нешта вісіць. Суперкам або "Зала"», — напісаў вайсковец Кірыл Сазонаў.

«Калі казаць пра сур'ёзную магчымасць выціснуць нас з Курскай вобласці — гэта кастрычнік і лістапад. Для гэтага сцягваюць сілы, рэзервы, у асноўным пяхоту і танкі. Цяпер, паводле ацэнак экспертаў, тут праціўніка каля 40 тысяч. Мае лічаць — ужо каля 55 тысяч», — дадаў Сазонаў.

***

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання амаль тысяча бібліятэк ва Украіне былі разбураныя або пашкоджаныя расійскімі войскамі, паведаміў упаўнаважаны па абароне дзяржаўнай мовы Тарас Крэмень.

Паводле яго, у выніку расійскай агрэсіі страчана больш за 200 мільёнаў украінскіх кніг.

Ва Украіне 30 верасня адзначаецца Усеўкраінскі дзень бібліятэк, і Крэмень заклікаў усіх жадаючых далучыцца да аднаўлення бібліятэчных фондаў і падтрымаць праект «Свабодныя чытаюць на ўкраінскай».

Ён прадугледжвае збор кніг на ўкраінскай мове для напаўнення бібліятэк у Мікалаеўскай, Херсонскай, Запарожскай, Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Сумскай абласцях.

***

Мінабароны Расіі паведаміла пра захоп населенага пункта Нялепаўка ў Данецкай вобласці.

«Падраздзяленні групоўкі войскаў "Цэнтр" актыўнымі дзеяннямі вызвалілі населены пункт Нялепаўка Данецкай Народнай Рэспублікі», — цытуе «Інтэрфакс» паведамленне Мінабароны Расіі.

Расійскія вайскоўцы таксама паведамілі пра адбіццё дзевяці нападаў УСУ на гэтым участку фронту, піша «Бі-бі-сі».

***

«Пасёлак Кастрычніцкі Белгародскага раёна падвергнуўся нападам БПЛА з боку УСУ. Пры выкананні баявых задач загінуў баец нашай самаабароны», — паведаміў кіраўнік Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.

Акрамя таго, яшчэ адзін мірны жыхар быў паранены, ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

«Паводле ўдакладненай інфармацыі, у пасёлку Акцябрскі ў выніку нападаў БПЛА параненыя чатыры мірныя жыхары», — напісаў пазней у «Тэлеграме» Гладкоў.